Случакі ў «Маладняку»

Случакі ў «Маладняку»

11.07.2022

 

Амаль кожны раз пры сустрэчы з Віктарам Захаравічам Савановічам (нарадзіўся ў 1932 годзе ў вёсцы Лучнікі, зараз жыве ў Слуцку) чую ад яго нешта цікавае. То пра лучнікоўскіх выбранцаў, то пра «слуцкую бэру», то яшчэ пра што-небудзь... У той дзень Віктар Захаравіч працягнуў мне канверт: «Мо зацікавіць здымак, які на чатыры гады старэйшы за мяне?» Здымак падаўся цікавым не з-за свайго «ўзросту» (даводзілася бачыць і больш даўнія), а з-за падзеі, якой быў прысвечаны і ў якой удзельнічалі некалькі асоб, у рознай меры датычных да Случчыны.

 

На здымку – удзельнікі Усебеларускай канферэнцыі аб"яднання беларускіх савецкіх пісьменнікаў «Маладняк» 15 лютага 1928 года ў Менску (так называлася беларуская сталіца да 29 ліпеня 1939 года). Канферэнцыя пераадолела арганізацыйны крызіс у «Маладняку», прычынай якога стаў выхад з яго Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы, Пятра Глебкі, Міхася Чарота і іншых вядомых на той час пісьменнікаў. У Цэнтральнае бюро аб"яднання «Маладняк» на канферэнцыі выбраны сем чалавек, у тым ліку ўраджэнец Слуцка Юрка Гаўрук (сёмы ў трэцім радзе) і Алесь Вечар (другі злева ў чацвёртым радзе) з вёскі Машчыцы Слуцкага раёна. Яны прадстаўлялі Аршанскую філію «Маладняка», дзе Вечар быў кіраўніком, а Гаўрук – літаратурным кіраўніком. У той час першы заканчваў вучобу на агранамічным факультэце сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, а другі працаваў у той жа акадэміі дацэнтам кафедры беларускай мовы і літаратуры. Горад Горкі быў цэнтрам аднаго з раёнаў Аршанскай акругі БССР.

 

Пра Алеся Вечара (1905–1985) Максім Гарэцкі ў 1928 годзе пісаў, што ён – «самабытны паэт у сучасным складзе «Маладняка». Ён сацыялен, і матывы ў яго звязаны з грамадскай сучаснасцю... Творчасць яго мажорная, напорыстая». Пасля заканчэння вучобы ў акадэміі А. Вечар быў аспірантам Інстытута сельскай і лясной гаспадаркі БССР, выкладчыкам у Гарадоцкім тэхнікуме механізацыі сельскай гаспадаркі ў Віцебскай вобласці. У 1931 годзе па ілжывым абвінавачанні, што ён кулак, выключаны з кампартыі, у пошуках работы выехаў у Сочы, з 1937 года жыў у Краснадары, займаўся навуковай працай. У 1951 годзе Аляксандр Сцяпанавіч Вечар стаў доктарам біялагічных навук, з 1959 года – у Мінску, у Акадэміі навук БССР: загадчык аддзела ў Інстытуце біялогіі, пасля – загадчык лабараторыі ў Інстытуце эксперыментальнай батанікі. З 1966 года – акадэмік Акадэміі навук БССР, у 1975 годзе атрымаў званне «Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларускай ССР». Ён – аўтар зборнікаў вершаў «Кола дзён», «Зварот да слова», паэмы «Мая гімназія», пераклаў на беларускую мову паэму А. Пушкіна «Домік у Каломне»

 

Юрка Гаўрук (1905–1979) пасля працы ў сельгасакадэміі з 1931 года быў дацэнтам кафедры літаратуры Магілёўскага педагагічнага інстытута. Арышт 8 студзеня 1935 года і асуджэнне на высылку з Беларусі перарвалі яго педагагічную і літаратурную дзейнасць. Больш за дваццаць гадоў ён працаваў у Карэліі, Усходняй Сібіры, Комі АССР на лесараспрацоўках, землякопам, тынкоўшчыкам, маляром, тапографам. Пасля рэабілітацыі (1956 год) да 1967 года Юрый Паўлавіч Гаўрук – памочнік галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Юрка Гаўрук працаваў у галіне перакладу з англійскай, французскай, нямецкай, польскай, рускай, украінскай на беларускую мову. Ён – аўтар зборніка краязнаўчых апавяданняў «Вясковыя рыскі», першай у Беларусі кнігі паэтычных перакладаў «Кветкі з чужых палёў», зборніка арыгінальных вершаў і перакладаў «Іскры з крэменя», іншых твораў. У 1990 годзе выдадзены зборнік вершаў і перакладаў Юркі Гаўрука «Выбранае».

 

Першы справа ў трэцім радзе – Сцяпан Баркоўскі (1905–1966), які нарадзіўся ў Слуцку. Падлеткам ён удзельнічаў у Слуцкім збройным чыне. У лістападзе 1936 года старшы навуковы супрацоўнік Акадэміі навук БССР Сцяпан Андрэевіч Баркоўскі быў арыштаваны і асуджаны на дзесяць гадоў папраўча-працоўных лагераў. Пакаранне адбываў у Краснаярскім краі, у Казахстане. Пасля рэабілітацыі ў 1955 годзе вярнуўся ў Мінск, займаўся навуковай працай у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР.  

