Як прадпрымальнік захоўвае памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны
20.10.2021
Уладзіміра Бойку на Случчыне, а таксама ў суседнім Старадарожскім раёне перш-наперш ведаюць па яго справах. Менавіта пра такіх людзей кажуць — дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. У гэтым карэспандэнты «Звязды» пераканаліся, калі асабіста пазнаёміліся з прадпрымальнікам і краязнаўцам. І тут з народнай мудрасцю не паспрачаешся: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Што, дарэчы, мы і зрабілі.
Наш герой прапанаваў сесці ў аўтамабіль і праехаць па мясцінах, дзе летам 1941-га ішлі жорсткія баі. Тут, у раёне Слуцка і Старых Дарог, вайскоўцы 121-й стралковай дывізіі змагаліся з ворагам да апошняга...
Памяці стралкоў
У вайну ў трохвугольніку паблізу вёсак Рубяжы — Вярхуціна — Сінегава стаяў глухі лес. Дарог праз гушчар не было. Гэта цяпер мы перасякаем лес на машыне. Тады ж тэхніка тут была рэдкасцю: бой вялі ў асноўным пехацінцы.
Сілы былі няроўныя. 121-й дывізіі, якая не мела вопыту баёў, супрацьстаяла добра ўзброеная гітлераўская групоўка. Чырвонаармейцы адступалі. Зусім немалая частка дывізіі на чале з яе камандзірам генерал-маёрам Зыкавым адышла ў кірунку Гомеля. Большасць асабовага складу засталася тут, у слуцкіх і старадарожскіх лясах. Вайскоўцы не трацілі надзеі на дапамогу. Аднак яна так і не падаспела...
Як сведчаць гісторыкі, баі тут былі жорсткія. Выйшлі з акружэння або трапілі ў палон да ворага ў найлепшым выпадку паўтары-дзве сотні савецкіх салдат. Цяжка ўявіць, што для астатніх гэтыя прыгожыя сёння мясціны — з мяккім мохам пад нагамі, с маладым хвойнікам і высачэзнымі бярозамі, са смачным водарам апалага лісця і найпрыгажэйшымі спевамі птушак — сталі вялікай брацкай магілай.
Масавай эксгумацыі астанкаў чырвонаармейцаў тут не было да цяперашняга часу. Гэта задача на наступны сезон для 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны. З пошукавай групай імя Каржа, якая складаецца ўсяго з васьмі чалавек, Уладзімір Бойка ўздоўж і ўпоперак абышоў месцы баёў. Пошукавікі ведаюць не толькі канкрэтныя лакацыі, дзе спачываюць загінулыя воіны. Неабыякавыя да гістарычнай памяці пошукавікі знаходзяць і перадаюць у Старадарожскі гісторыка-этнаграфічны музей спадарожныя знаходкі: фрагменты зброі, аскепкі снарадаў, кубкі, флягі, значкі... Акрамя таго, яны ўстанаўліваюць новыя дэталі баёў.
Ідэя ўвекавечыць подзвіг вайскоўцаў дывізіі тут жа — у эпіцэнтры падзей, а цяпер проста ў глыбіні лесу — Уладзіміру Бойку прыйшла, калі паднялі астанкі першага салдата. Наш герой доўга абдумваў, як тое зрабіць. Месца разам з уладамі Старадарожчыны выбраў адразу: на невялікім пералеску каля лясной дарогі, у атачэнні маладога хвойніку. Дзякуючы аднадумцам дастаў з балота валун, пачысціў, устанавіў як помнік, на якім неўзабаве з'явілася і мемарыяльная дошка. Аднак нечага не хапала, і краязнавец паехаў з дырэктарам раённага музея па параду ў Мінск, у Рэспубліканскі мастацкі экспертны савет, якім кіруе Іван Міско. Народны мастак Беларусі прапанаваў Уладзіміру Бойку дапоўніць помнік сімвалічнай скульптурай, зробленай са знаходак на месцы баёў. Так тут з'явілася і кампазіцыя з гільзаў, аскепкаў міны, гарматнага кола, штыка ад вінтоўкі, каскі, дыска з кулямёта — усяго таго, што засталося як напамін аб загінулых салдатах.
— Помнік адкрылі ў дзень 80-годдзя першага бою дывізіі на старадарожскай зямлі: сёлета, 6 жніўня, — расказвае Уладзімір Бойка. — Астанкі мы разам з вайскоўцамі 52-га пошукавага батальёна паднялі, з уладамі раёна перапахавалі, адзначылі гэта ў адпаведных дакументах. Каб засталася памяць, трэба было нешта рабіць.
