У нас на сайте
Ссылки

 

 

Слуцк деловой - портал Капитал-маркет

 

Покупай/Продавай на Capital-Market.by

 

SlutskGorod - информационный сайт Слуцка

 

Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Запчасти, расходные материалы и аксессуары для всех популярных марок и моделей автомобилей

 

Ирландское кружево Ольга-Анастасия

 

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Военные мемориалы Беларуси

 

 

 

Новае да гісторыі князёў Слуцкіх

15.07.2019

(З нагоды кнігі А.А. Скеп'ян «Князі Слуцкія»)

Кніга А.А. Скеп'ян «Князі Слуцкія» (Мінск, 2013) прыцягвае ўвагу ўжо тым, што прысвечана аднаму з найбольш знакамітых і ўплывовых літоўска-рускіх княжацкіх родаў і з'яўляецца, як паведамляе аўтар ва ўступе, вынікам больш як дзесяцігадовай працы. Складваецца ўражанне, што выданне прэтэндуе на манаграфію пра род князёў Алелькавічаў-Слуцкіх. А ці атрымалася гэта на самай справе?

Пасля толькі беглага азнаямлення з кнігай з'яўляецца шмат пытанняў адносна яе формы, бо сваім выглядам яна хутчэй нагадвае навукова-папулярнае выданне. Тым не менш кніга мае навуковы апарат і афіцыйна заяўлена як навуковая.

І ва ўступе аўтар пацвярджае, што збіраецца «пазнаёміцца з усімі прадстаўнікамі гэтага роду». Аднак здзіўляе, чаму ранні перыяд гісторыі Алелькавічаў, які ў многім стаў вызначальным для далейшай гісторыі роду, асветлены ў кнізе надзвычай павярхоўна.

Пра прадстаўнікоў Алелькавічаў ад Ула-дзіміра Альгердавіча (спачатку быў кіеўскім князем, а потым князем Капыля і Слуцка) да Міхаіла Сямёнавіча і яго жонкі Анастасіі (11513 г.) пададзены даволі лаканічныя звесткі. Наўрад ці такая сціплая інфармацыя можа дапамагчы разабрацца ў «крыніцах уплыву і прычынах існавання пэўных традыцый, звязаных з князямі Слуцкімі», якія спрабуе знайсці А.А. Скеп'ян. Кароткі выклад ранняй гісторыі Алелькавічаў аўтар тлумачыць абмежаванасцю крыніц, з-за чаго яна вымушана была абапірацца пераважна на беларуска-літоўскія летапісы і польскія хронікі (с. 9). Канешне, дакументаў за гэты перыяд захавалася няшмат, але тым больш здзіўляе, чаму даследчыцай быў праігнараваны цэлы комплекс грамат і іншых крыніц, датычных Алелькавічаў XV – пачатку XVI стагоддзя, прычым некаторыя з іх яна нават мела магчымасць упершыню ўвесці ў навуковы ўжытак.

Першы раздзел пачынаецца са сцвярджэння, што пра гісторыю Слуцка канца XIV стагоддзя «нічога не вядома», а маецца толькі згадка, быццам у 1392 годзе там існавала царква Св. Міхаіла. Само ж Слуцкае княства, паводле А.А. Скеп'ян, з'явілася пасля перадачы гэтых зямель продку Алелькавічаў Уладзіміру Альгердавічу (с. 15). Па-першае, варта адзначыць, што згадкі пра Слуцкае княства цягнуцца ажно са старажытнарускіх часоў. Маем звесткі пра яго і незадоўга да перадачы Слуцка Уладзіміру Альгердавічу ды нават можам назваць імя папярэдняга слуцкага князя. Так, у дакуменце Вітаўта 1387 года згадваецца слуцкі князь Грыгорый [1, s. 13]. Вядома, што ён паходзіў з дынастыі Гедымінавічаў

