Вынісцы

Вынісцы

07.03.2013

Запрашаем вас, паважаныя чытачы, у вёску Вынісцы Покрашаўскага сельсавета. Тут 126 асабістых гаспадарак, пражывае 235 чалавек. 3 іх да 18 гадовага ўзросту – 26, ад 18 да 60 гадоў, працаздольных – 58, пенсіянераў – 151.

Вясковыя вуліцы Садовая, Цэнтральная, Маладзёжная – акуратныя, чыстыя, дагледжаныя. Толькі дзе-нідзе, каля асірацеўшых хацін, пацямнеўшыя платы сваімі ртамі-дзіркамі як бы просяць рамонту. Прама ў цэнтры Вынісцаў – вясковыя могілкі, на іх тэрыторыі захаваўся трывалы, з валуна, фундамент былога драўлянага касцёла. Новы, з белай цэглы, 10 гадоў таму пабудавалі на свае сродкі жыхары Вынісцаў побач з могілкамі бацькоў і дзядоў. Дапамаглі ў гэтай святой справе мясцовыя гаспадарка і сельскі Савет. Заўважу, што ў гады «ваяўнічага сацыялізму-атэізму», у 70 х гадах мінулага стагоддзя, у старэнькі пагосцкі касцёл па моднай камуністычна-гаспадарчай звычцы спрабавалі ссыпаць збожжа. Але мужныя жанчыны-каталічкі ачысцілі свой святы куточак, зноў прынеслі абразы, не збаяліся міліцыі, калі яе аўтамабільны нарад спрабаваў «навесці парадак». Прама ад калгасных буртоў, дзе яны перабіралі бульбу, прыбеглі бабы на абарону роднага касцёла. З нажамі ў руках, рашучыя, непадступныя, справядлівыя ў сваёй веры: «Хоць істраляйце, але не пусцім у касцёл!». Слава Богу, ніхто не страляў, але веруючыя паказалі свой характар, перамаглі. Так, сёння іншыя часы! Веруем…

Вясной літаральна ў кожнай вынісцкай хаціне, на кухнях і ў залах – мяшкі і скрыні з зеленаватай, з дзябёлымі расткамі бульбай-«сямянкай». Дзе-нідзе і проста акуратненька раскладзена прама на падлозе па сартах: «скарб», «планта», галандская «фелёзіка», «архідэя»… Усё па навуцы. Вёска не першы год, как бы мовіць, спецыялізуецца на продажы ранняй бульбы, Рэалізаваўшы яе, атрымаўшы грошы, вяскоўцы засейваюць зямельку-карміцельку буракамі, якія да позняй восені яшчэ паспяваюць стаць пузатымі.

Для даведкі: 1) «Назвытэрміны: выння натуральная паляна, вялікая прагаліна сярод лесу» (В.А. Жучкевіч. «Краткий топономическнй словарь Белоруссии». Мінск, выдавецтва БДУ, 1974). 2) У часы, калі слуцкія землі былі ў складзе Вялікага княства Літоўскага, група палякаў за нейкую правіннасць была выселена з Польшчы і паселена асобна ў Слуцкім княстве. Пра іх можна сказаць, што яны былі вынішчаны, бо назаўжды выселены з родных мясцін. Адсюль і атрымала вёска першапачатковую назву Вынішчы. У пісьмовых крыніцах пачатку XX стагоддзя вёска ў складзе Грэскай воласці Слуцкага павета, 83 двары, 594 жыхары («Памяць. Слуцкі раён. Слуцк.»).

Калі я паставіў пад сумнеў лясное паходжанне назвы вёскі Вынісцы, то тутэйшыя карэнныя жыхары Павел Маркавіч і Марыя Віктараўна Шкурскія мянетактоўна паправілі: «Гэта цяпер вакол вёскі няма лесу. А мы добра памятаем, як у часы вялікай меліярацыі магутныя бульдозеры выцягвалі з балотнай багны сямі – васьміметровыя таўшчэзныя дубы. Было гэта ў 60 я гады, ды і цяпер на асушаных плошчах калі-нікалі «выходзяць» з тарфянікаў рэшткі векавых веліканаў. Некаторыя з нашых гаспадароў ставілі з тых пачарнеўшых дубоў моцныя шулы, якія ім паслужылі не адзін дзясятак год. Так што лесу, кустоў-хмызнякоў тут хапала».

