Пра Слуцкае камерцыйнае вучылішча

Пра Слуцкае камерцыйнае вучылішча

Сто гадоў таму ў Слуцку распачалася дзейнасць камерцыйнага вучылішча. Яно існавала не доўга, аднак памяць пра яго захавалася да нашага часу. Напамінам аб колішняй навучальнай установе застаўся і вучэбны корпус. Хаця пазней тут размяшчаліся іншыя ўстановы і арганізацыі, аднак у горадзе яго працягвалі называць, ды і цяпер часам называюць, камерчаскім.

У горадзе вучылішча стала ўстановай адметнай, а навучанне і атрыманыя ў ім веды абяцалі неблагую перспектыву. Значная колькасць насельніцтва Слуцка спрадвеку займалася ганлем, існавалі купецкія дынастыі. Развіццё ж у ХІХ стагоддзі капіталістычных адносін патрабавала з"яўлення новых форм дзейнасці і ў сферы вытворчасці, і ў гандлі. З"явілася неабходнасць у па-новаму падрыхтаваных кадрах.

У Расійскай імперыі першае камерцыйнае вучылішча дзейнічала з 1804 года ў Маскве. А напрыканцы ХІХ стагоддзя па ініцыятыве прамысловай і гандлёвай буржуазіі камерцыйныя вучылішчы пачалі стварацца ў іншых гарадах краіны, у тым ліку і на беларускіх землях. Гэта былі сярэднія навучальныя ўстановы, тут можна было набыць і агульную і камерцыйную адукацыю. Спачатку іх засноўвала дзяржава, пазней акрамя дзяржаўных пачалі з"яўляцца вучылішчы прыватныя.

Такім чынам, у 1909 годзе ў Слуцку распачаліся захады па заснаванню, а з 1910 года пачало дзейнічаць прыватнае камерцыйнае вучылішча М.М. Кірыакава. Кірыакаў быў адным з вядомейшых мясцовых багацеяў, меў маёнтак у Івані. Слуцкія аўтамабілісты, дарэчы, могуць лічыць яго сваім “хросным бацькам” – у Слуцкім павеце ён першы набыў аўтамабіль, і з форсам праехаўшы па цэнтральнай гарадской вуліцы, адкрыў эру аўтамабільнага руху ў горадзе. Прыклаў намаганні ў справе арганізацыі вучылішча ганаровы суддзя Слуцкага павета, вядомы ў свой час дзяржаўны дзеяч, чый маёнтак знаходзіўся ў Савічах (цяпер Капыльскі раён), Эдвард Вайніловіч. У сувязі з арганізацыяй вучылішча доўгі час з удзячнасцю ўспаміналася і імя пана Залескага, уладальніка маёнтка Рачкавічы. Паспрыяў гэтай справе і мясцовы яўрэйскі капітал.

Пачаліся заняткі ў прыстасаваным аднапавярховым драўляным будынку. А на заходняй ускраіне горада, па левым баку вуліцы Шасейнай (цяпер імя Леніна) на выездзе ў напрамку Баранавіч, пачалі ўзводзіць з цэглы адмысловы вучэбны корпус. Паволі была падрыхтавана матэрыяльная база, падабраны склад выкладчыкаў.

На вучобу прымаліся хлапчукі з 12 гадоў. Навучанне было платным. Больш шасцідзесяці працэнтаў навучэнцаў складалі дзеці слуцкіх мяшчан, сустракаліся нашчадкі чыноўнікаў і дваран, меней – вяскоўцы.