[2, s. 180–181; 3], г.зн. ужо тады Слуцкам кіраваў літоўскі княжацкі род. Па-другое, прыведзеныя аўтарам звесткі пра згадванне царквы Св. Міхаіла ў 1392 годзе варта разгледзець больш крытычна. Гэта самая ранняя згадка аб слуцкіх цэрквах і, несумненна, вельмі важная для гісторыкаў. Аўтар спасылаецца не на крыніцу, а на выданне XIX стагоддзя з данымі пра прыходы Мінскай епархіі (чамусьці без нумару старонкі). Пасля азнаямлення з гэтым выданнем выяўляецца, што яго аўтары прыводзяць даныя вопісу Нясвіжскага архіва, паводле якога там захоўвалася даравальная грамата князя Алелькі слуцкай Міхайлаўскай царкве, датаваная 1392 годам [4, c. 37]. Аднак жа каму, як не А.А. Скеп'ян, павінна быць добра вядома, што ў 1392 годзе Алелькавічы яшчэ не валодалі Слуцкам, а сам Алелька калі і нарадзіўся, то дакладна не быў у стане рабіць якія-небудзь падарававанні [2, s. 86]. Таму дату 1392 год для граматы ніяк нельга прыняць. Найхутчэй нясвіжскія архівісты проста памылкова яе датавалі, што даволі часта здаралася ў дачыненні да старажытных рускіх дакументаў. Заўважым, што захавалася адна даравальная грамата Алелькі на дзесяціну слуцкаму Міхайлаўскаму касцёлу 1445/1446 года, якая раней зберагалася менавіта ў Нясвіжскім архіве. Касцёлы ў тыя часы па-руску называліся «цэрквамі», так і ў гэтай грамаце, пісанай на рускай мове, фігуруе «царква ляцкая Св. Міхаіла» [5, c. 14]. Верагодна, менавіта гэта грамата і мелася на ўвазе ў старым архіўным вопісе пад датай 1392 года. Асабліва відавочным гэта становіцца, калі заўважыць, што на копіі граматы 1445/1446 года, якая захоўвалася разам з арыгіналам у Нясвіжы, маецца пазначэнне XVIII стагоддзя: «1392. Indykta 9. Kopia funduszu na cerkiew Św. Michał a w Sł ucku od xięcia Alexandra Wołodzimierzowicza» [5, c. 15]. Згаданы дакумент, дарэчы, быў вядомы А.А. Скеп'ян. Тым не менш яна канчаткова заблытвае справу, калі піша, што Алелька «ў 1452 г. нанава фундуе драўляны касцёл у Слуцку», а «ў 1446 г. запісаў дзесяціну (…) на царкву Св. Міхаіла» (с. 18). Пад згадкай 1446 года насамрэч маецца на ўвазе падараванне 1445/1446 года на касцёл Св. Міхаіла, дата ж 1452 года паходзіць з позняй копіі і з'яўляецца відавочна памылковай (найверагодней, гэта проста скажэнне даты 6952 г.) [5, c. 13]. Дарэчы, нягледзячы на публікацыю згаданай фундацыйнай граматы беларускім гісторыкам А.У. Ліцкевічам, аўтар упарта спасылаецца толькі на яе архіўны шыфр. Атрымліваецца, што тры згадкі А.А. Скеп'ян 1392, 1446 і 1452 гадоў пра слуцкія храмы ўзыходзяць да аднаго і таго ж дакумента 1445/1446 года. Такая вось бяда з асвятленнем ктытарскай дзейнасці заснавальніка роду Слуцкіх. Зрэшты, усё гэта не перашкаджае аўтару крытыкаваць расійскіх дарэвалюцыйных гісторыкаў Царквы, якія, паводле яе, «часта не ставілі сваёй задачай выяўленне даставернасці крыніц, цытуючы іх без спасылак і аналізу»… Пэўная блытаніна ў кнізе выйшла нават з датай смерці самога Алелькі, якой аўтар так і не вызначыла. Яна піша, што князь памёр «у 1454 г.», «хаця М. Стрыйкоўскі ўказвае датай яго смерці 1455 г.» (с. 18). На жаль, мы не можам даведацца, адкуль аўтар узяла дату «1454 год» (спасылка адсутнічае). У сапраўднасці адзінай адносна ранняй крыніцай звестак аб смерці Алелькі з'яўляецца «Хроніка Быхаўца». Там пададзена, што князь сканаў у 6962 годзе [6, c. 549]. Даследчыкі пры пераводзе гэтага года на летазлічэнне ад нараджэння Хрыста пазначаюць 1454 год [2, c. 90], хоць больш правільным будзе вызначыць гэты прамежак часу як 1.ІХ.1453–31.VIII.1454 (згодна з вераснёўскім стылем).

