Акцыя «Мы з табой, ветэран!» праходзіць на Міншчыне
15.04.2020
Акцыя «Мы з табой, ветэран!», прымеркаваная да 75-годдзя Вялікай Перамогі, праходзіць у Мінскай вобласці, у тым ліку і на Случчыне. Ветэранам Вялікай Айчыннай вайны напярэдадні адметнай даты ўручаюць падарункі.
У рамках акцыі да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны маёра ў адстаўцы Міхаіла Ціханавіча Дзюбы (на здымку) днямі завітала псіхолаг Слуцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Віктараўна Сучок, павіншавала з надыходзячым святам Вялікай Перамогі, уручыла прадуктовы набор.
Наш слаўны, паважаны, дарагі Міхаіл Ціханавіч. 98 гадоў яму, а якая выпраўка – залюбавацца. Чалавек-легенда, іначай не скажаш: ураджэнец кубанскай зямлі, выхадзец з казацкай сям"і, трапіў на фронт у хуткім часе пасля школьнага выпускнога, беспамылкова страляў у варожую тэхніку з 50 метраў, за вайну адрамантаваў больш за 30 танкаў, Перамогу сустрэў у Кёнігсбергу. Ён служыў у 47-м конна-артылерыйскім дывізіёне. Адзін з яго першых баёў прайшоў пад станіцай Семікаракорскай. Байцы 47-га конна-артылерыйскага дывізіёна дзесяццю пушкамі і шасцю мінамётамі падбілі тады два дзясяткі танкаў! У баі Міхаілу адарвала фалангу пальца левай рукі, але ён заціснуў рану, працягваў бой.
Яму давялося перажыць яшчэ многа страшных баявых сражэнняў, перанесці не адно раненне і кантузію, але ён заўсёды адважна сустракаў любое выпрабаванне.
Міхаіл Ціханавіч Дзюба ўдзельнічаў у абароне Каўказа, вызваленні Таліна, Крыма, Прыбалтыкі, Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Свой баявы шлях закончыў у складзе праслаўленага 29-га танкавага корпуса. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Вялікай Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй», «За абарону Каўказа» іншымі ўзнагародамі.
– Набліжаецца 75-годдзе Вялікай Перамогі, гэта вельмі важная падзея, якую мы, ветэраны вайны, чакаем з асаблівым хваляваннем. Падчас сустрэч з моладдзю я расказваю, як цяжка здабывалася Перамога, як важна разумець яе сапраўднае гістарычнае значэнне, берагчы мір, – адзначыў Міхаіл Ціханавіч. – Прыемна, што ў Беларусі, у тым ліку ў нас на Случчыне, ветэранаў не забываюць, шануюць, аказваюць дапамогу і падтрымку.
Акцыя «Мы з табой, ветэран!» стартавала 3 красавіка. Харчовыя наборы ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якіх у Мінскай вобласці 650, дастаўляюць работнікі сацыяльнай службы (для забеспячэння эпідэміялагічнай бяспекі пажылых людзей прыходзяць у масках, прадэзінфіцыраваных пальчатках). На Случчыне работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва даставяць прадуктовыя наборы 46 ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Дапамогу ў фарміраванні харчовых падаркаў аказалі прадстаўнікі бізнесу, у тым ліку гандлёвай сеткі «Евроопт».
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.