«Дудка беларуская»

«Дудка беларуская»

25.02.2013

Нядаўна нашаму сайту зрабіў падарунак мецэнат з Любані. Ён падарыў нам складанку вершаў Мацея Бурачка «Дудка беларуская». Кніга была знойдзена на гарышчы пры разборцы трухлявай хаты ў адной з вёсак Любанскага раёна. Верагодна, гімназіст прыязджаў на пабыўку з бібліятэчнай кнігай і забыў яе, калі з'язджаў. Так і праляжала яна шматлікія гады…

Гэту кнігу выпусціў у 1921 годзе Уладзіслаў Знамяроўскі – беларускі грамадска-палітычны дзеяч, рэдактар і выдавец. Паходзіў з Латгаліі. Скончыў у Вільні гандлёвую школу.

У 1920-х – 1930-х гадах меў у Вільні прыватнае выдавецтва. Выдаваў беларускую арыгінальную і перакладную літаратуру, падручнікі, слоўнікі. Агулам выдаў 21 беларускамоўную кнігу. Рэдагаваў шэраг беларускіх віленскіх газет. У 1919 годзе ён выступiў як адзiн з рэдактараў газеты «Беларуская думка» (28 красавіка – 27 ліпеня, забаронена палякамi). У 1920-м з №3 – рэдактар-выдавец адноўленай «Нашай Нівы». У 1920 – выдавец газеты «Незалежная думка» (забаронена палякамi). Быў рэдактарам «Крыніцы» (з 30 кастрычніка 1921 года да снежня 1923 года), за што быў прыцягнуты да судовай адказнасці. У 1923 годзе – рэдактар-выдавец газеты «Воля народу» (21 – 25 кастрычніка; выйшла 2 нумары).

У 1922 годзе ахвяраваў на часопіс «Новы Шлях» Беларускага Студэнцкага Саюза 10 000 польскіх марак.

У 1928 годзе прыцягнуты да суда за «Беларускага дэкламатара» за перадрук некаторых вершаў Купалы і Цёткі.

Паводле некаторых звестак, пасля Другой сусветнай вайны з"ехаў у Польшчу.



Аўтар вершаў – Францішак Бенядзікт Казіміравіч БАГУШЭВІЧ (21 сакавіка 1840, Віленская губ. – 28 красавіка 1900; псеўданімы: Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава) – беларускі грамадскі дзеяч, паэт, празаік, публіцыст і перакладчык. Адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, яе класік.

Літаратурная творчасць і грамадская дзейнасць Ф. Багушэвіча абуджалі нацыянальную самасвядомасць беларусаў, яго ідэйная спадчына з'явілася фундаментам ідэалогіі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку XX стагоддзя.

Францішак Багушэвіч нарадзіўся ў фальварку Свіраны, каля Вільні (сучасная Літва) у сям'і выхадцаў з дробнай шляхты Казіміра і Канстанцыі (у дзявоцтве – Галаўня) Багушэвічаў. Доўгі час лічылася, што двор гэты арандаваўся бацькам паэта. Але Свіраны належалі Галаўням, з роду якіх паходзіла маці, Канстанцыя. Яна і паехала да сваіх бацькоў-дзядоў нараджаць ім чарговага ўнука (першым быў сын Уладзіслаў-Антон, старэйшы за Францішка на чатыры гады).

У перыяд паміж 1841 і 1846 гадамі сям'я перабралася ў спадчынны маёнтак Кушляны Ашмянскага павета, які належаў Багушэвічам з сярэдзіны XVIII стагоддзя. Паводле купчай, запісанай у актавыя гродскія кнігі Ашмян 13 сакавіка 1749 года, продак паэта Антон Багушэвіч за 450 польскіх злотых «набыў маёнтак Кушляны або Мігуцяны» з сялянамі ад Кунцэвічаў.

Перш чым прапісацца на Ашмяншчыне, род Багушэвічаў на пачатку XVIII стагоддзя абжываўся ў Полацкім ваяводстве. Паводле архіўных матэрыялаў, 7 чэрвеня 1729 года  Міхал Савіцкі падпісаў дарчую, згодна з якой маёнтак Шкірлава або Бароўшчына з вёскамі Хвашчаны і Мышкавічы (разам з сялянамі) у Полацкім ваяводстве падараваў швагру свайму Юрыю Аўгусцінаву Багушэвічу і яго сыну Казіміру, а іншых яго сыноў Антона і Франца Багушэвіча «грашыма адарыў».

Продкі Ф. Багушэвіча перабіваліся не толькі з зямельнага арандатарства, але служылі і ў войску (прадзед Казімір у 1783 годзе атрымаў чын ротмістра Ашмянскага павета, Аляксандр стаў ротмістрам Літоўскай кавалерыі). Бацька ж паэта жыў выключна з зямлі і паводле «ўводнага акта» ад 1 ліпеня 1837 года стаў валодаць маёнткам Кушляны з 34 сялянскімі душамі.

Сваякі паэта яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя (па рэвізіі 1795) былі запісаны шляхтай Віленскай губерні, а ў 1830 і 1845 гадах іх шляхецкія прывілеі пацвердзіў сенат геральдыі. Уладзіслаў-Антон (1835 г. нар.), Франц-Бенядыкт (1840 г. нар.), Валяр'ян-Язэп (1841 г. нар.) і Апалінар (1846 г. нар.), сыны Казіміра і Канстанцыі Багушэвічаў былі запісаны ў першую кнігу мясцовай геральдыі.

