У нас на сайте
Ссылки

 

 

Слуцк деловой - портал Капитал-маркет

 

Покупай/Продавай на Capital-Market.by

 

SlutskGorod - информационный сайт Слуцка

 

Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Запчасти, расходные материалы и аксессуары для всех популярных марок и моделей автомобилей

 

Ирландское кружево Ольга-Анастасия

 

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Военные мемориалы Беларуси

 

 

 

Школа ў пасляваенны час

   Пры адступленні гітлераўскія акупанты спалілі галоўны будынак школы. Заставаўся толькі драўляны флігель і ў памяшканні гарадской пажарнай каманды захавалася частка лавак і школьных дошак, перавезеных туды ў першыя дні вайны. За час гаспадарання нямецка-фашысцкіх захопнікаў школа страціла маёмасці на 649 553 рублі (акт страт знаходзіцца ў Слуцкім архіве).
   Ужо ў першыя дні пасля вызвалення горада органы Савецкай улады пачалі рыхтавацца да 1944/45 навучальнага года. У дырэктыўным пісьме Мінскага аблана ад 22 ліпеня 1944 года адзначалася: нямецка-фашысцкія захопнікі разбурылі школы, дзіцячыя ўстановы, бібліятэкі, дзеці на працягу трох гадоў не вучыліся, і задача органаў народнай асветы заключаецца ў тым, каб ліквідаваць «вынікі гаспадарання немцаў у галіне народнай адукацыі». У гэтым пісьме даваліся канкрэтныя ўказанні па аднаўленню работы школ.     I. I. Барысевіч успамінае: «Адразу ж пасля вызвалення горада ад нямецкіх акупантаў гарадскі аддзел народнай асветы даручыў мне падрыхтаваць школу да заняткаў. Паколькі галоўны будынак яе быў знішчаны, мы рыхтавалі драўляны флігель. Настаўнікі, вучні і іх бацькі дружна ўзяліся за працу. Мы засыпалі ямы, варонкі ад бомбаў і снарадаў, зашклілі вокны, падрамантавалі дзверы, прывезлі парты і дошкі. Недзе 15 жніўня я перадаў школу першаму яе пасляваеннаму загадчыку Дзятловічу Антону Васільевічу».
   У жніўні 1944 года была, як звычайна, праведзена настаўніцкая нарада, на якой педагогаў пазнаёмілі з загадамі аб новых правілах для вучняў, адмене славеснай сістэмы ацэнкі паспяховасці і паводзін і ўвядзенні лічбавай пяцібальнай сістэмы.
   Заняткі ў школах горада пачаліся 1 верасня 1944 года. Аднавіць цалкам работу сярэдняй школы №1 адразу не ўдалося з-за адсутнасці памяшканняў. У яе флігелі пачала працаваць беларуская пачатковая школа №1.
   Са справаздачы за 1944/45 навучальны год відаць, што школа працавала 201 дзень. У першы год пасля вызвалення ў ёй налічвалася 6 класакамплектаў са 196 вучнямі.
   У наступныя навучальныя гады колькасць вучняў у школе павялічылася да 304 чалавек.
   На канец навучальнага года ў школьнай бібліятэцы налічвалася 164 кнігі, школа мела ўсяго чатыры класныя пакоі, агульная плошча якіх складала 288 квадратных метраў.
   У 1944—1949 навучальных гадах у школе працавала 8 настаўнікаў. Загадчыкам тут увесь час быў А. В. Дзятловіч. Ніхто з выкладчыкаў не меў вышэйшай адукацыі, а ў некаторых не было нават сярэдняй педагагічнай (яны прайшлі толькі трохмесячныя настаўніцкія курсы).
   У 1949/50 навучальным годзе школа была адноўлена як 1-я руская сярэдняя агульнаадукацыйная. Дырэктарам прызначылі Л. М. Кузняцова. (Цяпер персанальны пенсіянер, заслужаны настаўнік БССР.) Гадавая справаздача за 1949/50 навучальны год сведчыць, што ў першы год пасля аднаўлення сярэдняй школы ў ёй было 816 вучняў. Значна павялічылася колькасць класакамплектаў (да 21 класа). У школе ў гэтым навучальным годзе працавалі 28 настаўнікаў, з якіх 9 мелі вышэйшую адукацыю і 5 — незакончаную вышэйшую. Сярод настаўнікаў налічвалася 3 члены ВКП(б). Гэта дало магчымасць утварыць партыйную арганізацыю. Сакратаром яе быў настаўнік Ф. С. Басалыга. Выпуску ў 1949/50 навучальным годзе яшчэ не было, бо са старэйшых класаў у школе існаваў толькі VIII клас.