У новым мураваным будынку заняткі пачаліся ў 1912 годзе.
Корпус камерцыйнага вучылішча стаў адным з самых прыкметных збудаванняў горада. Ён быў “Г”-падобны ў плане, двухпавярховы, з паўпадвальным паверхам, пакрыты двухсхільным дахам. Неатынкаваныя фасады ўпрыгожвалі выкладзеныя з цэглы нішы, паяскі, ваконныя ліштвы. Гэта быў узор распаўсюджанай у тыя часы “цаглянай архітэктуры”. Рысы стылю “мадэрн” яму надавала спалучэнне на галоўным фасадзе двух нераўназначных частак, кожная з якіх, у сваю чаргу, будавалася па прынцыпе сіметрыі, а разам яны зліваліся ў агульную сцяну галоўнага фасада. Жывапісная фактура падмурка, выкладзенага з буйнага бутавага каменю, кантраставала з роўнымі радамі цэглы вышэйшых паверхаў. У цэлым архітэктура будынка вызначалася насычаным знешнім дэкорам, ускладнёнасцю асобных формаў.

На вядзенне вучэбнага працэсу накладвалі адбітак складанасці часу. Гэта былі Першая сусветная вайна, рэвалюцыйныя падзеі і грамадзянская вайна. А 15 ліпеня 1920 года будынак вучылішча быў спалены адступаючым з горада пальскім войскам. Пасля гэтага дзейнасць вучылішча ў нашым горадзе не аднавілася.

Пасля ўсталявання Савецкай улады, да 1924 года, будынак быў адноўлены. Яго вонкавы выгляд крыху змяніўся, прычым у лепшы бок. Цяпер тарцовыя сцены, замест трохвугольных, атрымалі больш высокія трапецыяпадобныя франтоны. Гэта дазволіла ўзвясці з дрэва трэці мансардны паверх. Цагляныя франтоны галоўнага фасада прынялі від прамавугольных сценак, якія ўвайшлі ў склад новых элементаў – купалоў. Над памяшканнем актавай залы ўзвышаўся купал з фігурным шпілем. Складаную купальную канструкцыю атрымаў левы край будынка. Галоўны ўваход быў з боку вуліцы, над ім з"явіўся каваны металічны балкон, куды можна было трапіць з актавай залы. У бакавым крыле, са двара, меўся дадатковы ўваход. Можна выказаць меркаванне, што пры аднаўленні будынак атрымаў выгляд адпаведна пачатковаму праекту, які па нейкіх прычынах не быў рэалізаваны да рэвалюцыі. На той час гэта было самае высокае збудаванне ў горадзе.
Тут размясціліся камітэты прафсаюзаў і Дом культуры. Асноўную частку заняла школа-сямігодка. А з 1927 года яе змяніў педагагічны тэхнікум, у 2-й палове 1930-х гадоў рэарганізаваны ў педвучылішча, мэтай якога была падрыхтоўка настаўнікаў для пачатковых школ і класаў раёна.

Падчас фашысцкай акупацыі пад наглядам немцаў у будынку педвучылішча і ў яго актавай зале таксама праводзіліся мерапрыемствы, але ідэалагічная накіраванасць іх змянілася. Моцна пацярпеў ён пры вызваленні горада ад акупантаў у чэрвені 1944 года.
Напаўразбураным корпус стаяў у пасляваенныя гады. Да 1960 года былі адноўлены некаторыя страчаныя фрагменты, зроблены невысокія франтоны і на ўзроўні другога паверха яго пакрылі двухсхільным дахам. Пасля адпаведнай перапланіроўкі, з 1961 года тут запрацаваў кансервавы цэх сокавага (цяпер кансервавага) завода.

А ў 2-й палове 1980-х гадоў будынак былога камерцыйнага вучылішча, які знаходзіцца па адрасе: вуліца імя Леніна, д.№ 104 узяты пад ахову як помнік архітэктуры мясцовага значэння, на ім з"явілася мемарыяльная дошка. Аднак гэтай вясною дошка са сцяны будынка знікла, і гэта можа насцярожыць, бо які лёс напаткаў ужо цэлы шэраг помнікаў архітэктуры мясцовага значэння ў перыяд з пачатку 1990-х па 2000-ныя гады мы ведаем.
 

Ігар Ціткоўскі

 

 

Об одном из выпускников Слуцкого педагогического училища (техникума) читайте в материале "Простая деревенская учительница"