Ураджайная зямелька прывабіла ў гэтыя мясціны дзядулю, майго аднафамільца, 82 гадовага Анатоля Адамавіча Філіпчыка:

– Дзед мой, Мікалай, быў родам з Уздзеншчыны, купіў тут два дзесяткі гектараў зямлі ў пана Радзівіла. Гэта былі дзесяціны поля, лесу, сенакосу і балота. Працы хапала ўсім чатыром яго сынам – Мікалаю, Сымону, Івану і майму бацьку Адасю, а таксама дачцэ Соні. Жылі яны тады недалёка адсюль, на хутары. Не панствавалі, бо мой бацька паехаў у 1914 годзе на заробкі ў Амерыку. Там ужо абаснаваўся да таго часу адзін з нашых сваякоў па матчынай лініі – яе прозвішча было Мяцельская. Вярнуўся бацька ў 1920 годзе, а ў 1929 м, якраз у сенакос, калі грэблі сена, яго забралі, як бы цяпер сказалі, супрацоўнікі КДБ. Пры вобыску яны знайшлі ў хаце 700 долараў. Але самае цікавае, што восенню бацька вярнуўся дамоў з паўнюткім скураным чамаданам (які, дарэчы, прывёз з-за акіяна) савецкіх грошай. О, гэта было свята! Разам з маёй старэйшай сястрой Анютай бацька потым у Мінску ў «Торгсіне», гэта накшталт савецкіх магазінаў «Бярозка», купіў некалькі скруткаў сукна, паркалю, швейную машынку. Як яны ўсё гэта толькі дацягнулі і не памятаю ўжо, але сястра хутка навучылася добра шыць і справіла ўсім нам касцюмы, кашулі, сукенкі…

Адама Мікалаевіча немцы ў 1943 годзе застрэлілі, прыняўшы яго за «партызана», калі ён ішоў лугавінай каня перавязаць. Двое яго братоў загінулі на войнах – белапольскай і Айчыннай.

Анатоль Адамавіч таксама прайшоў франтамі вялікай Айчыннай, ваяваў пад Сталінградам і на Курскай дузе, з пехацінца «перакваліфікаваўся» ў штурмана пікіруючага бамбардзіроўшчыка ПЕ 2. Двойчы яго самалёт быў падбіты, але абодва разы дацягваў да сваіх. Узнагароджаны ордэнамі і медалямі. У мірныя гады стаў будаўніком, пабудаваў, «лічы, не адны такія Вынісцы». Разам з жонкай Леакадзіяй Антонаўнай вырасцілі двух сыноў і дачку, маюць шэсць унукаў і трох праўнукаў. Іх старэйшы сын, 46 гадовы Валянцін, зараз знаходзіцца на дыпламатычнай службе, з'яўляецца саветнікам-дарадцам пасла Беларусі ва Украіне.

Для даведкі: на мемарыяльнай дошцы каля помніка, які ўстаноўлены на цэнтральнай калгаснай сядзібе ў в. Ленькі, выбіты імёны 39 ці воінаў, былых жыхароў Вынісцаў, якія не вярнуліся да родных веснічак. За апошнія год-другі другая сусветная вайна «дагнала» сваіх удзельнікаў, сапраўдных герояў. Памерлі ад раненняў і часу разведчык У.Я. Дробыш, які прайшоў праз усю вайну, баявыя афіцэры П.Д. Шкурскі (быў, дарэчы, пасляваенным камендантам Вены) і А.І. Дробыш, радавы С.А. Лабковіч…

Былы калгасны ветэрынарны ўрач Казімір Іванавіч Дробыш застаў толькі «хвосцік» вайны, папаўшы пасля вызвалення Беларусі і родных Вынісцаў у 1944 м у школу малодшых камандзіраў у прыбалтыйскі горад Вендаву (Вентспілс). Дэмабілізаваўся ў 1951 годзе, сябе называе сціпла «тылавіком», хаця мае шмат медалёў. Вярнуўся дамоў, тут жа і ажаніўся з зямлячкай Юзэфай Андрэеўнай. Два гады як дружным сямейным колам адзначылі залаты вясельны юбілей.

