Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 14.08.2002)

04.03.2013

Шаноўныя чытачы! У мінулы раз вы даведаліся пра гісторыю цэнтральнай вуліцы нашага горада – вуліцы імя У.І. Леніна. Але ёсць у нас і вуліца Ленінская, гісторыя якой дзівосная, а расказала яе жыхарка горада, былы бібліятэкар А.А. Чарнашчок. У сваю чаргу, Ала Антонаўна начула яе ад сваіх бацькоў.

Дзе знаходзіцца гэта вуліца, я спадзяюся, вы ведаеце. Дык вось, у XIX стагоддзі яна яшчэ не існавала, а землі ад сучасных вуліцы Манахава, парка адпачынку і рынку належалі памешчыку Цішкевічу. Месцы былі нізінныя і балоцістыя. Каб неяк іх высушыць і добраўпарадкаваць, памешчык нарэзаў зямельныя ўчасткі, стварыўшы невялікую вуліцу, і бясплатна раздаў надзелы бедным гараджанам.

Першымі пасяленцамі былі вартаўнік Дома дваранскага сходу Казлоўскі (дзядуля Алы Антонаўны), які жыў у падвале гэтага дома, рамізнік Козак, яўрэй Наймарк і іншыя беднякі – Туровіч, Сасноўскі, Усевіч, Новік, Шыловіч. Каб хоць неяк асушыць участкі, людзі вёдрамі выносілі ваду, рабілі канаўкі, насілі зямлю і рабілі падсыпкі. Велізарнае жаданне абзавесціся сваім домікам і агародам дало плён. На месцы балота вырасла невялікая вуліца, у канцы якой сцяною стаяў чарот, займаў вялікую тэрыторыю (месца цяперашняга рынку). Вуліцу сталі называць у гонар памешчыка Цішкевіча. А ў хуткім часе яна стала адной з прыгажэйшых. Загараддзю служылі пышныя кусты язміну і руж, уздоўж якіх былі пракладзены драўляныя тратуары. Але вуліца была настолькі шырокай, што па- сярэдзіне яе размясціўся бульвар. Былі разбіты клумбы, падсыпаны дарожкі. Бульвар абнеслі нізенькім дэкаратыўным плоцікам, а чатыры брамкі-вяртушкі арганізоўвалі ўваход. Структура бульвара была захавана да 30-х гадоў, а вось назва змянілася адразу ж пасля ўстанаўлення савецкай улады. Замест вуліцы Цішкевіча яна стала вуліцай Ленінскай. У 30-я гады загадваў гаркамгасам нехта Дарашэвіч. Менавіта ў гэты перыяд прыгажосць вуліцы дасягнула свайго апагея – усё было ў кветках і зеляніне. Але ў 1937 годзе Дарашэвіча рэпрэсіравалі, яму на змену прыйшлі людзі, якім была абыякавай асаблівасць гэтай вуліцы: бульвар прыходзіць у запусценне, а з часам яго і ўвогуле перакапалі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны, калі горад быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, «новыя ўлады» перайменавалі многія вуліцы. Вуліца Ленінская атрымала іншую назву – Паркавая. Многім немцам вуліца кінулася ў вока; ціхая, недалёка ад цэнтра, з рэшткамі былой прыгажосці, вельмі зялёная і з вялікімі кветнікамі каля дамоў. I яны выбралі яе сваім месцам жыхарства. Уявіце, як было жыхарам побач з ворагамі. Пастаяннаў напружанні, баючыся лішні раз паказацца на вуліцы, дзе вечарамі міма іх вокнаў прагульваліся немцы. Пасля вызвалення, у 1944 годзе, вуліцы была вернута папярэдняя назва.

Цікавая гісторыя і яшчэ адной невялічкай вуліцы, а дакладней, завулка – Сялянскага (Крестьянского), у мінулым Васкрасенскага. Такім чынам, наведаем супрацьлеглую ад вуліцы Ленінскай частку нашага горада, тую частку, якая ў даўнія часы называлася Старым горадам. У 1785–1787 гадах у гэтай частцы, на вуглу былой Фарскай вуліцы, а цяпер Рэвалюцыйнай, і Сялянскага завулка была пабудавана драўляная Свята-Васкрасенская царква. Царква існавала і раней, яна ў дакументах упамінаецца ў 1483 годзе.

Хутка непадалёку ад царквы стала забудоўвацца новая вуліца – невялікая па колькасці дамоў, вузенькая, адразу стала відаць, што гэта хутчэй завулак. I называць яго сталі па назве царквы. У тыя часы так было прынята. Была ў горадзе Юр’еўская вуліца (цяпер яе няма), а праходзіла яна за вуліцай Р.Люксембург у бок 11-га гарадка; Іванаўская, на якой знаходзілася царква Іаана Прадцечы, Фарская – назва ад фарнага касцёла і інш. Так з’явіўся і Васкрасенскі завулак, які вясною патанаў у белай квецені садоў, а восенню – ў водары пладоў, ад якіх гнуліся галінкі. Цікава, што амаль у кожным садзе раслі грушы – слуцкія бэры. Завулак быў вельмі вузкі, таму тратуар быў толькі на адным баку, а на праезджай частцы ледзь маглі размінуцца два вазы.

Паслярэвалюцыйныя 20-я гады ўнеслі змены ў размеранае жыццё жыхароў завулка, які быў перайменаваны ў Сялянскі. Свята-Васкрасенскую царкву закрылі, знялі купал, а паколькі яна была прамавугольнай формы і дастагкова высокай, зрабілі перакрыццё – агрымаўся двухпавярховы будынак. Замянілі дах, устанавілі перагародкі і атрымаўся .. рабочы інтэрнат. У 30-я гады ў ім узнік пажар. Будынак выратаваць нё ўдалося, ён поўнасцю згарэў.

У сакавіку 1933 года па лжываму абвінавачванню ў прыналежнасці да контррэвалюцыйнай арганізадыі арыштаваны слуцкі епіскап Мікалай Шамяціла, які жыў на прыватнай кватэры ў Сялянскім завулку. Па яго справе ў горадзе прайшоў цэлы рад арыштаў. Гэта падзея ўсяліла страх у душы жыхароў завулка. А праз некаторы час завулак набыў сучасную назву – Крестьянскнй.

 

В. ВІДЛОГА,
дырэктар краязнаўчага музея