Сімяон І Аляксандравіч Алелькавіч (1420 – 03.12.1470)

Князь Сімяон пасля таго, як у 1443 г. Аляксандр Уладзіміравіч атрымаў Кіеў і адбыў туды, стаў яго слуцкім намеснікам.
Нарадзіўся князь Сімяон у Слуцку. Хрысціў яго (як засведчана ў летапісу) у замкавай царкве мітрапаліт Фоцій, які быў у той час у нашым краі.
Гэта быў час, калі спрэчкі паміж Літвой і Масквой па пытанню кіравання праваслаўнай царквой страцілі ранейшую вастрыню і мітрапаліт Фоцій, чыя рэзідэнцыя знаходзілася ў Маскве, карыстаўся магчымасцю ўладкаваць царкоўныя справы на абшарах былой адзінай Кіеўскай мітраполіі. Ён бесперашкодна ездзіў па гарадах Вялікага княства Літоўскага, сустракаўся з мясцовымі іерархамі. Была ў яго нагода пабываць і ў Слуцку: ад Маскоўскага князя Васіля I меў дыпламатычнае даручэнне і вёў перагаворы з яго зяцем князем Аляксандрам.
На маладыя гады Сімяона прыходзіцца актыўны ўдзел яго бацькі ва ўсобіцах, а гэта несла княжацкай сям'і небяспеку. Таму княжыча адправілі ў Маскву, дзе яго выхаваннем займалася бабка Сафія Вітаўтаўна. Пад Масквой ён нават атрымаў свой удзел – сяло Мордыш. На радзіму вярнуўся тады, калі яго бацька з сям'ёй быў вызвалены новым вялікім князем літоўскім Казімірам з астрога. У 1447 г. Сімяон ужо ў якасці слуцкага намесніка князя Кіеўскага і Слуцкага Аляксандра Алелькі прыбыў у сталіцу Польшчы Кракаў і прымаў удзел у каранацыі вялікага князя літоўскага Казіміра ІV на трон караля польскага. Тым не менш, у хуткім часе Сімяон ужо падтрымлівае свайго бацьку ў змове супраць вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра IV, для чаго накіроўваецца ў Маскву па дапамогу.
Жонкай Сімяона Аляксандравіча стала княгіня Марыя (?-1501) – дачка аднаго з магутнейшых магнатаў Літвы, тракайскага ваяводы Яна Гаштольда. Сімяон і Марыя мелі дзяцей: сына Васіля (?--1495) і дачок Сафію І (?--1483) і Аляксандру (?--1518). Сафія ў 1470 г. стала жонкай збегшага з Русі цвярскога князя Міхаіла Барысавіча (1453–1505), Аляксандра ў 1498 г. пабралася шлюбам з князем Фёдарам Іванавічам Яраслаўскім (?--1521).
Прыналежнасць да велікакняжацкага роду, магутнасць сям'і Алелькавічаў, дынастычныя і палітычныя сувязі з Вільняй, Кіевам, Масквою надавалі Сімяону павагу і аўгарытэт. У краіне ён быў адным з лідэраў магнатаў праваслаўнай арыентацыі. Двойчы паны літоўскія – у 1456 і 1461 гг. – вылучалі Сімяона Аляксандравіча на пасаду вялікага князя літоўскага. У 1454 г., пасля смерці бацькі, Сімяон стаў князем Кіеўскім.
Князь Сімяон апекаваў праваслаўную царкву. Пры ім у Слуцку быў заснаваны праваслаўны Ільінскі манастыр. У Кіеве з яго дапамогай аднавілі саборную царкву Кіева-Пячэрскага манастыра. Ім разам з братам Міхаілам і князем Юрыем Гальшанскім была падрыхтавана дэкларацыя, у якой вялікі князь маскоўскі прызнаваўся заступнікам праваслаўнай царквы ў Літве.
Памёр князь Сімяон Аляксандравіч у Кіеве, пахавалі яго ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Кіеўскае княства Сімяону было дадзена ў пажыццёвае валоданне. Таму пасля смерці князя яго жонцы княгіні Марыі замест Кіева вялікі князь літоўскі аддаў Пінск. А ў Кіеў (ліквідаваўшы перад тым Кіеўскае княства і стварыўшы замест яго ваяводства) ваяводам назначыў брата Марыі Марціна Гаштольда.
Незадаволеная Пінскам Марыя падала прашэнне ў велікакняжацкі суд, спрабуючы вярнуць сабе Слуцкае княства, якое ў той час было ўжо ў валоданні малодшага Алелькавіча Міхаіла. Суд Слуцкае і Капыльскае княствы пакінуў за Міхаілам і яго нашчадкамі, а за Марыяй і яе нашчадкамі – Пінскае княства.
Гаспадарыла ў Пінску княгіня Марыя да сваёй смерці, спачатку адна, потым разам з сынам Васілём, які памёр заўчасна, не пакінуўшы нашчадкаў, потым разам з дачкой Аляксандрай. Пасля смерці Марыі права на Пінск было пацверджана дачцэ княгіні Аляксандры Сімяонаўне і яе мужу князю Фёдару Яраслаўскаму.
Нашчадкаў у княгіні Аляксандры, а таксама і ў яе сястры Сафіі не было. Такім чынам старэйшая галіна Кіеўскіх і Пінскіх Алелькавічаў згасла.

Як бачым, у сярэдзіне XV ст. Слуцк меў трывалыя дынастычныя, палітычныя, культурныя і царкоўныя сувязі з Вільняй, Масквой, Кіевам, Пінскам, быў адным з актыўных палітычных цэнтраў краіны.
Гарадская тэрыторыя расла, пасадская забудова паволі пачала перамяшчацца на правы бераг Бычка, з'яўляліся пасяленні і на левым беразе Случы – Зарэччы.
У адпаведнасці з Магдэбургскім правам у горадзе дзейнічаў магістрат.