– Ой, раней за хлопцамі за свет не ехалі, – усміхаецца Юзэфа Андрэеўна. Хапала сваіх, пажаніліся, як гаворыцца, праз вуліцу. Пасля вайны мы былі галодныя, халодныя, але вельмі вясёлыя. Цяперашняй моладзі і не сніцца такое. Расказваю сваім дзецям і ўнукам пра ваенны час у нашай вёсцы, а яны гавораць у адказ: «Не расказвайце нам казкі».

Між тым, казкі тыя ваенныя былі страшнейшыя за цяперашнія тэле і відэабаевікі, Вынісцы знаходзіліся як бы ў нейтральнай зоне. За вёскай – рэчка Случ, за ёй партызаны, а з другога боку – дарога Слуцк – Мінск, мост каля вёскі Ленькі, дзе знаходзіўся нямецкі дзот. Адтуль часам салдаты аховы абстрэльвалі вёску з мінамётаў, у дзень гаспадарылі немцы і паліцаі.

– А ноччу, – гаворыць Казімір Іванавіч, – у госці заходзілі партызаны. Аднойчы з бацькам едзем дамоў, вязём дровы. Адзін вынісцкі паліцай ні слова не сказаў пра аблаву, што моладзь хапаюць быццам бы на «ўзнаўленчыя дарожна-будаўнічыя работы на тэрыторыі Беларусі». Падказаў другі добры чалавек, я – на каня верхам і паскакаў бліжэй да родных лясоў-кустоў. У вязні забралі бацьку, брат-партызан супакойваў: не ўздумай толькі ў Слуцк пайсці, і бацку не вернеш, і самога ў Германію адправяць. Але праз знаёмага паліцая неяк выйшлі на каменданта, штосьці заплацілі яму, і бацьку адпусцілі дахаты… А моладзь наша начамі, у час хапуноў, хавалася ў бліжэйшых хмызняках, на балотных астравінах.

Іван Платонавіч Махнач пераехаў у Вынісцы разам з жонкай Таццянай Вікенцьеўнай амаль 30 гадоў таму з Ляхавіцкага раёна суседняй Брэстчыны.

– Во, мая слаўная гаспадарка, – з гумарам гаворыць Іван Платонавіч. Конь, карова, двое свіней, столькі ж сабачак і коцік. Вы ведаеце, што дзве натуры патрабуюць пастаяннай увагі і асаблівага догаяду?! Гэта жанчына і зямля…

Гэты гожы 76 гадовы гаспадар ведае, што гаворыць, бо 27 гадоў працаваў у Вынісцах брыгадзірам паляводаў. «О, я добра ведаў, якія бліны ў якой хаце пякуцца, – жартуе далей Махнач. – Народ тут вельмі працавіты, – гэта ўжо сур'ёзна. – Актыўны, жывы, але і не любіць, каб яго папіхалі. Калгас наш цвёрда стаяў на зямельцы, было ў лепшыя часы да двух мільёнаў рублёў свабодных грошай.

I куды ўсё дзелася? Некаторыя, часам, любяць выхваляцца, што я ў тутэйшым калгасе больш за цябе папрацаваў, лепшы за цябе работнік. А я вам скажу, што многія ў калектыўнай гаспадарцы, як і ў самім жыцці, прывыклі гадамі хавацца за чужымі спінамі. Мне дастаткова паглядзець, як ты 2–3 гады на сваёй гаспадарцы папрацуеш, і будзе добра бачна, які ты ёсць чалавек і хазяін. У гады майго брыгадзірства заўважыў, што калі пападзе ў рукі некаторым работнічкам бутэлька «чарніла» – прапала дзела. Сёння, на жаль, гэта бяда не толькі Вынісцаў. Адсюль – крадзяжы, абыякавасць…» Заўважу, што Махначы маюць 10 унукаў і мяркуюць дачакацца прапраўнукаў.

