Планы Слуцка XVII – XIX стст.

Планы Слуцка XVII – XIX стст.

09.09.2013

Слуцку, які з"яўляецца адным са старэйшых гарадоў Беларусі, у 2016 г. споўніцца 900 гадоў. На жаль, мала што захавалася ад драўлянай архітэктурнай спадчыны, а таксама ад магутных фартыфікацый горада. Відаць, самай каштоўнае, чым можа пахваліцца Слуцак – гэта яго горадабудаўнічая спадчына: да цяперашняга часу добра захаваліся рэлікты планіроўкі і старой вулічнай сеткі, якая склалася цягам XV–XIX стст. На яе фарміраванне аказвалі ўплыў фактары горадабудаўнічага, сацыяльна-палітычнага і мілітарнага характару, якія вызначалі жыццё горада на працягу многіх стагоддзяў. Напрыклад, на планіроўку горада моцна паўплывала будаўніцтва умацаванняў у XVII ст. Да нашага часу ад фартыфікацый нічога не захавалася, аднак, напрыклад, вуліца Завальная, якая праходзіла з унутранага боку абарончага вала, пад рознымі назвамі захавалася да нашага часу на значнай працягласці. Такім чынам, сама планіроўка Слуцка з"яўляецца помнікам слаўнай гісторыі горада, таму варта імкнуцца да яе захавання і далейшага вывучэння на карысць далейшага арганічнага развіцця горада.

Слуцк быў адным з самых вялікіх прыватнаўласніцкіх горадоў у Вялікім Княстве Літоўскім: з канца XIV да пачатку XVII ст. ён належаў княжацкаму роду Алелькавічаў, а пазней, ажно да пачатку ХІХ ст. – Радзівілам. Яго ўласнікі клапаціліся аб упарадкаванні горада, што прывяло да з"яўлення шэрагу планаў горада ўжо ў XVII–XVIII стст. Шмат з іх паўстала па ініцыятыве расійскай адміністрацыі ў ХІХ ст. Цяпер яны расцярушаны па архівах Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, а, магчыма, і іншых краін. Некаторыя планы ўжо вядомыя даследчыкам і былі апублікаваныя, асобныя планы ўдалося знайсці аўтару. У гэтым артыкуле прадстаўлена кароткая характарыстыка найбольш цікавых з іх.

Найперш, хацелася б сцвердзіць, што Слуцак мае адзін з самых ранніх планаў сярод іншых гарадоў Беларусі. У альбоме малюнкаў канюшага Вялікага Княства Літоўскага князя Багуслава Радзівіла (1621–1669), захоўваецца план невядомага горада [1]. Як і ўвесь альбом гэты малюнак дасюль не быў прадметам сур"ёзнага даследавання, аднак параўнанне з пазнейшымі планамі Слуцка паказвае, што гэта план менавіта горада на Случы. На ім адлюстраваны бастыённыя ўмацаванні вакол Старога места з трыма брамамі (Капыльскай, Астроўскай і Ільінскай) і комплекс Верхняга і Ніжняга замкаў. З іншага боку ракі, у Новым месце, прамалявана сетка вуліц і дзве брамы без якіх-небудзь умацаванняў. Такім чынам, на момант стварэння гэтага плана не было ні бастыённых умацаванняў вакол Новага места, ні цытадэлі. Гэта дазваляе абмежаваць час стварэння плана 1655 г., калі паўстала цытадэль і пачалося насыпанне валоў вакол Новага места [2, s. 136]. Цалкам магчыма, што гэты накід мог паўстаць яшчэ ў раннія гады жыцця Багуслава Радзівіла. Дапамагчы датаваць гэты план можа больш дакладная атрыбуцыя ўсяго альбома малюнкаў князя, у якім, дарэчы, ёсць планы іншых гарадоў Беларусі.

