У нас на сайте
Ссылки

 

 

Слуцк деловой - портал Капитал-маркет

 

Покупай/Продавай на Capital-Market.by

 

Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Запчасти, расходные материалы и аксессуары для всех популярных марок и моделей автомобилей

 

Ирландское кружево Ольга-Анастасия

 

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Таліца

12.03.2013

Той крынічкі, з якой выцякаў і бег па балоцінах, агінаючы суседнюю вёсачку Ліпнікі, раўчучок, каб за мястэчкам Урэчча ўліцца ў паўнаводную Арэсу, даўно няма. Ёсць пракладзеная меліяратарамі па «следу» раўчучка канава са шлюзамі, зарослая чаротам. Ад назвы крынічкі і «зачалася» вёска Таліца.

Першыя пасяленцы выбралі месца на ўзлеску. Улетку раніцай, падаіўшы кароў, жанчыны ішлі ў лес і праз паўгадзіны вярталіся з кашамі, поўнымі крамянёвых баравікоў і чырвонагаловых падасінавікаў, або, як іх звалі тады, – асавякоў. Тое самае рабілі і іх дзеці, ідучы са школы, што знаходзілася ў суседніх Ліпніках. Жылі вяскоўцы дружна, вызначаліся гасціннасцю, працавітасцю, узаемнай дружбай, ніхто на суседа нікуды нічога дрэннага не даносіў, таму і рэпрэсіі 30 х гадоў вёску абмінулі.

У 1929 годзе талюкі і суседзі-ліпнікоўцы аб"ядналіся ў адзін калгас, які, як пісалаў сваёй аповесці «Расці, Ганька!» пісьменніца-зямлячка Алена Васілевіч, потым распаўся, што выклікала радасць у многіх сялян. Але пазней іх вымусілі зноў вяртацца ў «камунію» – так тады называлі калгас вяскоўцы. Да вайны калгаснікі жылі не багата, але і не бедна, усё ў іх ладзілася на зямлі і ў адносінах паміж сабою, аб чым не без зайздрасці, памятаю, гаварылі калісьці мае землякі з вёскі Боркі.

Пасля вайны ў Таліцы было 20 двароў, на ўскраіне вёскі стаяў клуб, моладзь ладзіла вечарынкі пад гармонік. Мне там у 1951 годзе, пасля вяртання з вайсковай службы, давялося не раз танчыць з мясцовымі прыгожымі і сарамяжлівымі дзяўчатамі, якія потым разляцеліся, нібы тыя птушкі, па ўсяму Саюзу.

…Усё гэта – у мінулым. А сёння пры ўездзе ў вёску, дзе засталося 12 дамоў, нас страчаюць шэрыя рэшткі сцен колішняга клуба, налева, воддаль чарнее на ліпе буслянка, якую ўжо не адзін год абжывае пара верных чалавеку птушак. А далей літарай «Г» выгінаецца вуліца, з могілкамі на процілеглым канцы.

У гэты сонечны, але халаднаваты дзень яна была пустыннай, толькі пасярод вуліцы стаяў грузавік з буравой устаноўкай на «задку» і незнаёмым вадзіцелем у кабіне. I не дзіва: у вёсцы з карэнных жыхароў засталіся два пенсіянеры. У крайнім (ад уезду з боку Борак) доме жыве ветэран вайны Павел Лявонавіч Кернажыцкі. Ён ужо чакаў нас у зімовай шапцы-аблавушцы на сівой галаве, ветлівы і гасцінны. Нават пры першым позірку на ягоную сядзібу было бачна, што гаспадар тут дбайны, працавіты. Гэта праглядвалася і на густым малінніку ўздоўж сцяны дому, і на дзесятку калодаў пчол у садзе, дзе побач са старымі яблынямі пускаюць карані з дзесятак маладых саджанцаў.

Пасля смерці жонкі Павел Лявонавіч карову збыў, у ягоным узросце – сёлета споўнілася 82 – цяжка яе трымаць. Ёсць верны сябар-вартаўнік сабака, дзесятак курэй. Ёсць сорак сотак агароду, які ён па-ранейшаму кожную вясну засявае.

Прашу Паўла Лявонавіча расказаць крыху пра сваё мінулае жыццё, пра суседзяў, дзяцей.

– Сам"я родам з вёскі Кутнеў, што за Пагостам, калі ехаць на Любань. Там прайшло дзяцінства, адтуль у 1942 годзе пайшоў у партызаны, у атрад Плышэўскага брыгады Далідовіча. Хапіла ліха, не адну блакаду варожую перажыў, замярзаў у балоце, на засады нарываўся, калі кулі рвалі побач зямлю. Але выжыў і летам 44 га, як вярнуліся нашы, пайшоў з іншымі партызанамі на фронт. За Бугам у жніўні сорак чацвёртага, калі наш батальён ішоў у атаку, паблізу разарваўся нямецкі снарад, мяне прысыпала зямлёю, параніла асколкамі ў нагу і галаву, кантузіла. Таварышы, што былі паблізу, адкапалі, адправілі ў шпіталь. Праляжаў там ажно тры месяцы і не мог вымавіць ні слова – так адбілася кантузія. Але доктар, што лячыў гаварыў: «Не бойся, Лявонавіч, ты ў мяне загаворыш».

I так выйшла, што я загаварыў, раны таксама загаіліся, бо малады быў.

Пасля вайны вярнуўся ў сваю вёску, ажаніўся, дзеці пайшлі. Але жыць там не хацелася. На тое прычыны: летам трэба было на цэлы месяц з вясковымі касцамі выязджаць за сорак пяць кіламетраў ва ўрочышча Капачы за Старобінам на нарыхтоўку сена для калгаса. Зімою на санях яго вывозілі адтуль – зноў сям"я заставалася без гаспадара. I выпала нагода мне ў 1956 годзе купіць у Таліцы хату. Пераехалі з жонкай і дзецьмі – і душа ад радасці зацяплілася надзеяй, што тут будзе ўсім лепей. Радавалі блізкі лес, сенажаці, урадлівая зямля, а галоўнае – людзі, суседзі, якія сустрэлі нас гасцінна, добразычліва.

