Паўтарэнне – маці вучэння?

03.03.2014

Аўтар гэтай кнігі займае сціплую пасаду фотакарэспандэнта ў шматтыражнай газеце «Калійшчык Салігорска». Яго нарысы пра падарожжа па рацэ Случ першапачаткова не прэтэндавалі на большае, чым тыповыя газетныя матэрыялы. Вышэйшай мэты аўтар не ставіў перад сабой. Не мог ставіць. Разумеў: для выканання глыбокай даследчай працы трэба не такая экспедыцыя – адной гумавай лодкі, блакнота і фотаапарата мала.

Так планаваў і гаварыў аўтар. Атрымалася ж супрацьлеглае – глыбокае навуковае даследаванне, поўнае пісьменніцкіх абагульненняў, сыноўскай скрухі і бацькоўскай любові.

Сапраўдны патрыятызм чалавека праяўляецца ў тым, што ён не здольны цярпець крыўды сваёй зямлі, шкоды для краіны. Патрыёт пратэстуе. Тое самае адбылося з аўтарам нарысаў. Зрабіў турпаход да вытоку Случы, паглядзеў на бяскрайнія бяздарна асушаныя тарфянікі і праапавядаў бачанае ў газеце. З гэтага і пачалося. Нарыс ішоў за нарысам. Боль аўтара моцна скалануў душы салігорцаў.

Лінія крытыкі меліярацыі і непрымання бяздумнага вынішчэння балот, азёр, лясоў, здзейсненага пад выглядам паляпшэння прыроды; цягнецца праз усе нарысы. У кнізе побач з гэтаю лініяю ідзе тэма любові да роднай прыроды, захавання яе багацця. Аўтар вядзе чытача па Случы ад вытоку да вусця, паказвае хараство слуцкіх і палескіх краявідаў, вучыць любіць і берагчы ўсё жывое.

Вельмі прыемна, што аўтар цытуе маю кнігу. Яшчэ прыемней, што ён капануў глыбей за мяне у адстойванні прыярытэту нашых продкаў, аргументацыі назвы Слуцка.

Для мяне, гісторыка, нечаканай прыемнасцю з'явілася сцвярджэнне Ф.А. Раманоўскага, што рака Случ уваходзіла ў транспартную сістэму, вядомую ў гістарычнай навуцы як шлях «з варагаў у грэкі». Слуцак – гэта Злуцак, навукова і жыццёва праўдзіва даказвае аўтар. Падмацоўвае сваю думку пераканаўчымі і цікавымі доказамі. Сам зварот да такога пытання прынцыпова важны і варты ўхвалы. Бо калі сапраўды было адгалінаванне (скажам так) «шляху» на Случ, гэта значыць, на сярэдзіну сучаснай Беларусі, то і гэтая акалічнасць спрыяла ўзвялічэнню гістарычнай ролі тагачасных беларускіх княстваў, надавала ім большую самастойнасць у станаўленні беларускай дзяржаўнасці. Гэта яшчэ адно сведчанне: беларуская дзяржаўнасць – самастойнае ўтварэнне, яна вырасла і ўзмужнела на ўласнай глебе і не з'яўляецца часткаю так званай Старажытнай Кіеўскай Русі.

Плывучы па Случы, аўтар разам з чытачом паўтарае ўвесь колішні «шлях». Ён памятае пра варагаў і грэкаў, думае, дзе тагачасныя купцы начавалі, палуднавалі, якую адлегласць праплывалі за дзень, паўдня. Атрымліваецца, акурат у месцах, дзе трэба было ім спыняцца, знаходзяцца паселішчы: грэск ці Буда Грэская, Злуцак (Слуцак), Старобін, Мілевічы, Ленін, Маршчынавічы, Вільча. Супадзенне, на яго думку, невыпадковае. Сюдою хадзілі варагі і грэкі!

