Квітнела на Случчыне «Папараць-кветка»

Квітнела на Случчыне «Папараць-кветка»

17.10.2017

Споўнілася 100 гадоў з пачатку дзейнасці культурна-асветніцкага таварыства «Папараць-кветка»…

У нашым краі, што Случчынай завецца, здаўна былі ў пашане беларуская песня, трапнае народнае слова. Яны гучалі ў выкананні харыстаў, казачнікаў на вясковых вечарынах, якія асаблівае распаўсюджанне атрымалі пасля 1905 года. Нездарма беларускі этнограф, фалькларыст, мовазнавец і літаратар Аляксандр Сержпутоўскі на працягу больш чым трыццаці гадоў запісваў жыццёвыя апавяданні, казкі, байкі менавіта на Случчыне. Ён заўважаў, што скарб захаваны ў думках і сэрцах случакоў, і «крыніцы народных твораў ніколі нельга вычарпаць».

Аднак крыніцы гэтыя «бруіліся» стыхійна, ды і царскія паслугачы стараліся сачыць, каб яны не вельмі праяўляліся ў культурным рэчышчы Расійскай імперыі. Калі ж на яе ўскраінах у пачатку ХХ стагоддзя ўзнялася хваля нацыянальна-адраджэнчаскага руху, Случчына стала адным з яго асяродкаў на тэрыторыі Беларусі.

У ліпені 1917 года па ініцыятыве камісара Слуцкага павета пры Часовым расійскім урадзе Радаслава Астроўскага была заснавана Слуцкая агульная земская (беларуская) гімназія. Як пісаў у 1921 годзе палітычны дзеяч, публіцыст і перакладчык Юрка Лістапад, «сам дырэктар гімназіі пан Астроўскі ў той час быў надта шчыры працаўнік на ніве беларушчыны, дзякуючы гэтаму ён і паставіў справу беларускую ў гімназіі на свае ногі».

У такой атмасферы навучэнцы гімназіі Сяргей Бусел і Іван Ракуцька задумалі арганізаваць культурна-асветны гурток. Вырашылі назваць яго «Папараць-кветка». Ніхто з сталых прадстаўнікоў слуцкай мясцовай інтэлігенцыі не адгукнуўся на прапанову арганізатараў увайсці ў гурток, меўшы наконт яго мэтазгоднасці немалыя сумненні. Таму ў адзін з вераснёўскіх дзён 1917 года, па словах Ю. Лістапада, «С. Бусел прымусіў вучняў ніжэйшых класаў прыйсці на першы сход, каб выбраць праўленне гуртка. Бальшавікі дазволу на сход не далі, тады гэта куча дзяцей-вучняў рэвалюцыйным парадкам адчыніла сход і выбрала праўленне».

Сяргей БуселБальшавікі тут упамянуты таму, што да гэтага часу яны займелі большасць у Слуцкім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які быў утвораны ў сакавіку 1917 года. Дарэчы, Іван Ракуцька, якога выбралі старшынёй праўлення, хацеў арганізаваць работу гуртка на камуністычнай аснове, але з гэтым катэгарычна не згадзіўся Сяргей Бусел.

З цягам часу сябрамі «Папараць-кветкі» станавіліся не толькі вучні, але і дарослыя людзі, і калі апошніх у гуртку стала большасць, то ў кастрычніку 1919 года зрабілі яго перарэгістрацыю. З гэтага часу сябры гуртка дзяліліся на паўнамоцных (грамадзяне ўзростам не меней сямнаццаці гадоў) з правам вырашальнага голасу і спрыяючых (вучні да сямнаццаці гадоў), якія мелі права дарадчага голасу. У «Папараць-кветку» прымалі толькі тых, за каго паручаліся не менш чым два паўнамоцныя сябры гуртка.

«Папараць-кветка», як вызначалася яе статутам (рукапісны варыянт захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь), «ёсьць культурна-прасьветны гурток, заданьня якога – працаваць дзеля адраджэньня культуры бацькаўшчыны і падрыхтаваць сваіх сяброў на сьвядомых грамадзян, якіе б у будучыне маглі аддаць сваю моц на карысьць Беларусі. У «Папараць-кветку» могуць паступаць беларусы без розьніцы полу і рэлігіі… Гутарка між сябрамі павінна вясьціся толькі на беларускай мове. Гуртком кіруе праўленьне, выбранае з ліку паўнамоцных сяброў простым, роўным і патаемным галасаваньнем срокам на паўгода. Лік праўленьня ня павінен перавышаць 7 (сямі) сяброў, якое можа перавыбірацца і да пары, калі яно згубіло даверые гуртка… «Папараць-кветка» мае пячатку з надпісямі: «Слуцкі Беларускі Культурна-Прасьветны Гурток «Папараць-кветка»». Гурток мае свой нацыанальны штандар».

