Алесь Вечар

Алесь Вечар


25.01.2014
(Вечар Аляксандр Сцяпанавіч; Вечер Александр Степанович; 1905–1985)

Нарадзіўся Аляксандр Сцяпанавіч Вечар у вёсцы Машчыцы ў сялянскай сям’і. У год яго нараджэння бацька памёр, маці давялося выхоўваць сямёра дзяцей. Вучыўся ў Слуцку ў мужчынскай гімназіі, а потым тры гады давялося працаваць на ўласнай гаспадарцы. Вучобу прадоўжыў у сельскагаспадарчым тэхнікуме ў Слуцку, у 1924–1925 гадах загадваў хатай-чытальняй у вёсцы Паськова Горка цяперашняга Старадарожскага раёна.

Пасля заканчэння ў 1929 годзе агранамічнага факультэта Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (горад Горкі Магілёўскай вобласці) быў аспірантам Цэнтральнай хімічнай лабараторыі навукова-даследчага Інстытута сельскай і лясной гаспадаркі БССР (у Мінску), потым працаваў выкладчыкам у Гарадоцкім тэхнікуме механізацыі сельскай гаспадаркі ў Віцебскай вобласці. У 1931 годзе па ілжывым абвінавачанні, што ён кулак, А. Вечар быў выключаны з Камуністычнай  партыі, у пошуках работы выехаў у горад Сочы (РасійскаяФедэрацыя), дзе працаваў аграхімікам у мясцовай заалагічнай доследнай станцыі. З 1933 года – загадчык аддзела Навукова-даследчага інстытута харчовай прамысловасці БССР. З 1937 года жыў у Краснадары, працаваў загадчыкам кафедры захавання і перапрацоўкі пладоў і агародніны Кубанскага сельскагаспадарчага інстытута, потым – дацэнтам, загадчыкам кафедры тэхналогіі вінаробства Краснадарскага інстытута харчовай прамысловасці. У 1949–1950 гадах быў дактарантам Інстытута біяхіміі Акадэміі навук СССР (у Маскве), працаваў загадчыкам кафедры фізічнай і калоіднай хіміі Краснадарскага інстытута харчовай прамысловасці. У 1951 годзе стаў доктарам біялагічных навук, з 1959 года жыў у Мінску, працаваў загадчыкам аддзела біяхіміі раслін Інстытута біялогіі, з 1970 года – загадчыкам лабараторыі біяхіміі і малекулярнай біялогіі Інстытута эксперыментальнай батанікі Акадэміі навук БССР. Адначасова з 1963 года – прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.У 1966 годзе ён стаў акадэмікам Акадэміі навук БССР, у 1975 годзе атрымаў ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларускай ССР». Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў (1981), медалямі. А.С. Вечара выбіралі старшынёй савета Беларускага біяхімічнага таварыства, ён у складзе дэлегацыі СССР прымаў удзел у Міжнародным біяхімічным кангрэсе ў Японіі.

А.С. Вечар – аўтар больш чым 420 навуковых работ, у тым ліку шасці манаграфій і дзесяці вынаходніцтваў. Яго асноўныя працы – «Прамысловая сушка бульбы» (1932; у суаўтарстве), «Пластиды растений, их свойства, состав и строение» (1961), «Фізіялогія і біяхімія бульбы» (1984; у суаўтарстве), «Основы физической биохимии растений» (1984).



Упершыню вершы Алеся Вечара былі змешчаны ў часопісе «Аршанскі маладняк» у 1926 годзе. У першым нумары можна было прачытаць верш А. Вечара «Дзве думкі», падпісаны псеўданімам Алесь Раніца. «Песня пра малацьбу», «Я – вясёлы» – вершы, надрукаваныя ў другім нумары гэтага выдання. Потым яго вершы знаходзілі сваё месца на старонках часопіса «Полымя», газеты «Літаратура і мастацтва», у анталогіях, зборніку «Дзень паэзіі». У сваіх ранніх творах аўтар вітаў сацыялістычнае абнаўленне краіны, хараство «электравокай эры». Алесь Вечар быў адным з кіраўнікоў Аршанскай філіі літаратурнай арганізацыі пісьменнікаў БССР «Маладняк», у 1928–1930 гадах узначальваў Мінскую філію Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў.

«Вечару яшчэ не пашчасціла дагэтуль выдаць асобнага зборніка, і таму ён пакуль што мала вядомы грамадству. А тым часам ён даволі самабытны паэт у сучасным складзе «Маладняка». Ён сацыялен, і матывы ў яго звязаны з грамадскай сучаснасцю... Творчасць яго мажорная, напорыстая». Так пісаў Максім Гарэцкі ў сваёй кнізе «Маладняк» за пяць гадоў» (1928) пра Алеся Вечара. Пазней у творах А. Вечара пераважалі матывы вяртання ў думках да свайго дзяцінства, узаемаадносіны людзей у век тэхнікі, захапленне навуковымі адкрыццямі і ў той жа час – трывогі, сумненні касмічнай эры.

Не магу не пазнаёміць чытачоў з выказваннямі нашага земляка Юркі Гаўрука пра паэзію Алеся Вечара. «Мне падабаліся вершы маладога А. Вечара сваім лірызмам, мяккасцю, мілагучнасцю («шышак канюшыны і пшаніцы шум»), логікай думкі і канкрэтнасцю вобразаў («Мчацца санкі... толькі вецер як сабака ззаду»). Ужо і ў той час заўважалася яго схільнасць да роздуму і філасофскіх абагульненняў, імкненне праз паэтычнае ўспрыманне рэальнасці дабірацца да сутнасці рэчаў. Я не магу сцвярджаць, што А. Вечар бездакорна валодаў мастацкай формай, ды, мабыць, ён, паглыблены ў навуку, і не ставіў сабе такой задачы, але праўдзівасць і мастацкая добрасумленнасць яго бясспрэчны. І для паэта, і для вучонага хлусня і фальш – першыя ворагі. З цікавасцю чытаў я і яго пазнейшыя вершы, якія часам з’яўляліся ў друку. Няма ў іх ранейшай элегічнай пяшчотнасці, юнацкай непасрэднасці, затое яшчэ большую ўладу ўзяла думка. Багаты вопыт і глыбокае разуменне жыццёвых праяў дазваляюць яму ставіць праблемы вострыя і важныя для развіцця культуры сацыялістычнага грамадства. З двух пачаткаў, спажывецкага і творчага, уласцівых чалавеку, А. Вечар выбірае і рашуча падтрымлівае пачатак творчы, на якім грунтуецца не толькі тэхнічны прагрэс, а і духоўнае хараство перадавых людзей нашай эпохі».

Алесь Вечар – аўтар зборнікаў вершаў «Кола дзён» (1930), «Зварот да слова» (1977), паэмы «Мая гімназія» (часопіс «Полымя», 1979, № 2), ён пераклаў на беларускую мову паэму А. Пушкіна «Домік у Каломне» (1937). Калі Алеся Вечара спыталі, як удаецца спалучаць навуковую і грамадскую дзейнасць з літаратурнай творчасцю, ён адказаў: «Навука і паэзія – формы пазнання свету. Але калі пры навуковым даследаванні ўсё вымяраецца і ўзважваецца, то палёт паэтычнай думкі бязмежны. Пераход ад напружанай працы ў лабараторыі да пошуку свайго слова, рытму, вобраза для мяне не хобі, не духоўная разрадка, а тая ж самая творчасць. Не аднойчы было так, што літаратурныя асацыяцыі прыводзілі мяне да навуковай гіпотэзы і наадварот».

 

Анатолій ЖУК