Князь Тур (X ст.)

На золку айчыннай гісторыі тэрыторыя, якая пазней займела назву «Случчына», знаходзілася ў складзе Тураўскага княства. Утварэнне гэтага княства прыпадае на канец X ст., а летапіс звязвае падзею з імем князя Тура (980г.). Аднак цяперашнія даследчыкі не могуць адказаць адназначна, быў такі князь у сапраўднасці, ці гэта выдуманы гістарычны персанаж. Абсягі Тураўскага княства прыблізна адпавядалі тэрыторыі рассялення славянскага племяннога саюза дрыгавічоў.
Да сярэдзіны X ст. дрыгавічы былі незалежнымі і мелі сваіх рода-племянных уладароў, адным з якіх і мог быць напаўлегендарны Тур. З 949 г. ужо сустракаем звесткі пра дрыгавічоў як пра даннікаў князя кіеўскага. Тураўскае княства рана (у параўнанні з іншымі ўсходнеславянскімі землямі) трапіла пад уплыў Кіева і доўга знаходзілася ў залежнасці ад яго. Звычайна вялікія князі кіеўскія аддавалі Тураў на княжанне сваім старэйшым сынам, якія пазней і самі станавіліся вялікімі князямі кіеўскімі.