Дзіцячыя гады пісьменніка прайшлі ў асяроддзі блізкім да сялянскага.

Пачатковую адукацыю Ф. Багушэвіч атрымаў у Віленскай гімназіі, якую скончыў 26 ліпеня 1861 года. Падчас навучання асаблівую цікавасць выказваў да славянскіх моў, матэматыкі і заканадаўства. Яшчэ гімназістам Ф. Багушэвіч не застаўся абыякавым да гісторыі і культуры краю, усталяваў сувязі з музеем старажытнасцей у Вільні, перадаўшы туды ў 1865 годзе некалькі прадметаў краязнаўча-археалагічнага характару.

У тым жа годзе паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт, аднак праз два месяцы быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях.

Вярнуўся на радзіму, працаваў настаўнікам у в. Доцішкі Лідскага павета (цяпер – Воранаўскі раён) у школцы, адкрытай уладальнікам маёнтка Аляксандрам Звяровічам. Уступіў у мясцовае рэвалюцыйнае таварыства «пянтковічаў».

Актыўны ўдзельнік паўстання 1863 – 1864 гадоў , быў паранены ў баі ў Аўгустоўскіх лясах. Яго бацька, сястра і брат Апалінар дапамагалі рэвалюцыянерам.

Ратуючыся ад рэпрэсій, вымушаны быў хавацца, а потым пераехаў на Украіну. 7 мая 1865 года ён падаў заяву з просьбай аб навучанні ў Нежынскім юрыдычным ліцэі. Яго прашэнне аб вызваленні ад платы за навучанне не была задаволена «з прычыны адсутнасці вакансій». Нежын быў абраны Багушэвічам невыпадкова: падчас яго вучобы тут працаваў старшым лектарам сваяк па маці Аляксандр Галаўня. Новаспечаны ліцэіст імкнуўся зарабляць на жыццё рэпетытарствам.

Вучоба скончылася 26 ліпеня 1868 года. 17 жніўня, калі Багушэвічу выпісвалі атэстат, ён ужо знаходзіўся на службе ў Чарнігаве, адкуль у 1869 годзе перавёўся ў Кралявецкі павет (цяпер Сумская вобласць) судовым следчым. Праз два гады (за гэты час ён папрацаваў у Старадубскім павеце) зноў быў у Чарнігаве, але не затрымаўся надоўга, яшчэ раз змяніўшы месца працы: 21 ліпеня 1871 года загадам Міністэрства юстыцыі ён быў прызначаны судовым следчым у Гразявецкі павет Валагодскай губерні. Праз год ён вяртаецца на Украіну, каб сем месяцаў папрацаваць старшым следчым Барзнянскага павета і перайсці на службу ў Канатоп.

У 1883 годзе каранацыя новага імператара Аляксандра IIІ суправаджалася шырокай амністыяй: тысячы паўстанцаў, у тым ліку Багушэвіч, вярнуліся на радзіму. 2 лютага 1884 года ён падаў прашэнне ў Нежынскі акруговы суд з просьбай звольніць са службы – фактычна, пайсці ў адстаўку. Кавалер ордэна Святога Станіслава 3-й ступені, калежскі саветнік, падарваў да гэтага часу здароўе, не нажыў капіталу і пад старасць спрабаваў зарабляць прыватнай адвакацкай практыкай. 25 сакавіка Ф. Багушэвіч вяртаецца ў горад сваёй маладосці – Вільню. Цяпер ужо не адзін, а з жонкай Габрыэляй з дому Шклёнікаў, мінчанкай, з якой узяў шлюб у 1874 годзе, меў дачку Канстанцыю (Туньку) і сына Тамаша Вільгельма.

Працаваў у судовай палаце. Асноўнымі кліентамі яго былі сяляне і гарадская бедната. Пісаў артыкулы ў часопіс «Kraj» («Край»). Менавіта ў віленскі перыяд разгарнулася яго літаратурная і публіцыстычная дзейнасць.

Дарункам лёсу была для Францішка Багушэвіча спадчына, атрыманая ім пасля смерці варшаўскага сваяка Тадэвуша ў 1896 годзе. Паэт здолеў разлічыцца з пазыкамі, адбудаваць нанова занядбаную бацькоўскую сядзібу ў Кушлянах. 20 мая 1898 года Ф. Багушэвіч напісаў заяву на фактычнае вызваленне ад абавязкаў прысяжнага паверанага пры Віленскім акруговым судзе. Ён кінуў службу ў царскім судзе, дзе наспеў востры канфлікт з некаторымі калегамі і начальствам, каб аддацца творчай працы.

Пасля звальнення жыў у в. Кушляны (цяпер Смаргонскі раён), дзе і памёр. Пахаваны ў вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна.

Пры жыцці паэта пад псеўданімамі былі надрукаваны вершаваныя зборнікі «Дудка беларуская» (Кракаў, 1891), «Смык беларускі» (Познань, 1894), апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892).


 

 

Скачать книгу в формате PDF - 10,0 МБ
 

 

Скачать текст книги в формате Документ Microsoft Word 97-2003 (.doc) - 209 КБ

 

Владимир ХВОРОВ