Вельмі дзіўна было прачытаць у кнізе, быццам дагэтуль не знойдзены архіў слуцкага Трайчанскага манастыра, таму мы, нібыта, можам спадзявацца выявіць новыя дакументы (с. 10). Магчыма, сапраўдным адкрыццём для аўтара будзе той факт, што гэты архіў ажно з пачатку XX стагоддзя і да сённяшняга дня зберагаецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі і нават мае некалькі друкаваных апісанняў [7; 8]. Ён змяшчае дакументы XV–XVIII стагоддзяў, сярод якіх ёсць і граматы князёў Алелькавічаў. На фоне амбітных намераў аўтара «перагледзець усе вядомыя дагэтуль дакументы і матэрыялы, якія раней прыцягвалі мала ўвагі гісторыкаў», выглядае асабліва неверагодным, што яна не ведала аб існаванні гэтага фонду і не працавала з яго дакументамі. Але айчынныя архіўныя сховішчы ўвогуле засталіся для яе terra incognita, бо абмінуты ў кнізе і адзін з найбольш ранніх аўтэнтычных дакументаў Алелькавічаў, што зберагаецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Гэта даравальная грамата князя Алелькі Лаўрышаўскаму манастыру 1433/1434 года (пра яе скажам ніжэй). Нават копія гэтай граматы, упісаная ў знакамітае Лаўрышаўскае Евангелле, засталася аўтару невядомай. Даследчыца прапускае шэраг дакументаў, звязаных як з княжаннем Алелькі ў Кіеве, так і на беларускіх землях. У выніку яна не ўзгадвае, скажам, той факт, што Алелька валодаў на Беларусі не толькі Слуцкам, але і Лагойскам – цэнтрам старажытнага княства [9, c. 883]. Але ўжо дакладна нельга было абысці такую цікавую для вывучэння гісторыі роду Алелькавічаў крыніцу, як духоўная грамата брата Алелькі – капыльскага князя Андрэя, датаваную 1446 годам. Яна, між тым, збераглася ў арыгінале і ўвогуле належыць да найдаўнейшых захаваных заходнярускіх духоўніц. У гэтым дакуменце выказана родавая свядомасць Андрэя, згадваюцца труны яго продкаў у Кіева-Пячэрскай лаўры [10, № 83]. Пачынаючы з часоў сыноў Алелькі – Сямёна і Міхаіла, да нас дайшоў ужо адносна немалы комплекс даравальных грамат Царкве і прадстаўнікам палітычнай эліты [11, с. 53, 56–57], але ён таксама вядомы аўтару толькі часткова. Цьмяна асветлена і дзейнасць Алелькавага ўнука Сямёна Міхайлавіча ды яго жонкі Анастасіі, якія асабліва вызначыліся ў войнах з татарамі. Скажам, няма ў кніжцы ані слова пра слуцкі летапіс са звесткамі аб дзейнасці княгіні Анастасіі (пра яго ніжэй). Не заслужылі ўвагі аўтара і некалькі рукапісаў, звязаных з гэтай сямейнай парай. Першы – гэта Евангелле XIV стагоддзя з царквы ў Лушневе (цяпер – в. Люшнева Баранавіцкага раёна). Сярод упісаных у яго грамат знаходзім падараванне князя Сямёна Міхайлавіча і яго жонкі Анастасіі [12, № 152]. Другі – гэта Актоіх мяжы XV і XVI стагоддзяў, дастаўлены ў Віленскую публічную бібліятэку са слуцкага Трайчанскага манастыра. Рукапіс падпісаны як «книга князя Семена Михайловича» [13, № 174]. Дарэчы, хоць аўтар, здаецца, ставіла перад сабой мэту адлюстраваць культурнадухоўную дзейнасць Алелькавічаў і, у прыватнасці, іх сувязі з кніжнасцю, звесткі пра старажытныя рукапісы Алелькавічаў XIV–XV стагоддзяў у кнізе чамусьці адсутнічаюць. А.А. Скеп'ян піша толькі пра асобныя рукапісы XVI стагоддзя, ды й тое на падставе прац Г.Я. Галенчанкі (дзіўна, дарэчы, што застаўся абмінуты грунтоўны артыкул пра слуцкія кнігазборы А.П. Грыцкевіча [14]), не палічыўшы патрэбным займацца гэтым асабіста. Але калі нават пагартаць апісанні фондаў рукапісных аддзелаў ці азнаёміцца з адпаведнай літаратурай, можна было б трохі даведацца на гэты конт. Скажам, акрамя ўпамянутых намі Лушнеўскага і Лаўрышаўскага Евангелляў з запісамі князёў Слуцкіх ды Актоіха князя Сямёна, маюцца таксама звесткі пра старажытнае Евангелле князя Уладзіміра Альгердавіча – Алелькавага бацькі, якое ён уклаў у храм с. Смядынь на Палессі. Евангелле змяшчала даравальную грамату князя Уладзіміра смядынскаму храму «себе на память, и княгини моей, и детемь моимь», складзеную, як мяркуецца, паміж 1367 і 1385 гадамі [15]. Няўжо ж усе гэтыя матэрыялы аказаліся настолькі неістотнымі для даследавання А.А Скеп'ян, што яна вырашыла абмежавацца інфармацыяй больш позніх летапісцаў?

Увогуле разгледжаная праца не вытрымлівае ніякай крытыкі з метадалагічнага пункту гледжання. Гэта датычыцца работы аўтара як з крыніцамі, так і з літаратурай. Апошняй яна часта проста не ведае, а крыніцы трактуе зусім некрытычна. Хаця пачатковая частка кнігі заснавана нярэдка на познім летапісным матэрыяле, які патрабуе верыфікацыі, аўтар быццам не зважае на гэта. Многія падзеі XV – пачатку XVI стагоддзя апісваюцца ёю выключна на аснове хронікі Стрыйкоўскага 1582 года, і то пры абсалютным ігнараванні сур'ёзных прац па тэме. Відаць, А.А. Скеп'ян проста не бачыць розніцы паміж хронікамі эпохі барока і працамі даследчыкаў XIX–XX стагоддзяў. Інакш як патлумачыць, што ў адным шэрагу «прац па генеалогіі княжацкіх і шляхецкіх родаў» яна ставіць і вядомую работу даследчыка Ю. Вольфа, і твор Б. Папроцкага XVI стагоддзя (с. 7). У любым выпадку невядома, па якой прычыне нават грунтоўныя працы па гісторыі Алелькавічаў былі аўтарам праігнараваны, як тая ж работа Я. Тэнгоўскага па генеалогіі Гедымінавічаў, дзе рупліва сабраны і прааналізаваны звесткі (прытым уведзены ва ўжытак і новы матэрыял) да біяграфіі першых Алелькавічаў, усебакова адлюстравана іх дзейнасць і матрыманіяльныя сувязі. Але самае галоўнае, што многія звесткі, часта даволі важныя, падаюцца аўтарам без адпаведнага аналізу. Нярэдка А.А. Скеп'ян прыводзіць спасылку на крыніцу без усякага тлумачэння, калі чытач не зможа зразумець, што ўяўляе сабой гэтая крыніца, якое яе паходжанне і г.д. Гэтак жа вольна даследчыца патрактавала нават слыннае Слуцкае Евангелле XVI стагоддзя – адну з важнейшых рэліквій Алелькавічаў, якую, паводле запісанай у ім нататкі 1582 года, нібыта стварыў князь Юрый Слуцкі. А.А. Скеп'ян прыводзіць свае развагі наконт таго, у якіх акалічнасцях князь Юрый мог стварыць Евангелле (с. 114–115), зусім ігнаруючы працы айчынных даследчыкаў, якія паказалі, што запіс 1582 года па многіх прычынах неабходна прызнаць фальшывым, а само Евангелле паводле вадзяных знакаў увогуле датуецца першай паловай XVI стагоддзя [16; 17]. Мякка кажучы, не зусім навукова выглядае эпізод кнігі пра будаўнічую дзейнасць княгіні Анастасіі Слуцкай, якая заснавала ў Слуцку Ніжні замак і ўмацавала Верхні. Звесткі пра будаўніцтва замкаў добра вядомы даследчыкам, яны ўзыходзяць да фрагмента аднаго слуцкага летапісу. Аднак А.А. Скеп'ян прыводзіць тут абсалютна новую інфармацыю, паведамляючы, што «вядома імя майстра, які кіраваў перабудовай і ўмацаваннем слуцкага замка, – Мураш» (с. 31). Заінтрыгаваныя, мы пераходзім па спасылцы і бачым слуцкі краязнаўчы зборнік, дзе знаходзім… фальклорную песню, запісаную ў XX стагоддзі (не гаворачы ўжо, што вельмі сумнеўную паводле свайго зместу). Даследчыца спакойна аперыруе «данымі» песні нароўні з крыніцамі XVI стагоддзя.