   Партыйная арганізацыя школы і дырэкцыя ўжо ў першы год пасля аднаўлення яе як сярэдняй прымалі меры для пашырэння палітычнага і культурнага кругагляду настаўнікаў. У школе працаваў гурток па вывучэнню гісторыі ВКП(б), для настаўнікаў былі прачытаны лекцыі аб дыялектычным матэрыялізме, а таксама на літаратуразнаўчыя тэмы: «Аб жыцці і дзейнасці М. Лермантава», «Маякоўскі — адзін з лепшых паэтаў савецкай эпохі» і інш., былі створаны метадычныя секцыі настаўнікаў малодшых класаў, мовы і матэматыкі.     Партыйная арганізацыя, дырэкцыя школы разам з бацькоўскім камітэтам прымалі захады да выканання рашэнняў партыі і ўрада аб усеагульнай сямігадовай адукацыі. Многа ўвагі звярталася на вывучэнне матэматыкі, моў і на фізічнае выхаванне вучняў. Шмат школьнікаў уваходзілі ў розныя прадметныя гурткі.
   У наступным, 1950/51 навучальным годзе назіраюцца значныя зрухі ў справе вучэбна-выхаваўчай работы. Колькасць настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй павялічылася да 23 (толькі 13 выкладчыкаў мелі сярэднюю адукацыю), шмат увагі адводзілася метадычнай рабоце. Усё гэта дало станоўчыя вынікі.
   1950/51 навучальны год на «4» і «5» закончыў школу 151 чалавек (з 876). Праўда, агульны лік непаспяваючых вучняў заставаўся яшчэ адносна вялікім. У гадавой справаздачы адзначалася, што прычына гэтага заключалася ў тым, што не на належную вышыню было пастаўлена выкладанне некаторых прадметаў, слаба праводзіўся кантроль за працай настаўнікаў, не заўсёды прымяняліся на ўроках наглядныя дапаможнікі.
   Каб пераадолець недахопы ў рабоце, дырэкцыя школы пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года ўдзяліла шмат увагі набыццю наглядных дапаможнікаў, фізічных, хімічных і іншых прыбораў...
   Не будзем падрабязна спыняцца на ўсіх навучальных гадах пасляваеннага перыяду ў рабоце школы, звернемся да 1965/66 навучальнага года, калі яна рыхтавалася адзначыць свой 350-гадовы юбілей. К гэтаму часу тут было абсталявана 5 кабінетаў: фізічны, хімічны, біялагічны, дамаводства і машыназнаўства. Быў утвораны метадычны куток і куток перадавога вопыту з багатым матэрыялам па вучэбнай і выхаваўчай рабоце. У школе працавалі 9 прадметных і 12 тэхнічных гурткоў.
   Вучні паспяхова выступалі на абласных і гарадскіх алімпіядах па матэматыцы, фізіцы, хіміі і замежнай мове. Школьная бібліятэка налічвала 6 тысяч грамадска-палітычных і мастацкіх кніг.
   Школа значную ўвагу ўдзяляла працоўнаму навучанню сваіх выхаванцаў. Напрыклад, на вучэбна-доследным участку плошчай 0,5 гектара быў пладова-ягадны гадавальнік і сад, дзе паспяхова праводзіліся доследныя работы. Па іх выніках школа некалькі гадоў запар была ўдзельніцай Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі, а гурток юных натуралістаў узнагароджваўся дыпломам I ступені Мінскага аблвыканкома.
   Вялікая ўвага надавалася фізічнаму выхаванню вучняў. Тут была спартыўная зала, стадыён з футбольнай, валейбольнай і баскетбольнай пляцоўкамі. За дасягненні ў фізічнай культуры і спорце было заваёвана 11 пераходных кубкаў. У 1967 годзе 31 спартсмен змагаўся за гонар горада на абласных спаборніцтвах, 6 былі на рэспубліканскіх. 3 выпускнікоў школы 3 чалавекі сталі членамі спартыўных зборных каманд рэспублікі.
   Вялікая работа праводзілася па эстэтычнаму выхаванню. У школе быў створаны сімфанічны аркестр. На III рэспубліканскім аглядзе мастацкай самадзейнасці вакальны актэт дзяўчынак атрымаў званне лаўрэата, а два вучні сталі дыпламантамі.
   Да 1965 года педагогі выдалі 12 нумароў рукапіснага метадычнага часопіса, дзе расказвалі аб перадавым вопыце настаўнікаў школы. Выкладчыкі падрыхтавалі больш за 150 метадычных распрацовак. Значэнне многіх з іх выходзіла за рамкі школы (большую частку метадычных прац настаўнікаў перадалі ў гарадскі педагагічны кабінет).
   Настаўнікі школы павышалі свой ідэйна-палітычны ўзровень у двух семінарах, дзе вывучалі матэрыялы па камуністычнаму выхаванню юнацтва, дзяліліся перадавым вопытам на семінарах, наведвалі адкрытыя ўрокі.