І ён зрабіў — пра тое сведчыць помнік. Людзі цікавяцца, з якой нагоды апошні пастаўлены. Падышла да манумента і Ала Уладзіміраўна, якая збірала грыбы побач. Уважліва прачытаўшы надпіс, жанчына спытала: «Як прайсці на комплекс?»
Турыстычны маршрут
«Комплексам» мясцовыя завуць мемарыял, таксама прысвечаны 121-й стралковай дывізіі. Створаны ён быў даўно, яшчэ за савецкім часам. Але пра яго мала хто ведае, а калі і чуў, то наўрад ці без правадніка туды дабярэцца. Размясціўся комплекс у лясной глушы: ні вёскі ніякай побач, ні больш-менш нармальнай дарогі. Але дзякуючы Уладзіміру Бойку, які тут ведае кожны квадратны метр, мы туды ўсё ж такі трапілі.
На гэтым месцы падчас вайны знаходзіўся штаб 121-й стралковай дывізіі. Штабны бліндаж (вядома, адноўлены) быццам чакае сваіх гаспадароў, якія не вярнуліся з бою. Напагатове — кулямёт «Максім» (краязнавец зрабіў копію, бо арыгінал украілі), палкавая гармата. Тут і жалобныя скульптуры, і акопы — усё яшчэ раз вымушае задумацца аб трагедыі, якую прынеслі на нашу зямлю акупанты, аб подзвігу савецкіх салдат, якія палажылі тут свае жыцці, каб іншыя пакаленні не ведалі, што такое вайна.
У гэтым заслуга і бацькі Уладзіміра Бойкі. На фронт яго прызвалі ў 1944-м, пасля вызвалення Беларусі. Прайшоў Польшчу, дайшоў да Германіі, у 1946 годзе аднаўляў Сталінград. Да канца жыцця ён успамінаў, што ў горадзе не было ніводнага жывога месца: ні ваяваць, ні, тым больш, жыць там было немагчыма. «Дзед партызаніў, — гаворыць краязнавец. — Апошнім разам прыскакаў на кані дахаты падчас аперацыі «Баграціён». Больш яго ніколі не бачылі. Не ведаем нават яго магілы...»
Уладзімір Бойка лічыць, што па такіх мясцінах абавязкова трэба праводзіць экскурсііі. Асабліва, на яго погляд, гэта актуальна цяпер, калі пачалі перапісваць гісторыю, калі гераізм савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне аспрэчваецца, а мірных людзей, якія сталі ахвярамі генацыду, увогуле не лічаць за патрэбнае згадваць.
— Каля Мінска ёсць «Лінія Сталіна», а чаму б нам не зрабіць лінію Старадарожчыны, Случчыны? — мяркуе Уладзімір Бойка. — Тут пустуе пяць гектараў зямлі, засталіся акопы. Трэба толькі правільна арганізаваць прастору. Турыстычны маршрут варта прадумаць абавязкова, бо самастойна сюды мала хто паедзе. А пабываць у гэтых мясцінах, асабліва дзецям, неабходна — яны павінны ведаць сваю гісторыю, ганарыцца тымі, дзякуючы каму мы сёння жывём у мірнай і спакойнай краіне.
У роднай вёсцы
Уладзімір Бойка не толькі рупіцца аб справе захавання гістарычнай памяці, уласным прыкладам паказваючы, што дзеля таго трэба рабіць. Ён не на словах, а на справе любіць сваю родную вёску. У Вясеі, што за некалькі кіламетраў ад Слуцка, нарадзіўся, рос, тут жыве і цяпер. І ні на які горад ніколі не прамяняе на сваю малую радзіму. Тут жыве яго маці, якая неўзабаве адзначыць свой 90-гадовы юбілей, у вёсцы пабудаваўся і сын.
«Вёску трэба захоўваць, бо іначай не будзе будучыні», — перакананы Уладзімір. І гэта, зноў жа, не проста словы. Яго ўласны ўклад у захаванне роднай Вясеі мала назваць важкім. У свой час прадпрымальнік прыклаў намаганні, для таго каб у вёсцы з'явілася дарога: тут жылі ветэраны, а ім, на яго думку, лепш хадзіць па асфальце, чым па пяску. Цяпер, калі хтосьці набывае ў вёсцы хату, Уладзімір бязвыплатна дапамагае з тэхнікай — галоўнае, каб людзі тут заставаліся.