Ранні перыяд гісторыі Алелькавічаў надзвычай цікавы сярод іншага і тым, што адлюстроўвае складаную этнаканфесійную і палітычную сітуацыю ў ВКЛ. Калі ўжо аўтар піша ва ўступе, што князі Алелькавічы сталі «сімваламі нацыянальнай гісторыі», то варта было б неяк азнаёміць чытачоў з паходжаннем і этнічнай самасвядомасцю прадстаўнікоў гэтага роду. Нідзе нават не згадана, што Алелькавічы былі прадстаўнікамі літоўскага роду, які прыняў праваслаўе і русіфікаваўся. Зрэшты, прывязанасць да ўсяго рускага не пазбавіла Алелькавічаў літоўскай дынастычнай свядомасці. З аднаго боку, у XV стагоддзі яны называлі сябе «дзедзічамі Кіева», лічачы Кіеўскае княства сваёй вотчынай і жадаючы зрабіць Кіеў сімвалам, вакол якога аб'ядналіся б рускія эліты ВКЛ, а з другога – падкрэслівалі сваё паходжанне ад літоўскіх князёў і імкнуліся здабыць трон у Вільні. Цікава, што хаця ў XIV–XV стагоддзях Алелькавічы займалі выразна прамаскоўскую пазіцыю, аднак ужо ў тыя часы набліжаліся да заходняга культурнага абшару. Гэта чамусьці засталося па-за ўвагай А.А. Скеп'ян. A як жа можна было не разгледзець, скажам, стаўлення Алелькавічаў да царкоўнай уніі XV стагоддзя, дзейнасці Уладзіміра Альгердавіча на карысць Касцёла, ужо не кажучы пра звесткі аб сувязях Алелькі з дваром мазаўшанскага князя ў Варшаве і знаходжанні там яго дзяцей, або пра ўказанне крыніц, што Алелькаў сын прыняў каталіцтва і быў пасланы на вучобу ў Кракаўскі ўніверсітэт [2, s. 88–89]. Калі б А.А. Скеп'ян больш грунтоўна разгледзела гэтыя моманты, то не пісала б з такой упэўненасцю, што Алелькавічы пачалі набліжацца да каталіцкага свету і атрымліваць заходнюю адукацыю толькі з XVI стагоддзя (с. 90–91). Аналіз падобных звестак даў бы магчымасць лепш зразумець пазнейшы цывілізацыйны выбар Алелькавічаў.

Гаворачы пра дзейнасць Алелькавічаў на карысць праваслаўя, варта было б адлюстраваць уласна іх месца ў праваслаўным свеце. Здаецца, А.А. Скеп'ян занадта прыніжае гэту іх ролю, калі сцвярджае, што яны засяроджвалі сваю ўвагу толькі на храмах ва ўласных уладаннях ды што іх дзейнасць не ішла ў параўнанне з прадстаўнікамі іншых заходнярускіх родаў (с. 8–9, 39–40). Зрэшты, яна ўжо сама часткова абвяргае гэтае сцвярджэнне, калі заўважае, што пераважная большасць фундушаў князёў Слуцкіх канца XV – першай паловы XVI стагоддзя прызначалася для Кіева-Пячэрскай лаўры, хоць Кіеў тым часам ужо не належаў да іх маёнткаў (с. 84). Можна яшчэ дадаць, што тады ж Кіева-Пячэрскі манастыр – галоўны праваслаўны манастыр у ВКЛ – афіцыйна быў перададзены каралём пад апеку князёў Слуцкіх [18, s. 140]. Больш таго, раннія крыніцы дэманструюць, што Алелькавічы адыгрывалі выключную ролю ў жыцці праваслаўных ВКЛ – у многім дзякуючы таму, што з'яўляліся гаспадарамі старажытнай сталіцы Русі – Кіева. Так, мітрапаліт Іона пасля свайго пастаўлення на кафедру ў Маскве пісаў у 1451 годзе да князя Алелькі ў Кіеў як да выбітнага і надзвычай уплывовага абаронцы праваслаўя ў ВКЛ, просячы яго дапамагчы ў аб'яднанні Літоўскай і Маскоўскай мітраполій [19, № 66]. Варта таксама заўважыць, што ў Слуцку месцілася адна з рэзідэнцый мітрапаліта, дзе ён часта бываў ды меў магчымасць цесна кантактаваць з Алелькавічамі.

