У нас на сайте
Ссылки

 

 

Слуцк деловой - портал Капитал-маркет

 

Покупай/Продавай на Capital-Market.by

 

Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Запчасти, расходные материалы и аксессуары для всех популярных марок и моделей автомобилей

 

Ирландское кружево Ольга-Анастасия

 

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Боркі

04.03.2013

Радзіма – не загон,
Травы дзе можна скубануць,
Яна – яшчэ і палетак Бога.

Яўген Гучок

Вытокі – з «Малевічавай паляны»

Карані сваёй вёскі можна адшукаць за трыдзевяць зямель ад яе – калі не згасла памяць аб іх. Мне пашанцавала: аднавясковец, жыхар Слуцка, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Аляксандравіч Малевіч пры сустрэчы неяк падзяліўся пачутай у далёкім дзяцінстве навіной: за вёскай Амговічы ў лясным гушчары ёсць месца, якое тутэйшыя жыхары называюць «Малевічавай палянай» – у памяць ягонага прадзеда Івана. У пачатку XIX стагоддзя ён купіў там надзел зямлі, а пазней, калі пясчаная глеба не радавала ўраджаямі, пакінуў тое месца і купіў зямлю ў Мялешкаўскай воласці, на сухадоле сярод балот і лесу. I стаў там гаспадарыць. Пазней, калі той сухадол абжылі іншыя людзі, вёску, з-за блізкасці векавога бору, назвалі Боркі.У Івана і яго жонкі было пяцёра сыноў – Сымон, Міхаіл, Павел, Аляксандр, Іван. Падросшы, яны не скіравалі свае позіркі на недалёкі горад. Бацька выдзеліў кожнаму па надзелу зямлі, дапамог забудавацца.

У гэтых першых, ды і пазнейшых пасяленцаў быў свой шляхецкі гонар ва ўсім – у адмысловай, з укладам некаторых польскіх слоў, мове, у перакананні, што шляхцюку з дзяўчынай «мужычкай» жаніцца не гожа, таму нявесту яму ездзілі выбіраць толькі ў навакольных «шляхецкіх» вёсках, Традыцыя гэта распалася ў 50-я гады мінулага стагоддзя.

Пазней яшчэ адно «калена» Малевічаў купіла тут па добраму кавалку зямлі: браты Язэп і Васіль Малевічы пабудавалі дыхтоўныя хаты, гумны і выдзяляліся тым, што ўмелі добра працаваць, трымалі на падворку па тры-чатыры кані, не меней двух кароў, з дзесятак авечак, мелі нават конныя малатарні. Чарговае «калена» Кунцэвічаў прадстаўлялі родныя і стрыечныя браты Пятрусь Іванавіч, Пятрусь Паўлавіч, Павел Іванавіч і Кастусь Паўлавіч. Забудаваліся яны побач, хата пры хаце. Каля сядзібы Паўла Кунцэвіча абжыўся неўзабаве і наваселец з так званага, па-мясцоваму, «мужыцкага» саслоўя – Фёдар Жук (родны брат дзядулі цяперашняга старшыні тутэйшага кааператыва Анатоля Іванавіча Дулі). З двума сынамі і дачкой, якія выраслі без рана памерлай маці і яшчэ перад вайной выехалі ў Слуцк.

Блізкасць лесу і сенажацяў, урадлівая зямля прыцягвалі сюды дбайных хлебаробаў. Завіталі ў Боркі і забудаваліся тры браты Балвановічы – Стафан, Андрэй і Міхаіл, затым цэлае «калена» Жаўрыдаў – Аляксандр, Іван, Ёсіп, Андрэй і Рыгор, павясковаму Грысь. Яны бадай і завяршылі «фармаванне» вёскі з дугападобнай вуліцай. У запісах 1900 года ў Борках налічвалася 17 двароў з 83 жыхарамі.



Год «вялікага пералому»

Калектывізацыю ў вёсцы сустрэлі насцярожана, радасці ад намеру ўлад абагуліць усю хатнюю жывёлу ў адзін калгасны статак у сялян не было, асабліва ў тых, хто ўмела гаспадарыў і ўжо меў сталы, за пяцьдзесят гадоў, узрост.

Усчалося ўсё ранняй вясной 1930 года. Пад раскулачванне трапілі і былі адпраўлены на высылку за Котлас Язэп Малевіч з жонкай Марыляй (абоім ужо было за шэсцьдзесят гадоў), іх жанатыя сыны Пятрусь і Андрэй з жонкамі і дзецьмі, Язэпаў брат Васіль, 51-гадовы ўдавец.

