Па старых адрасах (Газета «Слуцкі край», 27.03.2009)

27.02.2013


У нашым горадзе ёсць вуліцы, назвы якіх звязаны не проста з гістарычнымі падзеямі, а з канкрэтнымі датамі: 1-га Жніўня, 8-га Сакавіка, 11-га Ліпеня.

З іх, напэўна, самая зразумелая назва – 8-га Сакавіка, якая сімвалізуе Дзень жанчын. Цяперашняя вуліца – адна са старых частак горада, на плане Слуцка 1799 года адзначана ўжо дарога, што ідзе адразу за мостам управа ад вуліцы Навамейскай уздоўж ракі, а таксама прыватныя пабудовы. Першапачаткова гэта была не вуліца, а невялікае паселішча з бессістэмна раскіданымі збудаваннямі і зямельнымі ўчасткамі. Таму яно і атрымала назву Крывасёлкі – Крывыя Сёлкі (паселішча Сёлкі ўжо было недалёка ад горада ў раёне вуліцы Капыльскай). Старажылы ўжывалі гэту назву да нядаўняга часу. Лёс Крывасёлак ва ўсе часы быў незайздросным: не міналі іх пажары, разбурэнні падчас войн. Пасля Вялікай Айчыннай вайны забудова Крывасёлак стала планавай. Да 1953 года была ўжо дакладна сфарміравана вуліца прыватнага сектара, якая і атрымала назву 8-га Сакавіка.

Назвы вуліц 1-га Жніўня, 11-га Ліпеня, 14-ці Партызан звязаны з падзеямі белапольскай акупацыі 1919–1920 гадоў. У канцы лютага 1919 года дзвюма групамі, у складзе якіх было каля 11 дывізій, войскі Польшчы з мэтай захопу тэрыторый Літвы і Беларусі пачалі наступленне ў напрамку Вільна-Ліда-Маладзечна-Баранавічы-Мінск і Кобрын-Пінск. У сярэдзіне сакавіка яны акупіравалі гарады Брэст, Ваўкавыск, Слонім, Скідаль, Шчучын, Пінск і іх паветы.

Вясной 1919 года, скарыстаўшы занятасць Чырвонай Арміі на Усходнім фронце, польскія войскі ўзнавілі наступленне, захапілі Ліду і Баранавічы, рухаліся ў слуцкім напрамку. Сур'ёзная пагроза навісла над Мінскам. У сувязі з гэтым Слуцкая, Бабруйская і Навагрудская каравульныя роты былі аб'яднаны ў Слуцкі зводны добраахвотніцкі батальён і адпраўлены на Заходні фронт. Пасля гэтага мабілізацыя ў горадзе і павеце праходзіла двойчы, на фронт адправілі вялікую колькасць рабочых і сялян.

У пачатку ліпеня 1919 года войскі інтэрвентаў пачалі новае наступленне і прайшлі ў слуцкім напрамку ўздоўж шашы Масква-Варшава. 10 жніўня пасля двухгадзіннага бою ў цэнтры Слуцка чырвонаармейцы былі вымушаны адступіць на ўсход. Вораг заняў горад, стаў устанаўліваць свае парадкі. У Слуцку і павеце супраць акупантаў разгарнуўся падпольны і партызанскі рух: арганізоўваліся падпольныя бальшавіцкія ячэйкі, партызанскія атрады. Барацьбу супраць захопнікаў узначаліла Слуцкая падпольная партыйная арганізацыя на чале са старшынёй Іванам Іванавічам Бачко і сакратаром Міхаілам Вікенцьевічам Юшкевічам.

У пачатку красавіка 1920 года ў горадзе была арыштавана вялікая група бальшавікоў – партызан і падпольшчыкаў, якія сабраліся на явачнай кватэры абмеркаваць далейшыя дзеянні. 24 красавіка ваенна-палявы суд прыгаварыў да расстрэлу 14 чалавек: салдат Алеся Камінскага, Пятра Ярмаліцкага, Міхаіла Емяльянчыка, партызан Нікіфара Бянько, Міхаіла Цішкевіча, Пятра Сцепановіча, Мікалая Цішкевіча, Максіма Цішкевіча, Пятра Саладуху, Міхаіла Рэўтовіча, Сцяпана Красуцкага, Яфіма Грачука, Антона Сімановіча і Міхаіла Бычэнку. 12 чалавек прыгаварылі да катаржных работ і вывезлі ў турму Дон-Корн у Познані.