Статут прадугледжваў, што агульныя сходы сяброў таварыства маглі праводзіцца па заяве не меней чым пяці яго ўдзельнікаў і адзін раз на месяц – для таго, каб праўленне зрабіла справаздачу аб праведзенай рабоце. Статут дазваляў таварыству «Папараць-кветка» арганізоўваць беларускія культурна-асветніцкія гурткі на тэрыторыі Слуцкага павета, курсы беларусазнаўства для вывучэння эканамічнага, гістарычнага і культурнага жыцця Беларусі, а таксама – збіраць ахвяраванні і праводзіць «усялякіе ігрышча і лекцыі дзеля павелічэньня свае эканамічнае моцы». Для праверкі дзейнасці таварыства была створана кантрольная камісія, у якую ўвайшлі пяць чалавек.

Васіль РусакНаколькі складана было сябрам таварыства выконваць статутныя задачы, можна меркаваць па тагачаснай сітуацыі, што склалася на Случчыне. З лютага па снежань 1918 года Слуцкі павет акупіравалі войскі кайзераўскай Германіі, у жніўні 1919 года – ліпені 1920 года і ў кастрычніку – лістападзе 1920 года на яго тэрыторыі «гаспадарылі» польскія захопнікі. У гэтыя перыяды сябрам «Папараць-кветкі» часта прыходзілася дзейнічаць падпольна, у першую чаргу падтрымліваючы арганізацыйныя сувязі. Органы тагачаснай дзяржаўнай савецкай улады, якія прыходзілі пасля немцаў і палякаў, таксама не вызначаліся добразычлівым стаўленнем да беларускай справы. Нягледзячы на гэта, актывісты таварыства заснавалі ў Слуцку бюро для дапамогі беспрацоўным, удзельнічалі ў правядзенні павятовых настаўніцкіх курсаў беларусазнаўства, у сельскіх населеных пунктах павета арганізоўвалі сельскагаспадарчыя і спажывецкія кааператывы, чытальні, філіі-гурткі, беларускія школы.

Таварыства «Папараць-кветка» ў адпаведнасці са статутам мела права «выдаваць які-небудзь друкованы орган». З цягам часу такім друкаваным органам стала газета «Наша Каляіна» (галоўны рэдактар Андрэй Бараноўскі), якой былі выдадзены два нумары: №1 газеты датаваны 27 кастрычніка 1919 года, №2 – 20 лютага 1920 года. Рукапісы наступных нумароў газеты канфіскавалі польскія ўлады.

Свае ўражанні адносна першага нумара «Нашай Каляіны» красамоўна выказаў класік беларускай літаратуры Янка Купала ў артыкуле «Моладзь ідзе», які быў змешчаны ў газеце «Беларусь» за 15 лістапада 1919 года: «…Сягодня кожны, каму не атуманіла расійская і польская рэакцыя мазгоў, адчуе і разумее, які шырокі размах прыняла наша справа над адбудаваньнем сваёй незалежнай Бацькаўшчыны! Цяпер, браты, ідуць сыны беларускіх мужыкоў, ідзе наша беларуская моладзь!.

Але што цікавейшае: перада мной ляжыць беларуская часопісь «Наша Каляіна»! Выдана яна [ў] Слуцку! Слуцак – павятовы гарадок – куды яму, здавалася бы, лезьці ў людзі ды яшчэ з сваёй газэтай! Аднак палез. Беларуская душа, як бачым, – жывучая, творчая, як яе не заганяй у казіны рог, а яна збудзіцца і затрапечацца. Мала таго: гэта часопісь зьяўляецца органам беларускай нацыянальнай злучнасьці «Кветка-Папараці», каторая сваю чыннасьць пашырае на ўвесь Слуцкі павет і нават далей, за яго межы.

Гэта папраўдзе, як у песьні сьпяваецца: «А ў Слуцку на рыначку сталася праява!». Так, сябры, гэта вялікая праява! Адбудаваньне незалежнасьці Беларускай Дзяржавы бярэ ў свае рукі наша моладзь. Чэсьць і слава табе, беларуская моладзь, паўстаючая з пад беларускай саломенай страхі! Ты сама сваімі рукамі адбудуеш сабе і сваім патомкам лепшую і сьвятлейшую будучыну. На бок з дарогі, панове і гаспада з Захаду і Ўсходу! Беларуская моладзь ідзе!».

