Міхась Клебановіч

Міхась Клебановіч

14.03.2014
(Клебановіч Міхаіл Іванавіч, Клебанович Михаил Иванович)

Міхась Клебановіч нарадзіўся 14 сакавіка 1934 года ў вёсцы Грэск (на той час – раённы цэнтр) у сялянскай сям"і. Вучыўся ў мясцовай сярэдняй школе, а ў 1957 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пры размеркаванні атрымаў накіраванне на працу на тэлебачанне. Працаваў рэдактарам ваенных тэлеперадач, старшым рэдактарам рэдакцыі сельскагаспадарчых перадач, старшым рэдактарам рэдакцыі па вытворчасці тэлевізійных фільмаў, быў членам рэдакцыйна-сцэнарнай калегіі гэтай рэдакцыі. З 1977 года – галоўны рэдактар рэдакцыйна-сцэнарнай калегіі Беларускага тэлебачання; на гэтай пасадзе найбольш ярка праявіліся прафесійныя і арганізатарскія здольнасці Міхася Клебановіча. Ён – член Саюза пісьменнікаў СССР з 1981 года, у 1985 годзе атрымаў ганаровае званне «Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР».

Свой творчы шлях Міхась Клебановіч пачынаў з напісання карэспандэнцый, нарысаў, замалёвак, сцэнарыяў тэлевізійных перадач. У 1962 годзе на тэлебачанні пастаўлена яго п"еса «Аплявуха», па яго сцэнарыях знята некалькі дакументальных фільмаў. Тэлевізійны фільм «Размова пра зямлю» (пастаўлены ў 1971 годзе па сцэнарыі Міхася Клебановіча) адзначаны прызам на III Усесаюзным фестывалі. У канцы 1960-х гадоў пачаў пісаць апавяданні, аповесці, якія былі змешчаны ў часопісах «Полымя», «Нёман», «Беларусь», у некаторых іншых беларускіх перыядычных выданнях. У 1981 годзе пабачыла свет яго кніга прозы «Ранішняе сонца».

У Міхася Клебановіча можна сустрэць псіхалагічна акрэсленыя, па-сапраўднаму народныя характары герояў яго твораў. Адчуваецца, што аўтар добра ведае жыццё беларускай вёскі, уважлівы да яе мовы, а яшчэ – праяўляе прынцыповасць у адлюстраванні рэчаіснасці.

 

Анатолій ЖУК