Аляксандр II Юр`евіч Алелькавіч (1563–26.06.1591)

Малодшы з сыноў Юрыя II князь Аляксандр па завяшчанню атрымаў вялікае прадмесце Востраў, шэраг маёнткаў, двароў, вёсак, у ліку якіх Глуск, Любань, Шостакі (з XVII ст. называюцца Сярагі), Бранавічы, Баславічы, Грозава і іншыя.
Малодшыя браты Алелькавічы дзеля адукацыі выязджалі ў Рым. Разам з суправаджаючай яго світай адтуль князь Аляксандр да 1580 г. перабраўся ў Баварыю і атрымліваў адукацыю ва ўніверсітэце горада Інгельштата.
У цяперашняй літаратуры прыводзіцца, што Аляксандр Юр'евіч, як і брат Ян-Сімяон, прыняў каталіцтва. Дарэвалюцыйнымі аўтарамі, аднак, прыводзяцца па гэтаму пытанню звесткі супярэчлівыя. Цікавіўся ён падчас вучобы ў Германіі і пратэстантызмам.
Памёр князь у Кракаве, не пакінуўшы нашчадкаў. Яго ўдзел адышоў брату Яну-Сімяону, а пазней, пасля смерці брата, – да пляменніцы Сафіі Юр'еўны. Пахавалі Аляксандра Юр'евіча Алелькавіча ў Слуцку ў Троіцкім манастыры, што можа быць сведчаннем, што, хутчэй за ўсё, па веравызнанню Аляксандр застаўся праваслаўным.
Эканамічнае і культурнае жыццё горада і краю ў часы апошніх Алелькавічаў развівалася па інерцыі, зададзенай у часы Юрыя II. Слуцк і Случчына заставаліся адным з багацейшых рэгіёнаў краіны. Духоўным цэнтрам краю быў Троіцкі манастыр. Там жа захоўваліся прадметы, звязаныя з памяццю князёў Слуцкіх – ахвяраваныя імі абразы, царкоўны посуд і адзенне, жывапісныя партрэты.
Калі гаворка зайшла пра Троіцкі манастыр, то ёсць неабходнасць звярнуць увагу і на тагачаснага яго настаяцеля архімандрыта Міхаіла Рагозу. Назначаны ён быў са згоды Юрыя II у 1571 г. па ініцыятыве Кацярыны Тэнчынскай. У 1582 г. назначэнне гэта пацвердзілі князі Юрый, Ян-Сімяон і Аляксандр (пасля падзелу княства манастыр заставаўся на іх агульным утрыманні). У 1596 г. Міхаіл Рагоза стаў праваслаўным Кіеўскім мітрапалітам. Ён быў адным з ініцыятараў увядзення ў 1596 г. Уніі з Рымам, за што ў манастырскім троіцкім сінодыку насупраць імя былога архімандрыта з'явілася прыпіска са словам «адступнік».