Трапілі пад раскулачванне брат маёй бабулі Андрэй Жаўрыд з жонкай, трыма дзецьмі, Аляксандр Забела, Уладзімір Перагуд – з жонкамі і чатырма дзецьмі, старой маці Перагуда. Хаты шасцярых раскулачаных разабралі і вывезлі, пакінулі толькі хлявы і гумны.

Страх быць высланым змусіў уцячы з вёскі Аляксандра Заброцкага. Ён даведаўся, што трапіў у «чорны спіс» і цягніком з'ехаў у Асіповічы, пакінуўшы дома жонку Анюту з трыма малымі дзецьмі. Вярнуўся у вёску толькі ў 1941 годзе і да канца жыцця працаваў конюхам у брыгадзе.

Рэпрэсіі супраць гаспадарлівых вяскоўцаў не запужалі ўпартых «аднаасобнікаў». Дзядуля майго знаёмага случчаніна Міхаіла Малевіча – Іван быў у ліку такіх, хоць сын яго Алесь і стаў калгаснікам.

Тым не менш у дзядулі забралі каня, не выдзелілі ў полі хоць невялікі ўчастак зямлі – жыві як хочаш. Дзядуля не разгубіўся, зрабіў ярмо для каровы і паехаў на Урэчча, у лясніцтва, выпрасіў надзел поплаву плошчай каля гектара ўзбоч Барэцкага лесу, раскарчаваў, на карове заворваў і да самай вайны кожную вясну засяваў збожжам, бульбай, з чаго і жылі з жонкай. Родны брат Івана – Павел Малевіч лічыўся ў вёсцы небагатым чалавекам, але ў калгас уступаць не схацеў і падаўся на Урэцкі спіртзавод вартаўнікам, жонка таксама не стала калгасніцай, жылі з сядзібы і з заробку мужа. Не паддаўся на ўгаворы ўступіць у калгас і такі ж небагаты вясковец-пчаляр Рыгор Бялькевіч, трымаў мо 20 калод пчол. А вось жонка яго, Паліна, хадзіла ў брыгаду на работу і лічылася наватударніцай.

Што характэрна: з таго першага «калена» Малевічаў, у якім было пяць двароў, на высылку не трапіў ніводзін, нават заўзяты аднаасобнік Павел. I не выпадкова: у 30-я гады амаль да самай вайны старшынёй Мялешкаўскага сельсавета быў сын Сымона Малевіча – Міша. Радню пакрыўдзіць ён не адважыўся.

Тым не менш ахоўнікам «класавай чысціні» грамадства не спалася, і летам 1935 годаў спіс «неблаганадзейных» трапілі сем'і калгаснікаў Ёсіпа Жаўрыда (роднага брата раскулачанага Андрэя) і Костуся Кунцэвіча. Абоіх з жонкамі і чатырма дзецьмі адправілі за Котлас, у тайгу. Адтуль праз год змагла ўцячы 15-гадовая дачка Ёсіпа – Шура, якая хварэла на вочы і выпрасіла ў лагернага фельчара накіраванне ў Котлас на абследаванне ў паліклініку. Дзяўчына, адчуўшы подых волі, села ў цягнік на Маскву, а адтуль – да Слуцка «зайцам», хоць не мела пры сабе ніякіх дакументаў.

Падбіў рахунак паламаных людскіх лёсаў – і жахнуўся: у 30-я гады (у 1937-м «чорны воран» за адну ноч узяў з вёскі яшчэ трох – Тодара Жаўрыда, Петруся Паўлавіча Кунцэвіча і Паўла Жаўрыда) з невялікай, на 26 двароў, вёскі было выслана на поўнач 39 чалавек, з улікам дзяцей. Вярнуліся толькі 10, астатнія альбо памерлі, альбо загінулі на фронце ці дажывалі век на чужыне.

У ліку тых, хто вярнуўся пасля вайны, былі Язэп і Марыля Малевічы, пастарэлыя і нямоглыя. Іх жанатага сына Пструся ў вайну прызвалі ў дзеючую армію і ён загінуў у Сталінградзе ў 1942 годзе. На яго бацькоў у вёсцы па вяртанні глядзелі з нейкім адчужэннем, ніхто не кінуўся дапамагаць. Толькі калгас выдзеліў пад жыллё невялікі хляўчук пры закінутым свінарніку. Брат Язэпа – Васіль Малевіч вярнуўся восенню 1946 года і яму даў прытулак сваяк Мацвей Валатковіч, дзе стары і хворы дзядуля праз год памёр. Язэпава нявестка Анюта вярнулася яшчэ ў 1944 годзе і да скону дзён працавала ў калгасе, жыла ў доме зяця і дачкі.