Сябры Беларускага-культурна-асьветнага таварыства «Папараць-Кветка». Слуцак, 1920 г.Культурна-асветніцкае таварыства «Папараць-кветка» складалася з трох секцый: краязнаўчай, літаратурнай і драматычна-харавой. Кіраўнік драматычна-харавой секцыі Андрэй Бараноўскі пісаў пазней: «Мяне зацікавіла ідэя беларусізацыі краю і ўтварэння самастойнай Беларускай рэспублікі. З мэтай найлепшага вывучэння беларускай літаратуры… уступіў у таварыства пад назвай «Папараць-кветка»… Сярод яе членаў ідэя самастойнасці Беларусі была надзвычай папулярнай. Адных яна прывяла ў партызанскія атрады і бальшавіцкае падполле ў час белапольскай акупацыі, другіх зрабіла ўдзельнікамі так званага Слуцкага збройнага чыну ў канцы 1920 года».

Агульныя сходы, заняткі гурткоў і секцый, літаратурна-мастацкія вечары, экскурсіі па родным краі, даклады, спеўкі, рэпетыцыі, а потым і спектаклі не толькі ў Слуцку, але і ў сельскіх населеных пунктах павета – вось асноўныя формы работы культурна-асветніцкага таварыства «Папараць-кветка». Пры гэтым сябры таварыства ўсё рабілі выключна на беларускай мове. Спектаклі ставілі толькі па творах беларускіх пісьменнікаў – «Паўлінка» Янкі Купалы, «Хам», «Рысь» Элізы Ажэшка, «Госць з катаргі», «Бязвінная кроў», «Душагубы» Уладзіслава Галубка і іншыя. Пастаноўкі спачатку адбываліся ў земскай гімназіі, а потым – у будынку народнага тэатра (цяпер тут знаходзіцца краязнаўчы музей).

Беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч ураджэнец Слуцка Язэп Дыла ўспамінаў: «Слуцкая публіка, часта нават не беларуская, ахвотна адгукнулася на пастаноўкі «Папараць-кветкі». Нягледзячы на тое, што яны насілі выразна аматарскі характар, былі слаба апрацаваны з артыстычнага боку, слаба дэкараваны, часта не былі забяспечаны патрэбнай вопраткай – нягледзячы на ўсё гэта тэатр заўсёды быў поўны. Кожны ішоў, бо хацеў пераканацца, што пагарджаная беларуская мова і быт гэтага сярмяжнага народа ўжо не становяць сабою аб"ект насмешкі і пагарды, а маюць у сабе штосьці прывабна-блізкае, прыгожае, адначасова здаровае і моцнае, на што варта паглядзець, над чым варта задумацца».

У адным з нумароў за сакавік 1920 года газета «Беларусь» паведаміла аб прыездзе ў Слуцк беларускага тэатральнага дзеяча, пісьменніка, рэжысёра, акцёра, мастака Уладзіслава Галубка. Акрамя іншага, ён зацікавіўся станам мастацкай самадзейнасці сярод жыхароў Слуцка і пасля азнаямлення з гэтым адзначыў, што «ў вялікай пашане ў случчан свой тэатр». Яму запомнілася, што 29 лютага 1920 года на спектакль «Праменьчык шчасьця» паводле яго п"есы ў тэатры былі раскуплены ўсе білеты, збор склаў каля 2 500 рублёў. «Тэатр сам па сабе невялікі – дэкорацыі бедные. Пьеса ставілася пасьля 3 рэпэтыцый і, праўду кажучы, прайшла нядрэнна. Пэрсонал тэатральны падбіраецца, але брак (адсутнасць, недахоп. – А. Ж.) жаночых сіл. Між іншым, пры трупе ёсьць хор, арганізатарам каторага зьяўляецца п. Русак. Хор шмат завучыў песень і часта выступае на сцэне. Вялікая заслуга п. Русака ў тым, што ён, жывучы пры Слуцку ў вёсцы (Ячава. – А. Ж.), запісвае там на ноты песьні і штадня прыходзіць у горад кіраваць хорам. Запісаных на ноты песень вялікі лік і гэта для тэатру і музыкі беларускай вялікі скарб», – пісаў Уладзіслаў Галубок. Ён прыязджаў у Слуцк і летам 1920 года, некаторы час працаваў з артыстамі «Папараць-кветкі» ў якасці педагога і рэжысёра. Дарэчы, імя Уладзіслава Галубка носіць Слуцкі народны тэатр драмы і камедыі, створаны ў 1950 годзе.

Значнай падзеяй у культурным жыцці тагачаснага Слуцка, якую арганізавала «Папараць-кветка», стаў прыезд беларускага хору пад кіраўніцтвам ураджэнца Случчыны Уладзіміра Тэраўскага. Хор правёў вечар-канцэрт, на наступны дзень даў спектакль, але найбольш запомнілася прыхаджанам яго выступленне ў час абедні ў мясцовым Свята-Мікалаеўскім саборы. Акрамя гэтага ў Слуцку хор правёў для жадаючых адкрытыя ўрокі народных спеваў.