Такім чынам, правільна будзе сказаць, што насамрэч праца А.А. Скеп'ян ахоплівае хутчэй перыяд з 1530-х гадоў, калі, як кажа аўтар, Алелькавічы пачынаюць імкліва паланізавацца. Дзіўна, вядома, што настолькі нецікавым для айчыннай даследчыцы аказаўся больш ранні перыяд гісторыі Алелькавічаў, калі род яшчэ быў трывала звязаны з беларускай культурай. Адносна пазнейшага перыяду А.А. Скеп'ян увяла ў навуковы ўжытак шэраг новых крыніц. Зрэшты, пераважная іх большасць належыць да дакументаў фінансавагаспадарчага характару, і менавіта такая сфера дзейнасці Алелькавічаў была разгледжана ў працы найбольш шырока. Гэтай заслугі А.А. Скеп'ян нельга адмовіць, аднак і тут таксама засталіся сур'ёзныя недахопы. Так, імкнучыся падрабязна разгледзець маёмасна-гаспадарчае становішча Юрыя Сямёнавіча Слуцкага, аўтар чамусьці палічыла залішнім зазірнуць, скажам, у Літоўскую метрыку, а менавіта – у кнігу запісаў № 17 (пакуль не выдадзена), дзе можна знайсці цэлы шэраг цікавых актаў, датычных набыцця Юрыем Сямёнавічам новых маёнткаў, пацвярджэння старых дакументаў, яго спрэчак з гарадзенскай плябаніяй і інш. Не менш дзіўна і тое, што, адзначаючы абмежаванасць крыніц, звязаных з дзейнасцю апошніх Алелькавічаў – Аляксандра, Юрыя і Яна Сімяона (с. 87), даследчыца абыходзіць увагай комплекс лістоў да Аляксандра і Яна Сімяона – фактычна частку архіва князёў Слуцкіх, які зараз захоўваецца ў Нацыянальным архіве г. Кракава і змяшчае даволі цікавыя дакументы (пра іх асобна ніжэй).

Словам, не такога выніку трэба было чакаць ад «больш як дзесяцігадовай працы» аўтара з магчымасцю шматлікіх выездаў у замежныя архівы і кансультацыямі з айчыннымі і замежнымі спецыялістамі, аб чым яна піша ва ўступе. Безумоўна, выказаны толькі некаторыя заўвагі да працы А.А. Скеп'ян, ды й мэта публікацыі не падрабязны яе разбор. Аднак, думаецца, нават гэтыя назіранні дазваляюць скласці ўражанне пра кнігу. Апрача ўсяго, гэтая праца, на жаль, з'яўляецца ў пэўным сэнсе люстэркам тэндэнцый, якія назіраюцца ў многіх сучасных беларускіх даследаваннях, прысвечаных эпосе Сярэднявечча і пачатку Новага часу.

Пяройдзем цяпер непасрэдна да агляду новых крыніц па гісторыі князёў Алелькавічаў, якія могуць паслужыць далейшаму і, спадзяёмся, больш грунтоўнаму даследаванню роду. Ніжэй мы падаём толькі агульныя звесткі з каментарыем да гэтых крыніц, арыгінальныя ж іх тэксты чытач можа знайсці ў нашай асобнай публікацыі [20].

Грамата князя Алелькі 1433/1434 года (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Фонд 147. Воп. 2. Спр. 179. Арк. 1). Згодна з гэтым дакументам, Алелька дараваў Лаўрышаўскаму манастыру дзесяціну са свайго маёнтка Турэц (цяпер у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці). Скарочаная копія граматы тады ж была ўпісана і ў манастырскае Евангелле [21, s. 66]. Грамата была выдадзена ў самім Турцы, але мае толькі гадавую і індыктавую даты: 6942 год, індыкт 12. Індыкт і год адпавядаюць 1.ІХ.1433 – 31.VIII.1434. У гэты час у Вялікім Княстве Літоўскім ішла вайна паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам. Падчас выдання дакумента Алелька мусіў знаходзіцца на баку Жыгімонта, якому тады падпарадкоўвалася Наваградчына. Дакумент доўгі час захоўваўся ў архіве Лаўрышаўскага манастыра. У 1571 годзе за яго разгарэлася спрэчка паміж тагачасным лаўрышаўскім архімандрытам і Алелькавым нашчадкам – князем Юрыем Юр'евічам Слуцкім. Архімандрыт скардзіўся, што князь забраў з манастырскага архіва гэтую грамату і не жадаў вяртаць. Вядомы таксама ліст Ю.Ю. Слуцкага да архімандрыта, у якім князь выказваў «подивенье» наконт звінавачання яго ў прысваенні дакумента, але абавязваўся надалей плаціць манастыру нададзеную Алелькам дзесяціну [22, s. 102–103]. Так ці інакш, пазней дакумент таксама зберагаўся ў манастыры прынамсі да канца XVIII стагоддзя.

