Ізяслаў I Яраславіч (1025–3.10.1078)

Ізяслаў (у хрышчэнні Дзмітрый) – старэйшы сын Яраслава Мудрага. Яго ў 1052 г. (магчыма, у 1042) Яраслаў Мудры адправіў сваім намеснікам у Тураў. 3 1054 г. Ізяслаў быў ужо вялікім князем кіеўскім, але пакінуў за сабою і Тураўскае княства.
Жонкай Ізяслава стала сястра польскага князя Казіміра I Гертруда. У іх нарадзіліся тры сыны і дачка Еўпраксія, якая стала жонкай польскага караля Болеслава II.
Пачатак кіеўскага княжання Ізяслава быў паспяховым. Разам з братамі ён ваяваў супраць полацкага князя Усяслава Брачыславіча «Чарадзея», якога паланіў і пасадзіў у вязніцу. Пасля паражэння, атрыманага Ізяславам ад полаўцаў, яго выгналі паўстаўшыя кіяўляне, якія сваім князем выбралі вызваленага з вязніцы Усяслава Полацкага.
У хуткім часе Ізяслаў вярнуўся ў Кіеў, аднак у 1073 г. быў выгнаны братамі – князямі Чарнігаўскім і Пераяслаўскім. Вялікім князем тады стаў Святаслаў Чарнігаўскі. Але пасля яго смерці ў Кіеў у 1076 г. з дапамогай польскага караля зноў вярнуўся Ізяслаў. Праз два гады ён загінуў у міжусобнай барацьбе.