   3 добрымі вынікамі закончыў педагагічны калектыў 1965/66 навучальны год. На канец года ў школе налічвалася 905 вучняў (каля 40 % з іх закончылі навучальны год на «4» і «5»). Выпушчана было са школы і пераведзена ў наступныя класы 866 вучняў, 114 вучняў атрымалі пасведчанні аб сярэдняй адукацыі. Больш чым 50 % здалі вы - пускныя экзамены на «добра» і «выдатна».
   Разам з атэстатамі аб сярэдняй адукацыі вучні атрымалі пасведчанні токараў, шафёраў, слесараў, прадаўцоў і швеяў. Гэты поспех быў дасягнуты дзякуючы дапамозе прадпрыемстваў горада, шэфаў школы.
   Летам 1967 года школа ўрачыста адзначыла свой 350-гадовы юбілей.
   3 1960 па 1977 год у будынку сярэдняй школы №1 працавала міжраённая завочная сярэдняя школа. Мы, камуністы-настаўнікі гэтай школы, уваходзілі ў партыйную арганізацыю 1-й школы і прымалі актыўны ўдзел у яе рабоце, так што жыццё старэйшай школы Беларусі давялося вывучаць не толькі збоку...
   У 1980 годзе было закончана будаўніцтва новага галоўнага корпуса школы на 1176 месц. Дзяржава асігнавала на будаўніцтва 780 тысяч рублёў. Цяпер у школе абстаўлена 35 сучасных класных пакояў, ёсць актавая зала на 240 месц, спартыўная зала, сталовая на 208 месц, а ў падвальным памяшканні — цір. Закончана будаўніцтва школьнага стадыёна. Школа мае ўсе прадметныя кабінеты і лабаранцкія пакоі пры іх.
   У будынку былой гімназіі, які ўдала спалучаны з новым корпусам цёплым пераходам, на першым паверсе размясцілася школьная майстэрня, а на другім — у былой актавай зале гімназіі, дзе некалі Якуб Колас чытаў для слухачоў настаўніцкіх курсаў рукапіс паэмы «Новая зямля», — абсталяваны музей.
   У 1983/84 навучальным годзе ў школе працавалі 32 звычайныя, два падрыхтоўчых класы і дзве групы падоўжанага дня.
   Згодна са справаздачай школы за гэты навучальны год, у ёй навучаліся 1279 чалавек. 50, 1 % вучняў скончылі навучальны год на «4» і «5», 159 — толькі на «5».
   У школе кожны трэці настаўнік — член КПСС. Намаганні камуністаў накіраваны на фарміраванне ў вучняў навуковага светапогляду, вялікай адданасці камуністычным ідэалам, выхаванню падрастаючага пакалення на прыкладзе жыцця і дзейнасці У.I. Леніна, баявых і працоўных традыцыях Камуністычнай партыі і савецкага народа.
   Асабісты прыклад камуністаў дазваляе адміністрацыі школы ў цесным узаемадзеянні з партыйнай арганізацыяй ствараць у калектыве работнікаў школы творчы настрой, дзелавы мікраклімат. Апорай камуністаў служыць камсамольская арганізацыя. У школе 29 настаўнікаў-камсамольцаў.
   Тут праводзіцца вялікая работа па ваенна-патрыятычнаму выхаванню вучняў. Дзякуючы стараннай паўсядзённай рабоце педагогаў многія юнакі сталі афіцэрамі Савецкай Арміі.
   Сёмы год лагер працы і адпачынку «Равеснік» займае ў сацыялістычным спаборніцтве прызавыя месцы, узнагароджаны дыпломам Міністэрства асветы БССР.
   Многа добрых спраў на ўліку камсамольскай і піянерскай арганізацый. Вучні збіраюць шмат макулатуры, металалому, упарадкавалі школьны стадыён. Устаноўлены цесныя шэфскія сувязі з заводам «Эмальпосуд», РБУ-4, аўтакамбінатам №2. У школьных вучэбных майстэрнях вучні выконваюць заказы завода «Эмальпосуд» па апрацоўцы іх прадукцыі.
   За пасляваенны час сярэднюю адукацыю ў сценах школы атрымалі звыш 1500 чалавек. Сярод выпускнікоў шмат рабочых, інжынераў, настаўнікаў. Многія выпускнікі пасляваеннага часу абаранілі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі і працуюць у навукова-даследчых і ў вышэйшых навучальных установах краіны. Назавём некаторых з іх: А. Рытвінскі, доктар тэхнічных навук; В. Басалыга, Э. Барысевіч, В. Казлоў, А. Пашкееў, Л. Бабко, кандыдаты тэхнічных навук, і іншыя.
   Слуцкая сярэдняя школа №1 прайшла вялікі і складаны шлях у сваім развіцці. Яна падрыхтавала тысячы адукаваных людзей, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё навукі, тэхнікі, культуры. У розных галінах народнай гаспадаркі працуюць яе выхаванцы, актыўныя будаўнікі камуністычнага грамадства.
 



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 939. Последнее 2019-09-15 16:09:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 2-36-20
hvorov@inbox.ru