Будынак, у якім размяшчалася праўленне таварыства «Папараць-кветка»Аўтарытэт «Папараць-кветкі» з цягам часу павялічыўся настолькі, што да яе дзейнасці падключыліся многія прадстаўнікі слуцкай інтэлігенцыі. Летам 1920 года таварыства налічвала ў сваім складзе больш за 300 чалавек. Яго ўдзельнікі з канцэртамі, лекцыямі, спектаклямі былі жаданымі гасцямі ў вёсках і мястэчках Слуцкага павета. З рамана-дакумента Алеся Пашкевіча «Пляц Волі» (2001, Беллітфонд): ««Папараць-Кветка» станавілася не толькі арганізацыяй культурна-асветнай, але й амаль напаўпадпольнай, ваярскай. І са Слуцку пачалі перадавацца «па ланцугу» розныя адозвы і пракламацыі, што раніцамі красаваліся па вёсках – на валасных будынках, цэрквах і касцёлах». У пачатку ліпеня 1920 года польскія акупацыйныя ўлады забаранілі дзейнасць таварыства «Папараць-кветка». А праз некалькі дзён, адступаючы пад ударамі Чырвонай Арміі, падпалілі ў Слуцку некалькі будынкаў, у тым ліку і той, дзе знаходзілася праўленне «Папараць-кветкі».

Актывістам таварыства ўдалося аднавіць працу праз чатыры месяцы, у лістападзе. Некаторыя з іх прынялі ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні Беларускага з"езда Случчыны, у Слуцкім збройным чыне. З усталяваннем на Случчыне савецкай улады многія сябры таварыства адышлі ад актыўнай дзейнасці. Бібліятэку «Папараць-кветкі» перадалі аддзелу народнай адукацыі, а грашовыя сродкі – аддзелу мастацтва павятовага рэвалюцыйнага камітэта. У гэты ж аддзел перайшла працаваць амаль у поўным складзе драматычная секцыя. Адначасова з 45 чалавек быў створаны беларускі хор, які неўзабаве стаў папулярным на Случчыне. Паводле Язэпа Дылы, «нават мінчане, што часам бывалі ў Слуцку, адзначалі добрае выкананне песень, казалі, што хор мала чым уступаў тагачаснаму мінскаму хору Тэраўскага».

У пачатку 1922 года, калі прайшлі шматлікія арышты беларускіх нацыянальных дзеячаў, «Папараць-кветка» спыніла сваё існаванне.

Гістарычнае значэнне дзейнасці культурна-асветніцкага таварыства «Папараць-кветка» ў тым, што яго ўдзельнікі нямала зрабілі (нагадаю: у вельмі няпростых умовах акупацыі Случчыны нямецкімі і польскімі войскамі) па арганізацыі беларускіх школ у Слуцкім павеце, падрыхтоўцы для работы ў іх настаўнікаў, распаўсюджванні сярод насельніцтва беларускай літаратуры. Іх намаганні ў канчатковым выніку садзейнічалі развіццю самасвядомасці беларусаў, стварэнню эканамічных і культурных падстаў для незалежнай беларускай дзяржаўнасці.

Савецкая ўлада праз некаторы час па-свойму «ўлічыла» дзейнасць актывістаў «Папараць-кветкі». Напрыклад, Фабіян Шантыр, які дапамагаў наладжваць работу таварыства, у 1920 годзе быў расстраляны; Андрэй Бараноўскі і Юрка Лістапад расстраляны ў 1938 годзе; Сяргей Бусел у 1940 годзе прыгавораны да 15 гадоў папраўча-працоўных лагераў, Васіль Русак у 1946 годзе – да 10 гадоў лагераў; Алесь Аніхоўскі ў 1931 годзе быў высланы на 5 гадоў з Беларусі, а потым быў прыгавораны да 8 гадоў папраўча-працоўных лагераў; Іван Ракуцька ў 1930 годзе праходзіў па «справе Саюза вызвалення Беларусі»; па гэтай жа «справе» Мікалай Мамчыц быў высланы за межы Беларусі, а ў 1937 годзе прыгавораны да 10 гадоў папраўча-працоўныхлагераў; Улас Дубіна ў 1933 годзе высланы за межы Беларусі.

 

 

Анатоль ЖУК

На застаўцы: пячатка таварыства «Папараць-кветка», кампутарная рэканструкцыя В. Хвораў

 

 

Кветка, што расцвіла ў Слуцку