Імя Героя Савецкага Саюза Захара Лышчэні прысвоена школе Любанскага раёна

Імя Героя Савецкага Саюза Захара Лышчэні прысвоена школе Любанскага раёна

02.06.2022

 

Імя свайго выпускніка ўстанова адукацыі (цяпер гэта Ямінскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа) насіла адразу пасля вайны. Падчас шматлікіх перайменаванняў на некаторы час яно знікла з назвы. Аднавіць гістарычную справядлівасць было вырашана ў Год гістарычнай памяці. 

 

Баявы шлях Захара Лышчэні пачаўся ў 1938 годзе — малады чалавек удзельнічаў у савецка-фінскай вайне. З верасня 1941 года яму давялося змагацца ўжо з фашыстамі. Будучы камандзірам разведкі Захар Лышчэня прайшоў амаль усю вайну. Прымаў удзел у найбольш кровапралітных баях: абараняў Сталінград, удзельнічаў у Курскай бітве, фарсіраваў Днепр, вызваляў Украіну, Польшчу. 

 

У лютым 1945 года яго дывізія вяла цяжкія баі каля сучаснага польскага Вроцлава. Камандзір аддзялення артылерыйскай разведкі гвардыі старшына Захар Лышчэня атрымаў заданне — трапіць у размяшчэнне праціўніка і сабраць даныя аб яго сілах, знаходжанні агнявых кропак. Разведгрупа на чале са сваім камандзірам паспяхова прайшла ў тыл ворага, устанавіла месцазнаходжанне батарэй праціўніка, захапіла двух «языкоў» і важныя дакументы. Аднак на зваротным шляху разведчыкі трапілі ў засаду. Моцна паранены, Захар Лышчэня прыняў рашэнне застацца і прыкрываць адыход сваіх баявых таварышаў, якія дзякуючы яго мужнасці змаглі даставіць свайму камандаванню і каштоўныя дакументы, і палонных немцаў. 

 

Схопленага акупантамі, Захара Лышчэню жорстка катавалі. Фашысты выразалі ў яго на грудзях зорку і павесілі. Аднак патрэбнай інфармацыі яны ад разведчыка не атрымалі. Цела чырвонаармейца было выяўлена нашымі войскамі падчас наступлення. Вайскоўцы годна пахавалі свайго баявога таварыша. 

 

Указам Прэзідыуму Вярхоўнага Савета СССР 27 чэрвеня 1945 гвардыі старшыні Захару Лышчэні пасмяротна прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза. Яго імя навечна занесена ў спісы 43-га гвардзейскага артылерыйскага палка, у якім ён ваяваў камандзірам аддзялення разведкі. У вёсцы Пласток у Любанскім раёне, дзе нарадзіўся мужны разведчык, у памяць аб гераічным земляку ўстаноўлены помнік. Яго імя носіць адна з вуліц раённага цэнтра. Цяпер — яшчэ і школа, дзе вучыўся разведчык.

 — Для ўстановы гэта знакавы дзень — вернута імя Героя, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай БАШКО. — Важна, што падрастаючае пакаленне захоўвае памяць, бо той, хто яе губляе, губляе сябе. Хто забываецца гісторыю, пасля па-новаму вучыць геаграфію. Каб гэтага не здарылася, трэба ганарыцца сваёй Бацькаўшчынай, ведаць яе мінулае і берагчы памяць пра тых, хто падарыў нам мірнае неба.

 

Падзяку калектыву навучальнай установы за памяць выказала сваячка Захара Лышчэні. Святлана Мурашка разам з іншымі роднымі Героя Савецкага Саюза перадала ў падарунак школе спартыўныя прыналежнасці. Іх прывёз кіраўнік Беларускага грамадскага аб"яднання ветэранаў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Іван Гардзейчык. З рук генерала чатыры выпускнікі Ямінскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа атрымалі гадзіннікі, а кіраўнік раённай арганізацыі Тамара Хаустовіч — медаль за асабісты ўклад у ветэранскі рух.

 

аўтар: Вераніка Канюта

фота: Уладзімір Бойка