Не абыходзіць увагай і школу, дзе вучыўся. Да яе стагоддзя мужчына паставіў у школьным двары памятны камень, стварыў мемарыяльную шыльду, якую прысвяціў вядомаму выпускніку — Канстанціну Давідоўскаму, што ў складзе атрада касманаўтаў першы ў Савецкім Саюзе кіраваў месяцаходамі. Запрашае ў школу вядомых людзей, цікавых суразмоўнікаў.
Мецэнат, калекцыянер
Уладзімір Бойка — увесь час у руху, ён ніколі не сядзіць без справы. Гэта, відаць, з дзяцінства. Бацькі-калгаснікі заўжды былі за работай. Яны з братам з малых гадоў дапамагалі ім па гаспадарцы, змалку былі прывучаныя да працы.
Лёс яго асабліва не песціў. Пасля школы Уладзімір вырашыў паступіць ва Львоўскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча. Аднак мара стаць прафесійным журналістам не спраўдзілася — здарылася непрыемная сітуацыя, і ён вярнуўся ў вёску. Аднак без справы доўга не сядзеў. Паступіў у вучылішча будаўнікоў у Мінску, адначасова вучыўся на радыётэхніка на ваенным заводзе — і вельмі хацеў у армію.
— Цётка маёй маці прайшла ўсю вайну, была суддзёй рэспубліканскага значэння, шмат каго ведала, нават з Жукавым сябравала, — расказвае Уладзімір Бойка. — Я неяк прыйшоў да яе і папрасіў, каб дапамагла хутчэй трапіць на службу, ды яшчэ туды, каб было цяжка. Хлопец я быў фізічна моцны, таму лёгкая служба была проста не для мяне.
Просьбу юнака аўтарытэтная сваячка выканала — і Уладзімір трапіў у Печы, у разведбатальён. Пасля пэўнага перыяду навучання яго разам з некалькімі саслужыўцамі накіравалі ў Кубу, аднак у самым аэрапорце развярнулі і пасадзілі на іншы рэйс — ляцелі ў Азербайджан. У той час там была напружаная сітуацыя на іранскай граніцы.
Пасля дэмабілізацыі паступіў у Мінскі радыётэхнічны тэхнікум. Паралельна працаваў — займаўся рамонтам электрычнасці і сігналізацый. А потым вырашыў стварыць сваю справу: Уладзімір Бойка — адзін з першых прадпрымальнікаў у Слуцку. Рамонтам машын першапачаткова займаўся на бацькоўскім падворку. Былі «ліхія 90-я»: што такое бандытызм, зведаў на сабе. І нават толькі з вышыні ўласнага вопыту мае права казаць: «Лепш, чым мы ў Беларусі, мала хто жыве».
— Калі я служыў у арміі, адзін добры камандзір сказаў мне: трэба ўмець не толькі зарабляць грошы, а і аддаваць, — згадвае прадпрымальнік. — І прывёў як прыклад сваю маму, якая заўжды давала капейку на добрыя справы.
Па такім прынцыпе цяпер жыве і случчанін. Яго «дэбют» у дабрачыннасці — помнік удзельнікам вайны ў Афганістане. Цяпер у цэнтры горада, па вуліцы 14-ці партызан, з нагоды кожнай памятнай даты каля помніка збіраюцца «афганцы».
А яшчэ герой публікацыі добра ведае гісторыю Случчыны. Каб дзяліцца сваімі ведамі, унікальнымі фотаздымкамі (а іх ва Уладзіміра звыш 10 тысяч), ён стварыў сайт «Спадчына Слуцкага краю», а сваю кнігу «Дзень Перамогі ў нас не адабраць!» падарыў у кожную школу і бібліятэку горада і раёна. Акрамя таго, мясцовы актывіст разам са сваім сябрам Вячаславам Коршакам стварае прыгожыя песні. Гэта дазваляе Вячаславу, які рана стаў інвалідам, не страціць прагу да жыцця. Нягледзячы на тое, што жыве ён далёка, сваю песню «Дзень Перамогі ў нас не адабраць!» прэзентаваў у родным горадзе.
Скажаце, у сучасным свеце такіх дабрадзеяў, як Уладзімір Бойка, не бывае? Прыязджайце на Случчыну — пераканаецеся, што і ў наш няпросты час знаходзяцца людзі, для якіх, як дыхаць, натуральна дапамагаць іншым, а таксама важна захоўваць памяць пра тых, хто загінуў за наш сённяшні светлы дзень.
Вераніка Канюта
Фота Яўгена Пясецкага