9 ліпеня адкрылася выстава работ групы слуцкіх мастакоў

9 ліпеня адкрылася выстава работ групы слуцкіх мастакоў

9 ліпеня ў Слуцкай галерэе мастацтваў імя Уладзіміра Сцяпанавіча Садзіна адкрылася выстава работ групы слуцкіх мастакоў – Гунефы Мацюшэнкавай, Кацярыны Паўленка, Сяргея Саламаціна, Ігара Ціткоўскага, Алега Шапеля. Таксама прадстаўлены па тры работы колішняга выкладчыка Слуцкай дзіцячай мастацкай школы, які цяпер жыве за межамі нашай краіны, Аляксандра Адоніна і ўдзельніка першых выстаў згаданай групы, якога, на жаль, не стала ў час эпідэміі кавіда, Ігара Клімава. 


У гэтым годзе спаўняецца 20 гадоў з пачатку дзейнасці Слуцкай галерэі мастацтваў – філіяла Слуцкага краязнаўчага музея. У сувязі з такой датай, установе быў зроблены падарунак. Былі падораны дзьве работы Аляксандра Адоніна (жывапісныя абстракцыі, прадстаўлены Ігарам Ціткоўскім. Перадача работ атрымалася сімвалічнай – як раз 9 ліпеня Аляксандр Адонін адзначаў свой дзень нараджэння). У фонд краязнаўчага музея таксама перайшлі тры жывапісныя работы Ігара Клімава (такое жаданне выказала мама мастака). 


Яшчэ адзін падарунак – работа слуцкага мастака Паўла Уласевіча, які працаваў у Слуцкай мастацкай майстэрні (філіял Мінскага мастацкага фонду) у 1960 – 1980-я гады. Гэта малюнак алоўкам – партрэт у поўны рост слуцкага мастака Льва Маліноўскага. Аўтарскі подпіс пад малюнкам сведчыць, што зроблены ён у 1952 годзе, на малюнку - удзельнік першай мастацкай выставы ў Слуцку, якая адбылася ў тым жа 1952 годзе. Тады ў выставе ўдзельнічалі таксама Павел Уласевіч, Уладзімір Садзін і Іван Федаровіч (першы брыгадзір мастацкай майстэрні). Гэта цікавая работа трапіла ў рукі мясцоваму краязнаўцу і калекцыянеру Уладзіміру Бойка, была ім перадана Ігару Ціткоўскаму. Па рашэнні абодвух у сувязі са згаданай датай работа Паўла Уласевіча, якая цяпер акрамя мастацкай каштоўнасці, мае і каштоўнасць дакумента ў мастацкай гісторыі Слуцка, перайшла ў фонд Слуцкага краязнаўчага музея.  
Цяперашняя выстава слуцкіх мастакоў працягнецца да канца лета.

аўтар артыкула: Ігар Ціткоўскі