Яшчэ адзін раскулачаны – Андрэй Жаўрыд з жонкай-інвалідам вярнуліся ў гады акупацыі, прыстасавалі пад жыллё ацалелую на колішнім дворышчы істопку. Двое іх малых дзяцей памерлі ў высылцы ад тыфу, а старэйшы сын Іван, якога ў дзяцінстве ад высланых бацькоў узяла на выхаванне сваячка з Чапліц, пайшоў на фронт і загінуў пад Варшавай у 1944 годзе.



Зямля не пуставала

На калгасных палетках баркаўцы да вайны шчыравалі не горш, чым раней на сваіх надзелах, атрымлівалі нядрэнныя ўраджаі збожжавых, бульбы, лёну, хоць у канцы года нярэдка на працадзень атрымлівалі па паўкіло зерня і па кілаграму бульбы – болей нічога. З прыходам у 1950 годзе да кіраўніцтва калгасам імя Калініна Сяргея Сямёнавіча Палешчука ў Борках на месцы згарэлай ад пажару (разам з табуном коней) канюшні пабудавалі ферму па адкорму бычкоў на 400 галоў, а каля рэчкі Слівянкі ля вёскі ўзвялі памяшканні для вырошчвання качак, свой інкубатар забяспечваў ферму маладняком. На гэтым інкубатары 25 гадоў адпрацавала Зінаіда Адамаўна Андрусевіч, разам з ёю ў розныя гады тут шчыравалі Ніна Наруцкая і Марыя Сінькевіч. Ферма давала штогод дзесяткі тон каштоўнага качынага мяса, там мелі работу сем чалавек. З-за нерэнтабельнасці ў гады так званай «перабудовы», калі ўзраслі цэны на корм, птушнік і інкубатар закрылі. Разумеючы, што неперспектыўная вёска, без магазіна, пачатковай школы, без маладой рабочай сілы прыйдзе канчаткова ў заняпад, С.С.Паляшчук у 70-я гады за сродкі калгаса пабудаваў у Борках чатыры цагляныя дамы і выкупіў у вяскоўцаў-гараджан дзве апусцелыя хаты, падсяліў у іх так званых «прыезджых», людзей сялянскага гарту, працавітых. На іх і тады, і цяпер трымаецца адкормачнік бычкоў і гадоўлі цялушак, лічыцца ў гаспадарцы на добрым рахунку – сутачныя прывагі там, як адзначыў старшыня кааператыва, у межах 700–1000 грамаў, таму і заработкі ў даглядчыкаў неблагія. Мне прыемна было даведацца ад сакратара Вясейскага сельсавета, што ў Борках на ўліку дзесяць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Толькі мала надзеі, што яны застануцца тут надоўга: за апошнія семдзесят гадоў з 65 дзяцей, што нарадзіліся з канца 20-х і ў 30–70-я гады, у вёсцы засталіся ўсяго чацвёра, усе яны ўжо пенсіянеры, а астатнія параз'язджаліся па гарадах.

З карэнных баркаўцоў сталага пакалення сёння застадося 12 чалавек ва ўзросце ад 70 да 84 гадоў. Гэта людзі, на чыіх плячах трымалася брыгада ў пік пасяўной і ўборачнай кампаніі, на праполцы цукровых буракоў, лёну, а ў 40–50-я гады – і балотнага кок-сагызу. Шмат гадоў адпрацавалі на адкормачніку пастухамі і даглядчыкамі жывёлы Вячаслаў Паўлавіч Андрусевіч і Іван Анісімавіч Сінькевіч, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, шчырыя, дарэчы не п'юшчыя, рабацягі вёскі. Іх жонкі Зінаіда Адамаўна і Марыя Юльянаўна, лічы па паўвеку ідуць поруч са сваімі мужамі і на рабоце, і дома, дзеці, унукі іх праведваюць, не забываюць. Суседка Андрусевічаў – Зоя Сцяпанаўна Арцюшкевіч працавала рахункаводам у канторы, муж механікам на мехдвары.

Яе дзяцінства балюча апякла вайна. У 1943 годзе бацькі Зоі пайшлі ў партызаны. У 1944 годзе маці, медсястра ў атрадзе, загінула ў баі з карнікамі. Дачка, якой было дванаццаць гадоў, вярнулася ў вёску з немаладым ужо бацькам-удаўцом і звязала свой далейшы лёс з калгасам.