Чытачу цікава будзе прасачыць, які след на Случы пакінулі ледавікі, даведацца, як стваралася Салігорскае вадасховішча. Дабраякасны краязнаўчы матэрыял кнігі прываблівае ўсіх. Ёсць тут гістарычныя звесткі пра пекаторыя прыслучанскія населеныя пункты, родную вёску Цімашэвічы Жыткавіцкага раёна, жыццё сваёй сям'і трагічныя падзеі другой сусветнай вайны. Старонкі дыхтоўнай публіцыстыкі проста захапляюць. Пра што б ні ішла размова, на кожнай старонцы добра прасвечваецца пазіцыя аўтара, яго адносіны да падзеяў. Гэта пазіцыя чалавека, які беззапаветна любіць радзімую Беларусь, хоча ёй дабрабыту.

Недахопаў у кнізе няшмат. Яны вынікаюнь. галоўным чынам, са шматпланавасці і шматтэмнасці, а часам з-за празмернай эпізадычнасці ў паказе падзеяў.

Пра адзін істотны хіб кнігі ўсё ж мушу сказаць. Чытаў першапачатковы рукапіс кнігі «Як цячэ Случ» і сэрца маё радавалася. Жыла і жыцьме Беларусь, калі ў яе сыноў і дочкаў так баліць душа і сэрца за сваю зямлю. Аўтар смела называў вінаватых у злыбядзёнстве на слуцкай і палескай землях. Не супрацівіўся, калі раілі яму дадаць матэрыял пра адмоўнае ад дзейнасці гіганта беларускай прамысловасці – «Беларуськалія».

I вось атрымліваем дапрацаваны варыянт гэтай цікавай і патрэбнай грамадству кнігі. Крытыкі не пабольшала. Фактычна «Беларуськалій» амаль нідзе не крытыкуецца. Болей таго, Ф.А. Раманоўскі ў асобных месцах павыкрэсліваў першапачаткова смелыя і праўдзіва напісаныя крытычныя словы.

Знаўца роднае мовы, смяляк і барацьбіт за беларускасць на зямлі беларускай, пісьменнік Валер Санько чамусьці заняў пазіцыю ледзь не старонняга чалавека.

Усё можна растлумачыць адным. Дырэктар «Хаты» тройчы быў кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі (двойчы па Салігорскіх акругах, раз на Случчыне). Ён не жадае псаваць адносіны з кіраўніцтвам раёнаў, з магутным гігантам і яго кіраўніцтвам, са спонсарам выдання.

Мне так і не ўдалося ўставіць у тэкст аўтара пададзеныя ніжэй пранізлівыя лічбы і факты. Эканомія на сучасных спосабах захоўванпя адходаў (у адпрацаваных шахтах) прывяла да апускання і зрухвання паверхні зямлі над выпрацоўкамі. Забалоцілася і затапілася шмат урадлівых сельгасугоддзяў – звыш пяці тысяч гектараў. У гіблай зоне апынулася амаль тры тысячы вясковых двароў; чатырыста пераселена. Чакаюць пераносу яшчэ 240 двароў.

Штогод набіраецца 25–28 мільёнаў тон солевых адходаў; шламаў – тры мільёны тон. Агульная колькасць адходаў перавысіла шэсцьсот мільёнаў тон. Пад складаванне адходаў занята паўтары тысячы гектараў урадлівай зямліцы.

Засольваюцца прылеглыя тэрыторыі, падземныя і паверхневыя воды. Незваротна засольваюцца рэкі Случ, Рудка, Арэса, Салігорскае вадасховішча. Менавіта з-за гэтага нашмат перавышаны дапушчальныя нормы хларыдаў у добрай паўтысячы вясковых калодзежаў.

З боем, з цяжкасцю двойчы распрацоўвалася і зацвярджалася на Беларусі комплексная навукова-тэхнічная праграма аховы навакольнага асяроддзя ў Салігорскім раёне. Мінімум грошаў планаваўся для яе ажыццяўлення (да 2000 года). Колькасць сродкаў – мізер у параўнанні з прыбыткамі СССР ад рокату падземных шахтавых камбайнаў у Салігорску. Аднак на ўсіх этапах разгляду і зацвярджэння першай і другой праграмы аздараўлення Слуцка-салігорскіх земляў Міністэрства мінеральных угнаенняў СССР і Дзяржплан СССР рэзка абмяжоўвалі фінансаванне намечаных мерапрыемстваў. Скажу проста: блакіравалі праграмы ў Маскве.