Пакаранне было назначана на нядзелю, 25 красавіка. У гэты дзень натоўп людзей запоўніў вуліцы. З варот гарадской турмы асуджаных вывелі звязаных адзін з адным вяроўкамі, іх рукі былі ў ланцугах. З усіх бакоў смертнікаў акружалі жандары і конныя салдаты. Мужна і спакойна трымапіся патрыёты. Падышоўшы да гарадской плошчы, яны запелі «Мы жертвою пали», а каля могілак – «Інтэрнацыянал». У людскім натоўпе чуліся рыданні і гнеўныя воклічы. Афіцэры, баючыся выступленняў людзей супраць карнікаў, загадалі жандарам разагнаць народ. На гарадскіх могілках асуджаных прымусілі выкапаць сабе магілу. Капі іх паставілі на край ямы і прапанавалі завязаць вочы, усе патрыёты адмовіліся. Партызаны паміралі са словамі веры ў перамогу: «Мы паміраем, але Чырвоная Армія хутка прагоніць вас. Нас заменяць тысячы новых байцоў».

Пасля вызвалення ад белапольскіх акупантаў астанкі 14 слуцкіх партызан перанеслі на вуліцу Шырокую і там пахавалі ў брацкай магіле. Вуліцу перайменавалі ў вуліцу Камсамольскую, бо ўсе загінуўшыя былі маладога, камсамольскага ўзросту.

У гэты ж перыяд перайменавана і вуліца Кладбішчанская ў вуліцу імя 14-ці Партызан. Некалькі слоў пра яе. Кладбішчанская пачала забудоўвацца ў XIX стагоддзі пасля таго, як на паўночна-усходняй ускраіне горада адвялі месца пад новыя могілкі – адсюль і яе назва. На могілках пабудавалі Варварынскую царкву (у пачатку 60-х гадоў XX стагоддзя яна згарэла). У гістарычным плане могілкі ўяўляюць сабой цікавасць, бо на іх пахаваны многія вядомыя людзі: пісьменнік-дэмакрат Альгерд Абуховіч (1840–1898 гг.), маршалак шляхты Слуцкага павета Тадэвуш Вайніловіч (1804–1857 гг.), тры генералы: фон Мевес (1835–1905 гг.), Мікалай Васільевіч Цістроў (1832–1905 гг.), генерал ад Інфантэрыі, член Ваеннага савета Міхаіл Тра яновіч. Ёсць падставы меркаваць, што тут пахаваны і Кандрат Ільіч Карсалін (1809–? гг.), мастак, член Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Але гэта – асобная тэма, якая заслугоўвае асаблівай увагі, а мы вернемся да падзей 1920-х гадоў.

У чэрвені 1920 года Заходні фронт атрымаў значнае падмацаванне: 12 стралковых дывізій і кавалерыйскую брыгаду. Пачалося наступленне Чырвонай Арміі, у выніку 11 ліпеня Мінск быў вызвалены ад польскіх захопнікаў. З гэтага моманту пачаўся і новы этап баявых дзеянняў – праследаванне праціўніка. Усю ноч з 14 на 15 ліпеня захопнікі адступалі ад Слуцка. Яны падпалілі трохпавярховы будынак камерцыйнага вучылішча, узарвалі вакзал, спалілі больш за 150 дамоў у цэнтры горада, масты цераз раку Случ і іншае. На досвітку 15 ліпеня на вуліцах Слуцка з'явіліся партызаны, а ў 9 гадзін раніцы ў горад уступілі часці Чырвонай Арміі, якія рушылі далей на захад праследаваць ворага.

Да 1 жніўня 1920 года Беларусь была поўнасцю вызвалена. Баявыя дзеянні перайшлі на тэрыторыю Польшчы. 31 ліпеня 1920 года прынята «Дэкларацыя аб аб'яўленні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Беларусіі». 1 жніўня арганізаваны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Беларускай ССР (ВРК БССР) на чале з Аляксандрам Рыгоравічам Чарвяковым.

Пасля заканчэння грамадзянскай вайны і вызвалення Слуцка ад акупантаў случчане прыступілі да аднаўлення разбуранай народнай гаспадаркі. Стала наладжвацца работа прамысловых прадпрыемстваў, арганізоўвацца новыя арцелі. У сувязі з гэтым павялічылася і колькасць рабочых,пачаў забудоўвацца прыватны сектар.