Паперы Аляксандра і Яна Сімяона Алелькавічаў 1588–1600 гадоў. У кракаўскім архіве ў калекцыі Русецкіх знаходзім комплекс дакументаў Аляксандра і Яна Сімяона Слуцкіх (Archiwum Narodowe w Krakowie. Zbiór Rusieckich 50). Гэта 37 дакументаў за 1588–1600 гады. Асноўную іх частку складае асабістая карэспандэнцыя: лісты, пісаныя да Аляксандра і Яна Сімяона падчас іх побыту ў Польшчы. Маюцца тут таксама некалькі прывілеяў князёў Слуцкіх (датычаць маёмасці у Кароне), судовыя позвы да іх і прывілей жонкі Яна Сімяона – Сафіі Мялецкай. Усе дакументы, акрамя позваў Наваградскага суда, пісаны па-польску. Большасць дакументаў датычацца фінансавамаёмасных спраў. Аднак вылучаюцца тут і некалькі груп, несумненна, даволі важных лістоў. Некаторыя з іх адлюстроўваюць удзел Алелькавічаў у палітычных справах. Напрыклад, цікавы ліст слугі князя Аляксандра ад 13 ліпеня 1588 года з данясеннем аб справах пры каралеўскім двары: аб перамовах наконт вызвалення аўстрыйскага эрцгерцага Максіміляна (быў прэтэндэнтам на польскі трон, у выніку няўдалай інтэрвенцыі 1587 года ўзяты палякамі ў палон), аб прыбыцці пасла іспанскага караля і папскага легата, аб сустрэчах караля з рознымі саноўнікамі (s. 7–8). Звяртаюць на сябе ўвагу таксама лісты 1591 года да Яна Сімяона Слуцкага ад Ярэміі Магілы і яго жонкі (s. 83–84, 117–120). Гэта вядомы малдаўскі саноўнік, будучы гаспадар Малдавіі (1595–1605), які ў жніўні 1591 года ўцёк у Польшчу і пэўны час там жыў. У лісце ён шчыра дзякаваў Слуцкаму за нейкія «вялікія дабрадзействы».

Яшчэ адна група лістоў адлюстроўвае сувязі Алелькавічаў, якія тады знаходзіліся ў Польшчы, з родным Слуцкам. Цікавы ліст слуцкага пратапопа Багдана ад 7 мая 1591 года (s. 43–46). Ён паведамляў, што князь Ян Сімяон перадаў раней прыналежныя слуцкаму пратапопу гасціны дом, карчму з правам продажу гарэлкі і мёду ў арэнду яўрэю Юдку. Аднак апошні перастаў плаціць за арэнду і адмаўляўся вяртаць нерухомасць, а будынкі тым часам пагнілі і не выкарыстоўваліся, што наносіла значны ўрон скарбу. У лісце адчувальны папрок да князя, бо той «рачыў быць ласкавы жыдам». Пратапоп піша, што яго служба князю, прыхільнаму яўрэйскім прадпрымальнікам, кампраметуе яго ў вачах насельніцтва. З ліста сярод іншага даведваемся, што пратапоп меў цесныя кантакты з князем, нават ездзіў да яго ў Кракаў.

Даволі важным уяўляецца таксама данясенне войта Кіпрыяна Цішэвіча са Слуцка, у якім падрабязна апісваецца напад на Случчыну запарожскіх казакаў. Як вынікае з ліста, казакі ўчынілі напад на ваколіцы Слуцка – мястэчка Любань і сяло Таль. Ліст датаваны 22 сакавіка (паводле старога стылю), без гадавой даты. Ён дакладна быў напісаны не пазней за 1591 год, бо ў чэрвені таго года адрасат – князь Аляксандр Слуцкі – памёр [23, s. 334], а восенню 1591 года не жыў ужо і сам Цішэвіч. Лічыцца, што казакі ўпершыню напалі на Случчыну ў 1595 годзе падчас паўстання С. Налівайкі [24, c. 269]. Бачым, аднак, што запарожскія войскі даходзілі сюды нашмат раней. Увогуле першыя звесткі пра казацкія «свавольствы» – напады, якія суправаджаліся рабаўніцтвам і забойствамі, вядомы на Украіне з 1580-х гадоў. Пазней яны сягалі далей, даходзячы і на тэрыторыю Беларусі. Так, увесну 1590 года казакі ўчынілі напад на Быхаўскую воласць [24, c. 220–221]. Думаецца, наш ліст варта было б датаваць недзе 1590–1591 гадамі. Такім чынам, перад намі каштоўнае сведчанне пра адзін з першых нападаў запарожскага войска на беларускія землі.

Яшчэ ў адным сваім лісце войт Кіпрыян Цішэвіч паведамляў пра бягучыя гаспадарчыя справы ў Слуцку: продаж жыта, спагнанне грошай і да т. п. У канцы ён прасіў князя наведаць горад, аб чым ужо шматкроць пісаў да яго (s. 53–56). У лісце слугі князя Яна Сімяона ад 11 лістапада 1591 года (s. 73–76) паведамляецца аб смерці слуцкага войта і прызначэнні на пасаду яго сына Міхаіла. Імя памерлага войта там не названа, але вядома, што да гэтага часу пасаду займаў К. Цішэвіч (гл. у кнізе А.А. Скеп'ян на с. 145).

Нарэшце, можна адзначыць лісты да князёў Слуцкіх ад каталіцкіх святароў – слуцкага ксяндза Паўла Яленскага (s. 49–52) і ксяндза езуіцкага калегіума ў Ярославе (у Кароне) Пятра Фабрыцыя (s. 77–80). Апошні ліст згадвае пра ктытарскую дзейнасць князя Аляксандра і яго жонкі на карысць Касцёла, за што ксёндз ім дзякаваў (s. 77–80).