Вынісцы славяцца сваімі народнымі ўмельцамі, майстрамі пляцення кошыкаў, карзінак, іншых экалагічна чыстых сялянскіх ёмістасцей. з імі хоць у лес па грыбы-ягады, хоць на базар па яйкі ці штосьці іншае. Лёгка, прыгожа, зручна.

– Я нашы вынісцкія кошыкі з кветкамі бачыў па тэлевізары, каля ўрадавай трыбуны, калі сам Брэжнеў выступаў, – горача даказваў мне адзін мясцовы дзядуля, Я не стаў пярэчыць, бо гэта даўняе рамяство калісьці было тут сапраўдным культам. Плялі гэтыя самыя карзіны літаральна ў кожным доме. Везлі іх як у Слуцк, так і ў Мінск.

– Справа гэта была для маіх аднавяскоўцаў хлебам у прамым сэнсе гэтага слова, – гаворыць майстар «залатыя рукі» Роза Міхайлаўна Шкурская. – У цяжкія калгасныя гады, калі за працу ставілі палачкі-працадні, калі не было наяўных грошай, шчыльненька састаўляеш горкай два-тры дзесяткі кошыкаў, выходзіш на папутную машыну і – у сталіцу. Прадаеш карзінку, скажам, за пяць рублёў, а бохан хлеба каштаваў капеек 14–16. Накупіш палатняны мяшок хлеба, гасцінцаў дзецям – і дамоў.

Плятуць гэтыя самыя прывабныя вырабы з лазы, клёну, крушыны.

Аздабляюць сапраўды высокамастацкія творы рознакаляровымі пластыкавымі вузенькімі палосачкамі. «Пляцёнкі» выходзяць проста цуд!

Сёння традыцыйнае вынісцкае рамяство працягваюць весці родная сястра Розы Міхайлаўны – Зінаіда Міхайлаўна Гардзель, Міхаіл Рыгоравіч Гардзель, Соф'я Іосіфаўна Шкурская і іншыя вяскоўцы.

– А ўнукі, дзеці вашы? – Пытаюся ў паважанай майстрыхі, праца якой на абласных і рэспубліканскіх кірмашах адзначана шматлікімі дыпломамі, граматамі.

– Унук Сяргей, яму 13 гадоў, неяк прыгледзеўся, ды да двух гадзін ночы сплёў прыгожанькую карзіначку. Але ён цяпер у Мінску, у ваеннай акадэміі вучыцца, другімі справамі займаецца…

Так, пластыкавае вядро лёгка адштампаваць. Але крыўдна будзе, калі разам з сапраўднымі, ад саміх каранёў, народнымі майстрамі адыдзе ў нябыт гэта прыгажосць, згубім цікавую традыцыю, набытак дзесяцігоддзяў. Хоць ты школу рамёстваў у Вынісцах адчыняй?! Пакуль не позна.

А ў хаце народнага майстра «залатая іголка» Вольгі Рыгораўны Шкурскай усе сцены бы той казачны кветкавы рай! Непаўторныя, яркія, фантастычныя кветкі на вялікіх, бы пано, прамавугольніках тканіны, на падушках, бялюткіх коўдрах, прасцінах-усюды!

Зазначу, што матчыну справузахапленне падхапіла старэйшая дачка Аляксандра Бойка, якая жыве ў Слуцку.

– Яна нават мяне апярэджвае, смяецца Вольга Рыгораўна. – Вышывае хутка і вельмі чысцютка, прыгожа, натуральна.

А мой погляд вабяць высокія падушкі, на якіх раўнюсенька выведзена яркімі чырвонымі ніткамі: «Салодкага сну!» і «Спакойнай ночы!»

Чытачоў можа зацікавіць пытанне: а ці ёсць будучыня ў Вынісцаў? Людзі сталага, пенсіённага ўзросту гаварылі, што былі тут некалі аўчарня, свінарнік, добрыя кароўнікі (зараз паловы ранейшага вялікага статка няма), а цяпер – адны ўспаміны.