Галоўная з прычынаў развалу вялікай і магутнай дзяржавы Савецкі Саюз – не подпіс трох чалавек у Віскулях, а пастаянная заўсёдная, на працягу дзесяцігоддзяў палітыка саюзных і рэспубліканскіх міністэрстваў. У міністэрствах жылі сённяшнім днём. Жылі з пазіцыі – абы ўрваць. Не эканомна працаваць, пачувацца самім і сваім дзецям гаспадарамі на ўласнай зямліцы, а як найхутчэй выхапіць капейку – ад чалавека, гаспадаркі, прыроды. Каланізатарства ў найгоршых праявах яскравіла на Беларусі і ў Расіі, у Казахстане і Малдове…

Нідзе не было рупнага талковага гаспадара, каторы думаў бы не пяцігодкамі, а пяцідзесяцігоддзямі.

Да сённяшняга дня фактычна не вырашана ў «Беларуськалія» праблема ўтылізацыі і паўторнага выкарыстання адпрацаванай горнай пароды. З-за недасканалай тэхналогіі здабычы і перапрацоўкі руды звыш 66 % яе ідзе ў адыходы. Тысячы тон шкодных рэчываў – 31 000 тон у 1988 годзе! – выкінула аб'яднанне ў атмасферу: ад працы камбайнаў, вентыляцыйных шахтаў, фабрык перапрацоўкі, пры пагрузцы ў вагоны і грузавікі… (Родная прырода, № 4 – 1989).

Вельмі добра, што цяперашняе кіраўніцтва «Беларуськалія» і яго Вытворчы савет свядома ці несвядома загладжваюць былыя правіны аб'яднання – дапамагаюць людзям і калектывам, Салігорску і Мінску. Выдзелілі сродкі нават на шчырую і самаахвярную кнігу Феафана Раманоўскага пра раку, якая пакутавала і пакутуе ад цябе, «Беларуськалій».

Далучаюся да кіраўніцтва «Хаты» і аўтара. Кажу: дзякуй, «Беларуськалій»! Але і прашу: хутчэй, калі ласка, уводзьце эканомнае гаспадаранне. Гаспадаркі ўзнікаюць, рэфармуюцца і знікаюць, а народ мой беларускі на гэтай зямлі жыў і жыцьме тысячагоддзі. Дык, прашу, не засмечвайце яму дарогу. Вам жа самім і дзецям вашым, шахцёры, тут жыць. Паўтарэнне – маці вучэння; хутчэй вучыцеся на памылках.

…На заключэнне скажу коратка. Журналіст і пісьменнік Феафан Раманоўскі напісаў выдатную кнігу. Яе матэрычл прымушае шчымець сэрца.

Наколькі мне вялома, такіх кніг на Беларусі яшчэ не стваралася. Хацелася б, каб аўтар паўтарыў падарожжа на другім маршруце.

Кніга «Як цячэ Случ» будзе карыснай і цікавай кожнаму.

 

Анатоль Грыцкевіч, доктар гістарычных навук, прафесар
Чэрвень, 1998

 

 

Беражыце прыроду радзімую
«Слуццалюб» (Лявон Шпакоўскі - Случанін)

 

Адкуль цячэ Случ
Дзеньдругі. Раніца
Дзень першы

 

Случ, мая мілая, што з табой нарабілі?
Ад вытоку да Слуцка

 

Зямля Слуцкая

 

Салігорскае вадасховішча
Зайздросьце (Леанід Якубовіч)

 

На парозе Палесся
Майстры (Анатоль Крывіцкі)

 

Край Палескі

 

Пра далейшае пішу таксама з болем

 

Давайце адпачнём ад змрочных успамінаў

 

... Зноў пра ваеннае ліхалецце

 

Уся Случ
Песня пра Случ

 

Паўтарэнне - маці вучэння?... (Анатоль Грыцкевіч)

 

 

Администрация сайта сожалеет о том, что не может предоставить качественные фотографии автора книги.