Слуцкі летапіс XVI–XVII стагоддзяў. У 1867 годзе Віленскай археаграфічнай камісіяй быў надрукаваны невялікі летапісны фрагмент слуцкага паходжання, выяўлены ў Нясвіжскім архіве [25, c. VII]. Выдаўцы выказалі надзею, што з часам будзе знойдзены ўвесь гэты летапіс, аднак дагэтуль пра яго па-ранейшаму нічога не было вядома. І вось нарэшце, амаль праз 150 гадоў пасля публікацыі Археаграфічнай камісіі, нам выпала магчымасць высветліць, што гэта быў за летапіс. У зборах польскага калекцыянера Т. Неваднічанскага, які жыў у Германіі, перададзеных у 2009 годзе ў Бібліятэку каралеўскага замка ў Варшаве, можна адшукаць падборку летапісных запісаў пра Слуцк (BZKW, TN № 14227). Пісаны яны на адным аркушы, верагодна, вынятым з нейкага рукапісу XVIII стагоддзя (па краях бачны сляды абрэзаў). Найбольш познія летапісныя запісы адносяцца да першай паловы XVIII стагоддзя. Большую частку аркуша займае тэкст слуцкага летапісу, які коратка распавядае пра старажытную гісторыю горада да часоў княгіні Анастасіі Слуцкай. І вось знаходзім у гэтым летапісе той самы фрагмент, апублікаваны Археаграфічнай камісіяй у 1867 годзе. Наш летапіс скапіраваны па-польску (прытым даволі нядбайна), аднак несумненна, што яго арыгінал быў пісаны па-руску, як і фрагмент з Нясвіжскага архіва. Мае загаловак «Prognostyk», што значыць «Прадказанне». Сапраўды, знаходзім тут прадказанне аб будучыні Слуцка, якому, аднак, папярэднічае кароткі выклад гісторыі горада. Першымі слуцкімі князямі называюцца вялікія князі літоўскія, час панавання якіх паблытаны – спачатку тут меў княжыць Свідрыгайла («Fedrygajła»), а потым Альгерд. Трэцім слуцкім князем меў быць Сямён Міхайлавіч, з якога наратыў становіцца ўжо больш падрабязным і настае ўласна тэкст прыпавесці. Гаворыцца, што князь Сямён Міхайлавіч увесь час праводзіў на войнах з татарамі, княгіня ж Анастасія сумавала па сваім мужы і вымушана была сядзець у Слуцку. Гэты аповяд, хоць і прыбраны ў легендарны строй, прынамсі часткова адпавядае рэчаіснасці. Так, князь Сямён (†1503 г.) сапраўды вядомы сваім змаганнем з татарамі. Пасля яго заўчаснай смерці Анастасія мусіла самастойна ўмацоўваць замак і адбіваць татарскія напады. У прыватнасці, яна пашырыла замак і разбудавала горад. І вось тут у летапісе змешчана прароцтва, згодна з якім Слуцку прадракалася слава і веліч, пасля чаго, аднак, мусіў настаць абсалютны заняпад, калі загіне праўдзівая вера, уладары горада будуць любіць срэбра і сяліць тут чужынцаў – у першую чаргу яўрэяў. Усё гэта выкліча гнеў мясцовага люду і справакуе страшэнныя паўстанні. Відаць, тут мы маем справу з г.зв. vaticinium ex eventu – прароцтвам, запісаным пасля яго, прынамсі, частковага ажыццяўлення. Перад намі нібыта паўстае водгук падзей канца XVI – сярэдзіны XVII стагоддзя, калі ў горадзе на самай справе ўзрастала яўрэйская грамада, з'яўляліся прадстаўнікі іншых канфесій, калі гвалтам пашыралася царкоўная унія ды пачаўся перыяд працяглых рэлігійных канфліктаў і казацкіх паўстанняў. У летапісе прасочваецца фактычна крытыка князёў Слуцкіх, якія падтрымлівалі яўрэяў і спрыялі развіццю іх прадпрымальніцкай дзейнасці. Незадавальненне случанаў такой палітыкай князёў Слуцкіх назіраецца прынамсі з канца XVI стагоддзя. Красамоўны прыклад знаходзім у лісце слуцкага пратапопа Багдана ад 1591 года да князя Аляксандра Слуцкага (гл. вышэй). Апошнія князі Слуцкія не вельмі клапаціліся пра горад, любілі раскошу і патаналі ў пазыках. Гэта таксама супадае з прароцтвам летапісца пра ўладароўсрэбралюбцаў. Падобныя назіранні даюць ускосныя арыенціры для датавання летапісу. Час яго напісання, канешне, не пазней як XVII стагоддзе, бо вядомыя спісы датуюцца пачаткам XVIII стагоддзя. Варта таксама заўважыць, што тэкст пісаўся ў тыя часы, калі ў Рэчы Паспалітай руская мова яшчэ не была цалкам маргіналізавана і шырока выкарыстоўвалася ў мясцовай гістарычнай літаратуры. Мяркуючы па апісанні дзейнасці Анастасіі Слуцкай, якое мае легендарныя рысы, летапісец жыў ужо пасля яе эпохі, але не надта позна, бо прыводзіў пра княгіню звесткі, якія, трэба думаць, былі ўзяты з памяці і яшчэ мусілі бытаваць сярод старэйшага насельніцтва. На падставе ўсіх выказаных назіранняў можна было б аднесці летапіс недзе да канца XVI – першай паловы XVII стагоддзя. У любым выпадку надзейна датаваць летапіс можна толькі агулам XVI–XVII стагоддзямі.

ЛІТАРАТУРА


1. Codex epistolaris Vitoldi magni ducis Lithuaniae. – Cracoviae, 1882.

2. Tęgowski, J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów / J. Tęgowski. – Poznań – Wrocław, 1999.

3. Prochaska, A. Rokosz Hryćka Konstantynowicza 1387–1390 / A. Prochaska // Kwartalnik Historyczny. – 1908. – Nr. 22. – S. 392–396.

