Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 05.08.2006)

Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 05.08.2006)

20.03.2013

Дарагі чытач! Спадзяюся, ты памятаеш нашы прагулкі па старому Слуцку, па яго кварталах, вуліцах і вулачках, звяртаючыся да іх мінулага жыцця, даведваючыся пра іх ранейшыя назвы. А разам з імі – і пра лёсы людзей, якія цесна пераплятаюцца з гісторыяй горада. Кожная эпоха, кожны час пакідалі ў іх размераным жыцці свой след, свой адбітак. I няхай парою ён быў не самым лепшым, але гэта – жыццё, гэта – гісторыя.

Калі памятаеш, чытач, у мінулы раз спыніліся мы ў даволі-такі людным месцы – каля рэкламнага шчыта паблізу дома Бранштэйна ў завулку Камуністычным, былым Прозераўскім (Прозараўскім). У сакавіку 1919 года сярод іншых устаноў тут размяшчалася рэдакцыя газеты «Молат і плуг». I таму раней, чым на іншых рэкламных шчытах, тут сярод аб’яў і афіш з’яўляўся свежы нумар газеты. Пасля вызвалення горада і павета ад белапольскіх акупантаў пайшлі чуткі, што многія вуліцы атрымалі новыя назвы. Людзі спяшаліся даведацца навіны. Рознае можна было пачуць у натоўпе: хто ўхваляў, а хто і ўзрушаўся, хто тлумачыў наконт Луначарскага, Валадарскага, Урыцкага (для многіх гэтыя імёны ні пра што не гаварылі), асобныя ж стаялі ўбаку і моўчкі слухалі.

Што ж датычылася перайменавання завулка Прозараўскага, адабрэнне было амаль адназначным, бо ад самога слова «камуністычны» веяла навізной і надзеяй.

…Вуліца Прозараўская (Прозераўская) першапачаткова праходзіла прыкладна па сучаснай тэрыторыі вузла сувязі ад вуліцы Віленскай да вуліцы Манахава, але тады Манахава (Турэмная) была яшчэ не забудавана. Хачу адзначыць, што старая планіроўка не заўсёды супадае з існуючымі вуліцамі, бо ў Слуцку з-за скучанасці дамоў узнікалі частыя пажары і парою выгаралі цэлыя кварталы, а новыя збудаванні не заўсёды ўзводзілі на пажарышчах. Ды і многія іншыя гістарычныя і эканамічныя абставіны таксама ўносілі свае карэкціроўкі.

Адкуль пайшла назва Прозараўская? Можна разглядаць два варыянты. Першы – ад прозвішча Прозар – прадстаўнікоў шляхетнага роду з літоўскіх баяр, якія мелі ўласны герб у Вялікім княстве Літоўскім і прэтэндавалі на княжацкі тытул. Трэба дадаць, што Прозары былі віднымі дзяржаўнымі дзеячамі ВКЛ. Найбольш вядомыя – бацька і сын, абодва генералы. Ёсць афіцыйныя звесткі, што да сярэдзіны XVIII стагоддзя князь Геранім Фларыян Радзівіл павялічыў сваё войска да некалькіх тысяч чалавек у розных гарнізонах. На чале Слуцкага паставіў генерал-маёра. Прозвішча неўказвалася, але можна меркаваць, што ім мог быць генерал-маёр Юзаф Прозар – бацька, які меў такое ж званне. Вядома, што ён некалькі разоў быў паслом не сеймах. Дарэчы, менавіта ў гэты перыяд у Слуцку створаны прыдворная гвардыя і рота спецыяльна адабраных рослых, фізічна моцных гранд-мушкецёраў. А з Бяла-Падляскі (Польшча) была пераведзена ваенная школа для падрыхтоўкі афіцэраў – корпус кадэтаў.

Горад жа ўяўляў сабою крэпасць з артылерыяй: 103 пушкі і марціры, 4 «арганкі» – машыны з некалькіх ствалоў, якія стралялі адначасова. На параўнальна вялікай адлегласці вакол горада былі высечаны і выкарчаваны лясы. Таму Слуцк, апынуўшыся на раўніне адкрытым, займаў ключавую пазіцыю. У горадзе было 38 вуліц, 4 вулачкі і 2 завулкі. Вялікія вуліцы былі вымашчаны, бо купцы з кожным увозам тавараў абавязаны былі прывозіць камяні.

Але вернемся да назвы. Хто ведае, можа, на гэтай вуліцы знаходзіўся дом Прозара, а можа, школа кадэтаў, бо амаль побач была гаўптвахта. I калі кадэцкі корпус быў у падначаленні ў генерала, то навучэнцаў у народзе маглі называць прозараўцамі, а вуліцу – Прозараўскай.

А вось другая версія. Па левым баку Прозараўскай, у яе пачатку, стаяў вялікі дом з зямельным участкам. У 1648 годзе яго за 700 злотых набыў князь Багуслаў Радзівіл і перадаў у вечнае карыстанне аптэкарам Батлігеру і Вінклеру. Так была адкрыта першая аптэка не толькі ў Слуцку, але і ў Беларусі. Па дакументах, якія захаваліся ў архіве, можна смела сцвярджаць, што яна была адкрыта на тры дзесяцігоддзі раней, чым у Маскве. З гэтага моманту аптэкарскія тавары іншым гандлярам прадаваць забаранялася. У 1652 годзе Батлігер са Слуцка паехаў і сваю частку прадаў Вінклеру за 3 640 злотых. Да апошніх дзён жыцця загадваў аптэкай Вінклер і завяшчаў, каб пасля смерці яна разам з інструментам, аптэчнымі кнігамі і лякарствамі належала лютэранскай кірсе. Пасля Вінклера пастаяннага аптэкара не было, аптэка здавалася ў арэнду. У 1843 годзе яна згарэла і стала размяшчацца ў наёмных памяшканнях. Дык вось, вуліца магла атрымаць назву і ад слова «правізар», што азначае «аптэкар вышэйшай катэгорыі». Таму вуліца першапачаткова магла называцца Правізараўскай, а з цягам часу склад «ві» вышаў і атрымалася Прозараўская.

Аднак у літаратурных крыніцах нідзе не сустракалася назва Правізараўская, а вось Прозераўская калі-нікалі прамільгвае. I я больш схільна да той версіі, што ўсётакі вуліца была названа ў гонар Прозара (Прозера). Але на гэтым гісторыя вуліцы не заканчваецца.

 

В. ВІДЛОГА