У снежні 1920 года пры Слуцкім аддзеле народнай адукацыі створана камісія беларусазнаўства. Па прапанове камісіі дзве вуліцы названы 11-га Ліпеня і 1-га Жніўня – у азнаменаванне вызвалення Мінска ад белапольскіх захопнікаў і першага дня незалежнасці БССР (дзень вызвалення Мінска лічыўся Днём вызвалення Беларусі).

Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны гэтыя даты ў горадзе і павеце адзначаліся мітынгамі і мерапрыемствамі. Так, у 1923 годзе 11 ліпеня краязнаўцы разам са слухачамі курсаў беларусазнаўства, дзе выкладаў Якуб Колас, арганізавалі вялікае свята, прысвечанае Дню вызвалення ад польскіх акупантаў. З песнямі ўдзельнікі хадзілі па вуліцах, прайшоў мітынг, адкрылі помнік ахвярам, а вечарам паставілі спектакль Ф. Аляхновіча «Страхі жыцця». Перад пачаткам спектакля Я. Колас чытаў аўдыторыі паэму «Новая зямля».

Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны вуліцы 11-га Ліпеня і 1-га Жніўня былі невялікімі па працягласці, пабудовы стаялі далёка адна ад адной. Вуліца 1-га Жніўня была забудавана толькі з аднаго боку. У 30-я – 40-я гады мінулага стагоддзя на ёй размяшчалася інкубацыйная станцыя (тут гадавалі куранят). Яе дырэктарам быў Павел Лукашавіч Міхайлаў. У 1935 годзе яго рэпрэсіравалі і асудзілі на 8 гадоў лагераў толькі за тое, што ён нарадзіўся ў Польшчы.

У гады Вялікай Айчыннай вайны многія дамы на гэтых вуліцах згарэлі. Пасля вызвалення Слуцка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, восенню 1944 года на вуліцу 1-га Жніўня была перанесена метэаралагічная станцыя. Размяшчалася яна спачатку ў доме №14, а з лістапада 1945 года – у доме №98. Яе дырэктарам да 1949 года была Кохельнікава, а потым да 1989 года метэастанцыю ўзначальваў Аляксандр Лук'янавіч Аладка. У 1971 годзе метэастанцыя перанесена на паўночную ўскраіну горада, дзе знаходзіцца і зараз.

Вуліцы 11-га Ліпеня і 1-га Жніўня найбольш інтэнсіўна забудоўваліся ў канцы 1940-х – пачатку 1960-х гадоў. Як успамінаюць старажылы вуліцы 1-га Жніўня Таццяна Мінаўна Арцюшкевіч і Ганна Міхайлаўна Коршун, раён ад вуліцы 14-ці Партызан і да Бычка – усё гэта землі былога калгаса «1-е Мая», на якіх працавала першая брыгада. Былі тут фермы, канюшні, а ў 1960-я гады сталі выдзяляць землі калгаснікам для будаўніцтва дамоў. Так стаў забудоўвацца другі бок вуліцы.

Змяніўся выгляд і вуліцы 14-ці Партызан. У пасляваенны перыяд на гэтай вуліцы знаходзілася кантора лестрангаса, прамарцель «Вяровачнік». У1948 годзе працавалі два цэхі, у адным з іх займаліся вырабам скур. Да 1960 года пабудаваны дадатковыя цэхі арцелі, а гарбарны цэх ліквідаваны. На базе арцелі створана тэкстыльная фабрыка, аснашчаная аўтаматычнымі і паўаўтаматычнымі станкамі. У 1965 годзе калектыў фабрыкі дасягнуў высокіх паказчыкаў. У гады восьмай пяцігодкі (1966–1970 гады) яе тэрыторыя пашырылася, на былых землях калгаса «1-е Мая» з'явіліся новыя вытворчыя ўчасткі тэкстыльнай фабрыкі. Значна павялічыўся асартымент яе прадукцыі.

Прыватны сектар пацяснілі шматпавярховыя дамы, магазіны і прадпрыемствы. У пачатку вуліцы знаходзяцца два помнікі – воінам-інтэрнацыяналістам і Маршалу Савецкага Саюза, чатыры разы Герою Савецкага Саюза Георгію Канстанцінавічу Жукаву. А памяць 14-ці слуцкіх партызан увекавечана не толькі ў назве вуліцы, але і ў экспазіцыі краязнаўчага музея, кнізе «Памяць», помніку на вуліцы Камсамольскай.



В. ВІДЛОГА