4. Описание церквей и приходов Минской епархии. – Вып. 3. – Минск, 1879.

5. Ліцкевіч, А.У. Старабеларускія граматы XV ст. з Archiwum Głównego Akt Dawnych у Варшаве / А.У. Ліцкевіч // Здабыткі. – Вып. 11. – Мінск, 2009.

6. Полное собрание русских летописей. – Т. 17: Западнорусские летописи. – СПб., 1907.

7. Брэгер, Г.М., Лінская, Л.А. Фрагмент архіва Слуцкага Трайчанскага Свята-Траецкага манастыра ў фондах НМГІКБ / Г.М. Брэгер, Л.А. Лінская // Беларускі археаграфічны штогоднік. – Вып. 5. – Мінск, 2004. – C. 47–72.

8. Снитко, А. Описание документов, составляющих первый том Слуцкого Тройчанского архива (XVI–XVII вв.) / А. Снитко. – Минск, 1913.

9. Русская историческая библиотека. – Т. 20. – СПб., 1903.

10. Розов, В. Українські грамоти / В. Розов. – Т. 1: XIV в. і перша половина XV в. – Київ, 1928.

11. Клепатский, П.Г. Очерки по истории Киевской земли / П.Г. Клепатский. – Одесса, 1912.

12. Сводный каталог славяно-русских рукописных книг, хранящихся в России, странах СНГ и Балтии. XIV век. Вып. 1 (Апокалипсис – Летопись Лаврентьевская) / Редколл. О.А. Князевская, Н.А. Кобяк, А.Л. Лифшиц, Н.Б. Тихомиров, А.А. Турилов, Н.Б. Шеламанова. – М., 2002.

13. Добрянский, Ф.Н. Описание рукописей Виленской Публичной Библиотеки: церковно-славянских и русских / Ф.Н. Добрянский. – Вильна, 1882.

14. Грицкевич, А.П. Книжное дело в феодальном Слуцке в XVI–XVIII вв. / А.П. Грицкевич // Вопросы библиографоведения и библиотековедения. – Вып. 4. – Минск, 1983. – C. 52–61.

15. Кузьмин, А.В. О времени составления грамоты киевского великого князя Владимира Ольгердовича «Святому Николе смединьскому» / А.В. Кузьмин // Восточная Европа в древности и Средневековье. Автор и его источник: восприятие, отношение, интерпретация. XXI Чтения памяти чл.-корр. АН СССР В.Т. Пашуто, Москва, 14–17 апреля, 2009 г.: Материалы конференции. – М., 2009. – С. 173–174.

16. Клімаў, І.П. Да пытання аб атрыбуцыі і датаванні Слуцкага Евангелля XVI ст. / І.П. Клімаў // Здабыткі. – Вып. 11. – Мінск, 2009. – C. 41–49.

17. Пазднякоў, В.С. Вадзяныя знакі Слуцкага Евангелля / В.С. Пазднякоў // Матэрыялы IX міжнародных кнігазнаўчых чытанняў «Статут Вялікага княства Літоўскага ў гісторыі культуры Беларусі», Мінск, 18–19 крас., 2013 г. – Мінск, 2013. – C. 199–205.

18. Chodynicki, K. Kościół prawosławny a Rzeczpospolita Polska (1370–1632) / K. Chodynicki. – W-wa, 1934.

19. Русская историческая библиотека. – Т. 6. – СПб, 1908.

20. Мікульскі, Ю.М. Некаторыя матэрыялы да гісторыі роду князёў Алелькавічаў-Слуцкіх і г. Слуцка XV–XVI ст. (з нагоды кнігі А.А. Скеп'ян «Князі Слуцкія») / Ю.М. Мікульскі // Белару-ская даўніна. – Вып. 1. – Мінск, 2014.С. 151–167.

21. Fridelówna, T. Ewangeliarz Ławryszewski. Monografia zabytku / T. Fridelówna. – Wrocław, 1974.

22. Vilniaus universiteto biblioteka. – F4-A-2105.

23. Wolf, J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca XIV wieku / J. Wolf. – W-wa, 1896.

24. Грушевский, М. История Украины-Руси / М. Грушевский. – Т. 7: Казацкие времена – до года 1625. – Киев, 1913.

25. Археографический сборник документов, издаваемый Виленскою Археографическою комиссиею. – Вып. 1. – Вильна, 1867.



ПРА АЎТАРА

МІКУЛЬСКІ Юрый Мікалаевіч.


Нарадзіўся ў 1988 годзе ў Мінску. У 2011 годзе скончыў гістарычны факультэт Ягелонскага ўніверсітэта (г. Кракаў, Польшча), атрымаў званне магістра.

З 2012 года – малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Аўтар шэрагу навуковых і навукова-папулярных артыкулаў у беларускіх і замежных выданнях. Сфера навуковых інтарэсаў: палітыка Польшчы і Літвы на беларускіх землях у эпоху Сярэднявечча і пачатку Новага часу, гісторыя Царквы на Беларусі ў XIII–XVIII стагоддзях, археаграфія і архіўная справа.

Крыніца: БЕЛАРУСКАЯ ДУМКА № 9, 2014
На застаўцы – Грамата князя Алелькі 1433/1434 года


 

 



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 101. Последнее 2019-08-19 00:03:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 2-36-20
hvorov@inbox.ru