Франты абыходзілі вёску

А вайна падкасіла яе. І ў 1941-м, і летам 1944 года, калі спярша па шашы-»варшаўцы» на ўсход каціліся танкі і мотапяхота Гудэрыяна, а потым на захад, па той шашы і славутым «кацярынінскім» шляху з Урэчча на Слуцк ішлі з баямі савецкія стралковыя дывізіі і танкавыя брыгады, немцы праз вёску зрэдку беглі ў страху быць злоўленымі партызанамі. Толькі ў прамежку паміж гэтымі датамі вайна і тут высякала людзей. У 1942 годзе паліцаі арыштавалі і расстралялі 26-гадовага хлопца Аляксандра Малевіча па падазрэнню ў сувязях з партызанамі, а яшчэ раней арыштавалі і расстралялі Юліся Малеевіча, актывіста калгаснага руху, брата старшыні сельсавета Міхаіла, які ў пачатку вайны паспеў эвакуіравацца на ўсход.

У снежні 1943 года, калі вёска ўжо лічылася партызанскай вотчынай, сюды сярод белага дня заблудзілі два конныя немцы з вясейскага гарнізона. Партызаны маглі ўзяць іх у палон з коньмі, але палічылі лепей забіць, нарабіўшы шуму стральбой. Баркаўцы зразумелі, чым гэта пахне для вёскі, у трохстах метрах ад якой пабілі тых немцаў. На наступны дзень акупанты прыехалі і сталі шукаць па хатах мужчын, але тыя з дзецьмі ўжо адседжваліся ў лесе. Не пайшоў туды толькі наш сусед, малапісьменны Пятрусь Кунцэвіч, бацька дваіх дарослых дзяцей – выйшаў на вуліцу. Яго немцы вывелі за вёску і застрэлілі, а труп аблілі бензінам і падпалілі. У той жа год восенню абарвалася жыццё Аніські Сінькевіча, адзін сын якога Іван, быў на фронце з пачатку вайны, другі, Алесь, пайшоў у партызаны. Бацька намерыўся адвесці ў не блізкую, за «казённым» лесам, вёсачку дзевяцігадовага пляменніка, які ў яго летам быў за пастушка. У вёсцы Таліца Аніську затрымалі партызаны, палічылі за нямецкага шпіёна, хоць вяскоўцы даказвалі, што ведаюць яго як сумленнага чалавека. Аднак затрыманага адвялі ў лес і прыстрэлілі.

На франтах Вялікай Айчыннай вайны загінулі мае землякі Алесь Кунцэвіч, Мікалай Балвановіч, Андрэй Балвановіч, Антон Тычына, Мікалай Кунцэвіч, Іван Андрэевіч Жаўрыд, Іван Адамавіч Жаўрыд, Міхаіл Адамавіч Жаўрыд, Уладзімір Жаўрыд, Пятрусь Кунцэвіч, Іван Малевіч, Аляксандр Рудакоўскі. Зашмат для такой невялікай вёсачкі.

... Калі прылятаюць вясной жаўрукі і чайкі, кідаю ўсе справы ў горадзе і спяшаюся на прыгарадным аўтобусе ў сваю вёску, дзе адчуваеш прыліў нейкай пяшчоты і радасці ў душы ад сузірання ўсяго, што там ацалела ці засталося нязменным – дваццаць дубоў вакол сядзіб, з тузін векавых клёнаў і каштанаў узбоч шырокай вуліцы, пяць апусцелых, з забітымі вокнамі, хат і сем, занятых дачнікамі. I ўсё ж – «няма таго, што раньш было»!

I набягаюць у памяці радкі з верша малавядомага беларускага паэта Алеся Лесуна:

 

Ой, вёска мая,
                     з нараджэння карміліца,
Гляджу на цябе
                    з-пад дрыжачай рукі,
Ты – быццам дзядуля
                    знямоглы на мыліцах
Стаіш, пастарэўшы,
                   ля вузкай ракі.



 

Такой паэту, ужо немаладому, бачыцца яго родная вёска. А здаецца, быццам убачыў ён маю, што вырасла ля рачулкі Слівянкі.

I хоць пастарэлая, з шэрагам апусцелых хат, але з прылётам пары буслоў на гняздо за сядзібамі, з гулам трактароў на палетках вакол вёскі, яна ажывае пасля зімовага зацішша, кліча да сябе, радуе, саграе душу.



 

М. ТЫЧЫНА
Фота А.ЖОГЛЫ

Газета «Слуцкі край», 15.05.2004



 



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 1817. Последнее 2018-12-13 12:14:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 55-8-66
hvorov@inbox.ru