– Працаваў гадоў дзесяць брыгадзірам у паляводчай брыгадзе, пазней – на розных работах, якіх у вёсцы хапае кожнаму, калі ён не гультай. Пенсію мне, як інваліду вайны, вызначылі нядрэнную, хапае і сабе, і дзецям, калі ёсць патрэба, падсабляю. З пчоламі сябрую даўно, сёлетні год, як і мінулы, быў ім неўраджайны, з чатырох вулляў, што ацалелі з зімоўкі, сабраў усяго паўтара вядра мёду. А былі ж гады, калі з кожнага браў па два-тры.

Павел Лявонавіч у перапынку нашай размовы пачаставаў мяне цудоўным, залацістага колеру, мядком. А я прашу яго расказаць пра сваіх дзяцей, унукаў.

– Сын Мікалай у Слуцку на цукровым камбінаце працуе ў брыгадзе слесараў, другі, Валера – у Салігорску брыгадзірам электрыкаў на першым калійным камбінаце, дачка Ніна – там жа, на чацвёртым рудніку працавала галоўным бухгалтарам, на пенсію ўжо выйшла. Сёння яна ў мяне ў гасцях, рашыла праведаць бацьку – і то радасць дзеду. У мяне, дзякаваць Богу, пяць унукаў ужо і чатыры праўнукі, так што род Кернажыцкіх не звядзецца.

– Некалькі слоў пра сваіх суседзяў-талюкоў, з кім давялося побач жыць, працаваць, хто перажыў ваеннае ліхалецце.

– Вайна дабралася і сюды, у гэты ціхі куточак. Зімой 1944 года ў хаце ляснічага Цімафея Рэута заначавала група партызан. На досвітку з суседняй, за лесам, вёскі Круглае, дзе быў нямецкі прыдарожны бункер, наехала чалавек дваццаць паліцаяў. Партызаны ледзь паспелі выскачыць з хаты і трапілі пад кулямётны агонь. Дваіх скасіла насмерць, трэцяга параніла і ён усё ж паспеў схавацца. Сам Цімафей таксама выскачыў з дому пры першых стрэлах. А ягоную маці паліцаі застрэлілі, а дом спалілі. У партызанах у тым жа годзе загінуў сын Лаўрына Перагуда – Міша. Яшчэ восем мужчын загінулі на франтах Айчыннай вайны.

Што парадавала ў вёсцы – дык тое, што на дзевяці сядзібах з вясны да позняй восені шчыруюць дачнікі са Слуцка, Салігорска і нават з Мінска, пераважна выхадцы адсюль. Прыязджаюць на сваіх легкавіках, так што зямля на сядзібах не зарастае быльнікам, людзі збіраюць нядрэнныя ўраджаі бульбы, агародніны. Толькі адна пустая хата не мае пакуль гаспадара.

Яшчэ адна сустрэча – з пенсіянеркай Нінай Канстанцінаўнай Рэут. Яе дом з трыма белымі вялікімі вокнамі на вуліцу, бадай, самы прыгожы ў вёсцы. Гаспадаром у ім быў яе муж Вячаслаў, трактарыстам у калгасе адрабіў гадоў пад сорак. Пасля выхаду на пенсію набыў невялікі трактарок, на ім абрабляў і свой агарод, і суседскія. Памёр два гады таму. Раптоўна: лёг спаць – і не прачнуўся. Сэрца здало. I засталася Ніна Канстанцінаўна ўдавой.

– Кім я, пытаеце, працавала ў брыгадзе? Дзесяць гадоў, калі была яшчэ маладзейшай, адрабіла даяркай на малочнатаварнай ферме, была такая за вёскай, там цяпер ад яе адны голыя сцены ды рэбры дахаў засталіся. Уручную даілі. Нават калі прывезлі апараты, старалася сваіх каровак даіць уручную – так прывыкла да іх, яны да мяне таксама. То ад той работы сёння рукі баляць. А калі кароў перавялі ў цэнтр калгаса, то хадзіла ў брыгадзе на розныя палявыя работы, а іх заўсёды хапае, асабліва восенню. Пенсію вырабіла 114 тысяч рублёў. Яно і не мала, каб было здароўе, а яго, чалавеча, няма ўжо. Астма даймае, сэрца дае збоі, але трымаюся, трэба жыць як ёсць. Дзеці дзе, пытаеце? Сын Коля вярнуўся з Украіны і жыве ў Слуцку, жанаты, двое дзетак маюць, падсабляе мне агарод засеяць і ўбраць. Дачка Маня ў Барысаве жыве, хутка і ёй напенсію.

…Нашчадкі талюкоў, што жывуць у блізкіх і далёкіх гарадах, у апошнія гады прывозяць на вясковыя могілкі сваіх памерлых блізкіх і далёкіх сваякоў. Там пад старымі бярозамі і соснамі, побач з лесам, месца пакуль свабоднага хапае, ды і зямля родная «лёгкая» – пясчаная. А вясною, у пачатку красавіка, з далёкіх краёў сюды на сваё седала вернуцца буслы. Яны не пакінуць вёску, калі ў ёй застаўся хоць адзін чалавек.



 

М. ТЫЧЫНА
Фота А. ЖОГЛЫ
Газета «Слуцкі край», 06.11.2003




 



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 1623. Последнее 2018-12-12 15:15:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 55-8-66
hvorov@inbox.ru