Наступны па храналогіі план Слуцка аўтарства Якаба Фойгта паўстаў у 1704 г. Цікавай з"яўляецца сама асоба Фойгта. У асобных крыніцах ён згадваецца як слуцкі цэйгварт (зарадчык цэйхгаўза ці арсенала) [3] і камендант (верагодна, слуцкі) [4]. З часу Багуслава Радзівіла пры слуцкім гарнізоне меўся інжынер, які кіраваў будаўніцтвам гарадскіх фартыфікацый і павінен быў па замове ўладальніка рабіць план горада, на аснове якога той мог прымаць рашэнні адносна далейшага развіцця горада ці арганізацыі яго абароны. Такога кшталту планы, напэўна, рабіў архітэктар Багуслава Радзівіла Тэафіл Спіноўскі, які праектаваў фартыфікацыі вакол горада. У другой палове 1660-ых – пачатку 1670-ых гадоў у Слуцку абавязкі інжынера выконваў Густаў Адольф дэ ля Вале дэ Гоб. Захаваліся яго лісты да Багуслава Радзівіла за 1667–1669 гады [5]. У прыватнасці ў 1668 годзе ён падрыхтаваў і выслаў Багуславу Радзівілу план горада [6]. Пазней пасады вайсковага інжынера, цэйгварта, а таксама кіраўніка артылерыі часта сумяшчаліся. На пачатку XVIII ст. абавязкі ваеннага інжынера і цэйгварта і выконваў Якаб Фойгт. На яго плане 1704 г. былі адлюстраваны толькі фартыфікацыі, а таксама замкі, што было важна для арганізацыі абароны горада. На жаль, на ім не была паказана планіроўка горада.

У першай траціне XVIII ст. быў створаны план Слуцка, які змяшчаецца ў альбоме Ягана Георга Максіміліяна фон Фюрстэнхофа [7]. Гэты план мае надзвычайную каштоўнасць, бо на ім упершыню вельмі дакладна была адлюстравана планіроўка горада. На жаль, на ім не былі пазначаны межы асобных пляцаў мяшчан, аднак ужо на аснове выгляду вуліц можна рабіць некаторыя высновы аб развіцці Слуцка. Напрыклад, відавочным падаецца тое, што ў старой частцы горада па лініі вуліцы Зімнай яшчэ да ўзвядзення бастыённых фартыфікацый існавалі драўляна-земляныя ўмацаванні, у той час як Новае места і частка Старога места за ручаём Бычок раней не былі ўмацаваны.

Многія даследчыкі гісторыі Слуцка карысталіся расійскім планам, які паўстаў у канцы XVIII – пачатку ХІХ ст. і вядомы прынаймней ў трох варыянтах (два планы апубікаваны [8]). Акрамя вулічнай сеткі на ім пазначаны многія збудаванні і архітэктурныя комплексы, якія не захаваліся да нашага часу, аднак па якасці выканання і дакладнасці гэты план саступае плану Фюрстэнхофа. На аснове аналізу забудовы цытадэлі можна лакалізаваць час стварэння плана між 1791 і 1804 гадамі. Паводле інвентара 1791 г. на тэрыторыі цытадэлі быў створаны сіметрычны ансамбль з двух кардыгард, двух афіцын і палаца, пастаўленага па асі брамы [9]. Палац, які так і не быў дабудаваны да канца, хутка знік, таму яго няма на згаданым плане. А ў 1804 годзе цытадэль была перададзена пад фабрыку для вырабу салетры і забудова яе тэрыторыі змянілася [10].

У канцы XVIII – пачатку ХІХ ст. былі створаны яшчэ два планы. У параўнанні з папярэднім бачны пэўныя змены ў планіроўцы горада, таму можна ўпэўнена сцвярджаць, што яны паўсталі пазней. У прыватнасці з заходняга боку горада ў вале была прабіта дарога, якая вяла да новаўзведзеных будынкаў прысутных месцаў і казначэйства. Ізноў жа па забудове тэрыторыі цытадэлі можна вызначыць верхнюю граніцу іх стварэння – 1804 год. Адзін з гэтых планаў быў апублікаваны Міхасём Ткачовым [11]. На аснове гэтага плана даследчык аналізаваў фартыфікацыі горада, хаця па якасці план саступае ранейшым. Другі абрыс складзены землямерам Пятром Несцяровічам мае крыху іншы характар, аднак змяшчае тую самую інфармацыю, што і план апублікаваны Ткачовым [12].