Як літаратурны крытык Сцяпан Баркоўскі сфарміраваўся ў аб"яднанні «Маладняк». У сярэдзіне 1920-х гадоў у яго на кватэры ўтварыўся своеасаблівы «літаратурны салон» маладых літаратараў. Сярод яго твораў – «Анімістычны светапогляд беларуса па песнях», «Ленін у беларускай паэзіі», «Поэтическое наследие Артемия Вериги-Даревского» (разам з Адамам Мальдзісам), артыкулы па беларускай літаратуры, гісторыі, фальклору, краязнаўству, этнаграфіі.

 

У другім радзе (чацвёрты справа) бачым Алеся Сянкевіча (1884–1938) – грамадска-палітычнага дзеяча, навукоўца, літаратара паходжаннем з сялянскай сям"і стаўбцоўскай вёскі Мікалаеўшчына. У 1921–1922 гадах ён – народны камісар аховы здароўя БССР, пасля – на партыйнай і навуковай рабоце. У 1923 годзе чытаў лекцыі на настаўніцкіх курсах у Слуцку і некаторы час жыў у вёсцы Новы Двор у адным доме з Якубам Коласам. Арыштаваны 10 студзеня 1938 года (жыў у Маскве і працаваў ва Усесаюзным радыёкамітэце), расстраляны 29 чэрвеня 1938 года ў Мінску, рэабілітаваны ў 1956 годзе.

  

Побач з А.А. Сянкевічам (трэцяя справа) – Наталля Вішнеўская (1907–1989), ураджэнка горада Коўна (цяпер Каўнас у Літве). Гэта пра яе пісаў Якуб Колас са Слуцка 20 ліпеня 1923 года жонцы, Марыі Дзмітрыеўне: «Адна настаўніца-курсантка паказала мне маленькі сшытачак вершаў свае дачкі. Я пакажу табе гэтыя вершы. Дачка яе – дзяўчынка гадоў 15-16, мала вучылася. Нядаўна яна прыехала сюды. Талент у яе, бясспрэчна, ёсць, і талент вялікі...»

Якуб Колас не толькі заўважыў талент Наталлі, але і дапамог ёй паступіць у Беларускі педагагічны тэхнікум, дзе працаваў выкладчыкам. У Мінску яна актыўна ўвайшла ў літаратурнае жыццё, уступіла ў аб"яднанне «Маладняк». Вершы Наталлі Вішнеўскай друкавалі часопісы «Маладняк», «Чырвоны сейбіт», «Полымя», газета «Савецкая Беларусь» і яе літаратурны дадатак. Мінскае выдавецтв «Кнігазбор» у 2017 годзе выдала кнігу «Бліскавіцы: анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду», у якой змешчаны дзесяць вершаў Наталлі Вішнеўскай.

 

У першым радзе другі справа – Мікола Хведаровіч (1904–1982). Мікалай Фёдаравіч Чарнушэвіч (яго сапраўднае прозвішча) пісаў: «За свой век мне давялося шмат павандраваць па свеце. Але куды б ні закідваў мяне лёс, дзе б я ні быў, – усюды сустракаліся добрыя і ветлівыя людзі. І калі яны пыталіся: «Адкуль вы родам? З якіх мясцін? » – я з гонарам адказваў, што па нацыянальнасці я беларус, нарадзіўся на Случчыне, у мястэчку Капыль. Гэта – мая радзіма».

На Случчыне Мікола Хведаровіч арганізоўваў камсамольскія ячэйкі, у 1923 годзе загадваў хатай-чытальняй ў Цараўцах (цяпер вёска Кірава), у 1924 годзе быў камісарам Слуцкага ваенкамата па дапрызыўнай падрыхтоўцы. У 1934–1937 гадах працаваў адказным сакратаром часопіса «Полымя рэвалюцыі». У жніўні 1938 года М. Хведаровіча арыштавалі і асудзілі на 8 гадоў папраўча-працоўных лагераў, у 1949 годзе паўторна арыштавалі і выслалі ў Краснаярскі край. Рэабілітаваны ў 1955 годзе, праз год вярнуўся ў Беларусь. 

Мікола Хведаровіч – аўтар кніг паэзіі «Настрой», «Рытмы», «Баявыя песні», «Тэмпы-кантрасты», «Вайна за мір», «Усім сэрцам», «Залаты лістапад» і некаторых іншых, а таксама «Выбраных твораў» у двух тамах (1974). У паэме «Беларусь» Мікола Хведаровіч так сказаў пра наш край:

 

Прастораў тваіх не абыдзеш квяцістых.

Пад небам, пад сонцам, вясною і ўлетку

Гамоняць сады над імшой прамяністай, –

Чароўная Случчына, весняя кветка.

 

аўтар: Анатоль Жук

(anatol.zhuk@tut.by)