У нас на сайте
Ссылки

 

 

Слуцк деловой - портал Капитал-маркет

 

Покупай/Продавай на Capital-Market.by

 

Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Запчасти, расходные материалы и аксессуары для всех популярных марок и моделей автомобилей

 

Ирландское кружево Ольга-Анастасия

 

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Народны ансамбль танца «Кордэс»

14.11.2013

Народны ансамбль танца «Кордэс» пачаў сваю дзейнасць у верасні 1993 года пад назвай «Случчына». Ужо праз два месяцы пасля стварэння, 6 лістапада 1993 года, у Доме афіцэраў ансамбль «Случчына» прадставіў гледачам сваё першае танцавальнае шоу. Паступова змяняўся рэпертуар калектыву, і ў сувязі з гэтым змяняліся яго назвы. Са «Случчыны» ён ператварыўся ў эстрадна-балетную групу «Блеск», а потым атрымаў назву «Кордэс».

Заснавальнік і нязменны кіраўнік калектыву – Наталля Міхайлаўна Мартыновіч. Яна – аўтар усіх пастановак, з якімі выступаў і выступае «Кордэс». Часам у стварэнні танцаў ёй дапамагаюць артысты. Натхняць на новыя ідэі можа ўсё, што заўгодна: музыка, нядаўна ўбачаны фільм…

Не толькі танцы, але і ўсе мадэлі касцюмаў удзельнікі ансамбля распрацоўваюць самі. Вольга Бародзіч, артыстка «Кордэса» і мастачка, робіць эскізы, а Таццяна Якімовіч, мастачка па касцюмах і швачка, увасабляе малюнкі ў гатовую сцэнічную вопратку. Некаторыя асабліва складаныя касцюмы («Слуцкія ткачыхі») шыюцца на заказ. У прыватнасці, зараз на прадпрыемстве «Слуцкія паясы» вырабляюцца ўборы для танца рамеснікаў сярэдневякоўя.

Зараз у рэпертуары калектыву налічваецца 57 нумароў. Сярод іх вылучаюцца пастаноўкі, якія ўжо палюбіліся гледачу і сталі так званымі візітнымі карткамі: «Гадзіннік», з якім ансамбль заняў ІІ месца на Міжнародным фестывалі харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод» у 2008 годзе, «Шляхецкі танец», які можна было ўбачыць на абласных і гарадскіх мерапрыемствах, «Манекены», якія гледачы пазнаюць па першых акордах, тэатралізаваная кампазіцыя «Хатынь» і іншыя.

Ва ўсіх сваіх выступленнях ансамбль паказвае высокі ўзровень майстэрства. І гэта, безумоўна, адлюстроўваецца на колькасці перамог у конкурсах і фестывалях і на колькасці і значнасці мерапрыемстваў, у якіх прымае ўдзел «Кордэс». Найбольш памятнай перамогай самі ўдзельнікі лічаць ІІ месца на «Сожскім карагодзе». Гэта фестываль настолькі высокага ўзроўню, што для слуцкіх танцораў, якія ўпершыню прыехалі на «Карагод» у якасці канкурсантаў, прызавое месца было нечаканасцю, прыемнай аж да слёз. Таксама з апошніх дасягненняў калектыву – лаўрэацтва на VIII абласным фестывалі народнай творчасці «Напеў зямлі маёй» і на VII абласным фестывалі харэаграфічнага мастацтва «Карагод сяброў». Сярод значных мерапрыемстваў, у якіх прымаў удзел «Кордэс» – Рэспубліканскі фестываль «Дажынкі-2005» у Слуцку, «Дажынкі-2011» у Маладзечна, Дзень беларускага пісьменства ў Барысаве.

Артысты ўзгадваюць незабыўны і шчыры прыём у Ржэве (Расійская Федэрацыя). У святочны дзень 70-годдзя вызвалення горада воінскай славы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў слуцкія артысты выступілі з канцэртнай праграмай. Пасля кожнага нумару «Кордэса» артыстаў выклікалі «на біс» і не хацелі адпускаць. «Было адчуванне, – дзеліцца Наталля Міхайлаўна, – што зал сваімі эмоцыямі носіць нас на руках».

Зараз у ансамблі займаюцца 18 чалавек. Сярэдні ўзрост удзельнікаў – 30 гадоў. Усе яны ў паўсядзённым жыцці – спецыялісты розных сфер, большасць – з вышэйшай адукацыяй: псіхолаг, кадравыя работнікі, нават юрыст міжнароднага права. Але пасля працоўнага дня ўсе гэтыя сур"ёзныя працаўнікі, нягледзячы на стому, спяшаюцца на рэпетыцыю. На заняткі прыходзяць з сем"ямі, з дзецьмі, бо «Кордэс» стаў родным для многіх удзельнікаў. Ёсць у ансамблі артысты, якія да прыходу сюды ўжо мелі танцавальную падрыхтоўку, ёсць нават прафесійныя харэографы, а многія вучыліся харэаграфіі ў калектыве. І просты глядач зараз наўрад ці адрозніць аматара ад прафесіянала. Дабіцца такіх вынікаў дапамагае сур"ёзная праца на рэпетыцыях. Навічкоў вучаць «камандным спосабам»: усім калектывам падказваюць, дапамагаюць.

Заняткі ў «Кордэсе» праходзяць вельмі насычана: станок, размінка, напружаная праца над нумарамі. «Часам працуем так, што пад канец рэпетыцыі падаем», – жартуе Наталля Міхайлаўна. Але без працы няма вынікаў. І артысты не крыўдзяцца і не жаляцца, нават калі вельмі стомленыя. Яны, калі трэба, з радасцю гатовы працаваць звыштэрмінова, нават без выхадных і да позняга вечара.

Калектыў «Кордэс» стараецца падтрымліваць сваю рэпутацыю і радаваць гледачоў высокай мастацкай якасцю танцавальных кампазіцый.

Народнаму ансамблю танца «Кордэс» гарадскога Дома культуры споўнілася 20 гадоў. Сваё майстэрства танцоры ансамбля ў чарговы раз прадэманстравалі на юбілейным канцэрце «Танец сэрцаў», які прайшоў 6 лістапада ў Слуцкім гарадскім доме культуры з аншлагам. У праграме былі прадстаўлены усе вядомыя кампазіцыі ансамбля і новыя нумары «Кордэса».

Павіншавалі «Кордэс» з юбілеем і выступілі на святочным канцэрце ўдзельнікі самадзейных калектываў Случчыны. І ў цёплай атмасферы, якая панавала ў зале, можна было адчуць: кожны артыст дорыць гледачам частку сваёй душы.

 

Алеся БЕЛАЯ

Па матэрыялах газеты «Слуцкі край»



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 1684. Последнее 2018-12-15 08:03:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 55-8-66
hvorov@inbox.ru