У 1811 годзе значная частка Старога места паміж Капыльскай вуліцай, ручаём Бычок і рынкам згарэла. Таму па загадзе губернскага кіраўніцтва ў тым жа годзе быў падрыхтаваны новы план Слуцка, на якім быў нанесены праект перапланіроўкі знішчаных кварталаў [13]. У Варшаве захавалася копія абрысу перапланіроўкі Слуцка 1811 г. аўтарства Антонія Пароўскага [14]. У сувязі з перапланіроўкай часткі горада між Капыльскай вуліцай, рынкам і Бычком у 1811 г. былі падрыхтаваны два сітуацыйныя планы гэтай часткі горада [15]. На іх акрамя праекта новай вулічнай сеткі адлюстраваны стары падзел тэрыторыі на мяшчанскія пляцы, што надзвычай каштоўна для вывучэння горадабудаўніцтва Слуцка. Сітуацыя, якая склалася пасля перапланіроўскі 1811 г., адлюстравана на плане, ўпершыню апублікаваным Юрыем Ягоравым [16]. Гэтак сама планіроўка Слуцка выглядала і ў 1840 г., калі ў сувязі з яго продажам быў складзены план горада з ваколіцамі [17].

Фактарам, які моцна паўплываў на развіццё горада стала будаўніцтва маскоўска-варшаўскай шашы ў сярэдзіне XIX ст. Яна прайшла праз цэнтр Старога места і сфарміравала вось, якая дамінуе да цяперашняга часу. Напэўна ў сувязі з правядзеннем гэтай шашы паўстала ідэя больш грандыёзнай перапланіроўкі Слуцка, якая аднак так і не была рэалізавана [18]. Крыху пазней, у 1870 г., магчыма, у сувязі з чарговым пажарам была праведзена перапланіроўка і ўзбуйненне кварталаў між Капыльскай вуліцай і Бычком [19]. У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст., відаць, больш не праводзілася перапланаванняў вулічнай сеткі, і ў такім стане яна захоўвалася да Другой сусветнай вайны, калі горад быў дашчэнту спалены.

Акрамя планаў, дзе быў цалкам адлюстраваны горад, вялікую каштоўнасць маюць планы асобных частак горада, прадмесцяў, архітэктурных комплексаў ці асобных будынкаў. Адным з найбольш ранніх сярод такіх планаў з"яўляецца абрыс часткі цытадэлі з цэйхгаўзам 1662 г. аўтарства Казіміра Клакоцкага [20]. А больш чым праз два стагоддзі, у 1878 г., калі цытадэль была ўжо закінутая, з"явіўся яе апошні абрыс [21]. У кнізе І. Глебава прысвечанай слуцкай гімназіі быў надрукаваны план суседняга з цытадэллю участка т.зв. евангеліцкага фундуша 1865 г., а таксама план забудовы тэрыторыі слуцкай гімназіі 1901 года [22]. У ХІХ ст. былі зроблены таксама планы усіх прадмесцяў Слуцка [23].

Вышэй была прадстаўлена толькі частка планаў, якія ўжо былі апублікаваныя ці выяўленыя аўтарам ў архівах. Як бачна, матэрыялаў па Слуцку шмат, што стварае добры падмурак для далейшага даследавання горадабудаўнічай гісторыі горада. Гэта дапаможа паглыбіць веды па гісторыі аднаго з самых старажытных гарадоў Беларусі.