Якое тое заўтра? Тут бы, як ў той казцы часоў грамадзянскай вайны пра славутага Мальчыша-Кібальчыша: ноч прастаяць, ды дзень пратрымацца. Ды надзея ўсё ж такі заўсёды ёсць.

Тут жа, у Вынісцах, з'явіліся малдаўска-беларускія сем'і.

Ідэя вярнуцца да родных мясцін, да сваіх бацькоўскіх каранёў належыць былому кішынёўцу геолагу Аляксандру Андрэевічу Дробышу. Яму 62 гады, мае дзве вышэйшыя адукацыі, дзякуючы прафесіі пахадзіў – паездзіў па белым свеце нямала. У перабудовачныя гады, якія той жа Малдове, як і ўсім нам, прынеслі больш праблем – клопатаў, чым задавальнення, прадаў 4 пакаёвую сталічную кватэру і перабраўся з дзецьмі ў бацькоўскі кут. Спадзяецца развярнуцца як фермер-жывёлавод, стварае сваю міні-ферму. Але праблем пакуль што болей, чым трэба: нізкія закупачныя цэны на малако, адсутнасць добрых сенакосаў. Наогул, праблема з сенам для Вынісцаў – галаўны боль вяскоўцаў, таму толькі за апошні вельмі сухі год сваіх каровак прадалі дзесяткі жыхароў.

Жыве ў Вынісцах яшчэ адна малдаўская сям'я – Хушану, але яна прыехала раней. Маюць у асноўным па двое дзяцей маладыя бацькі Галаі, Гардзелі, Бенешы, Вядзьмакіны, Лабковічы, Філіповічы… Так што вынісцкаму роду, будзем спадзявацца, не будзе пераводу!

Калі спытаў у Паўла Маркавіча Шкурскага, які, дарэчы, больш за 10 гадоў узначальваў Покрашаўскі сельскі Савет, быў дэпутатам Мінскага абласнога Савета, пра знакамітых землякоў, ён, крыху памаўчаўшы, сказаў: «Кандыдатамі навук сталі Анатоль Васільевіч Мяцельскі і Васіль Сцяпанавіч Каляда, вядучымі інжынерамі розныx мінскіх прадпрыемстваў: МТЗ, падшыпнікавага – мае браты Анатоль і Аляксандр.

Першы, дарэчы, доўгі час працаваў у Іраку. Добрымі кіраўнікамі вытворчасці сталі Іван Іосіфавіч і Сцяпан Паўлавіч Дробышы, пра вашага аднафамільца-дыпламата ўжо ўспаміналі. А колькі настаўнікаў, бухгалтараў, аграномаў, ды проста добрых, шчырых, працавітых механізатараў, шафёраў, жывёлаводаў, хлебаробаў! Паверце на слова, нашы людзі не прывыклі, як часам бывае ў іншых вёсках, сядзець без справы на лаўках. Канечне, свят рэлігійных і дзяржаўных прытрымліваемся, а так мае аднавяскоўцы, пэўна, ад прадзедаў яшчэ, даўно зразумелі, што дрэнна жывуць тыя, хто ўсё жыццё збіраецца жыць. Па гэтай вось «паважнай прычыне» і жывуць, у асноўным, заможна. Многія маюць уласныя аўтамабілі, а некаторыя – і не па аднаму. Нам, пенсіянерам, ахвотна дапамагаюць дзеці і ўнукі, бо добра ведаюць цану працы, разумеюць, што ў канчатковым выйгрышы, з той жа бульбай, салам, малаком, вясковым, непаўторнага смаку, маслам, будуць і яны самі.»

В. ФІЛІПЧЫК
Фота А. ЖОГЛЫ

НА ЗДЫМКАХ: В.Р. Шкурская; Ю.А. Зубовіч; К.І. і Ю.А. Дробышы; А.А. Філіпчык

Примерно в конце 2005 - начале 2006 гг. д. Вынисцы переименована в д. Вынищи (прим. адм. сайта).

 

 

 

Другие материалы о д. Вынищи в интернете:

http://catholic.by/2/home/news/belarus/minsk-mohilev/116396.html
http://www.yaplakal.com/forum2/topic501763.html