Спіс крыніц і літаратуры
1. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей – НГАБ). – Ф. 694. – Воп. 1. – Спр. 287. Альбом малюнкаў Багуслава Радзівіла. – Арк. 40.
2. Bogusław Radziwiłł. Autobiografia. / Tadeusz Wasilewski. – Warszawa, 1979.
3. Lietuvos Valstybinis Istorijos Archyvas (далей – LVIA). – F. 1280. – A. 1. – B. 2044. – P. 7–7v. Матэрыялы па арганізацыя ваеннай справы ў гарнізоне Слуцка пфальцграфа рэйнскага кн. Карла Філіпа.
4. Archiwum Głowne Akt Dawnych (далей – AGAD). – Archiwum Radziwiłłów (далей – AR). – Dz. VII. – Nr. 646. A. 1–2. Connotatia dział. B.m. i b.d.
5. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr.16828.
6. AGAD. – AR. – Dz. V. – Nr. 17469. K. Winkler do B. Radziwiłła. 24.I.1668, Słuck.
7. Белы, А. Планы гарадоў Беларусі з калекцыі Яна Георга Максымільяна фон Фюрстэнхофа. – Рэжым доступа: http://autary.iig.pl/bely/www/kartahrafija/materyjaly/furstenhof.htm. – Дата доступа: 05.08.2008.
8. Чантурия, Ю.В. Градостроительное искусство Беларуси второй половины XVI – первой половины ХІХ в. / Ю.В. Чантурия. – Минск, 2005.
9. НГАБ. – Ф. 694. – Воп. 2. – Спр. 7396. – Арк. 22–26. Inwentarz mebliow i wszelkich sprzętow w Zamku i Cytadelli najdujących się. 23.VII.1791.
10. LVIA. – F. 1280. – A. 1. – B. 2102. – P. 2. Opisanie budowli, znayduiącey się w cytadelli Słuckiey. 20.XI.1806; НГАБ. – Ф. 694. – Воп. 2. – Спр. 7491. – A. 16–16аб. Копія інвентара: НГАБ. – Ф. 694. – В.2. – Спр. 7491. – A. 16–16аб.
11. НГАБ. – Ф. 1477. – Воп. 1. – Спр. 2878. План Слуцка. Апублікаваны ў: Ткачоў, М.А. Замкі і людзі. / М.А. Ткачоў. – Мінск, 1991.
12. НГАБ. – Ф. 1477. – Воп. 1. – Спр. 2877. План Слуцка.
13. НГАБ. – Ф. 1477. – Воп. 1. – Спр. 2876. План Слуцка. 1811 г.
14. AGAD. – F. 402. – T. 452. – Nr. 21. План Слуцка. 1811 г.
15. AGAD. – F. 402. – T. 452. – Nr. 7 План часткі Слуцка. 1811; AGAD. – F. 402. – T. 452. – Nr. 12. План часткі Слуцка.
16. Егоров, Ю. Градостроительство Белоруссии. / Ю. Егоров. – Москва, 1954.
17. AGAD. – F. 402. – T. 452. – Nr. 22. План Слуцка з ваколіцамі. 1840 г.
18. Instytut Sztuki Polskiej Akademii Nauk. Archiwum. Nr. 3365. План Слуцка.
19. НГАБ. – Ф. 1477. – Воп. 1. – Спр. 2823. Праект на пабудову драўлянай яўрэйскай школы ў Слуцку. 1870 г.
20. AGAD. – AR. – Dz. VІІ. – Nr. 678. – А. 41. План цытадэлі ў Слуцку.
21. AGAD. – F. 402. – T. 452. – Nr. 11. План цытадэлі і прадмесця Калоніі ў Слуцку. 1878 г.
22. Глебов, И. Историческая записка о Слуцкой гимназии с 1617 до 1901 гг. / И. Глебов. – Вильно, 1903.
23. AGAD. – F. 402. – T. 452. – Nr. 2. План прадмесцяў Востроў і Паздзер. 1838 г.; AGAD. – F. 402. – T. 452. – Nr. 3. План прадмесця Востраў; AGAD. – F. 402. – T. 452. – Nr. 8. План прадмесця Сёлка. 1840; AGAD. – F. 402. – T. 452. – Nr. 10. План прадмесця Выгода. 1840.

Мікола ВОЛКАЎ

 

 

 

От администрации сайта.

Карты и планы г. Слуцка и прилегающих территорий вы можете посмотреть в разделе "Карты".