Ельскі Аляксандр Карлавіч

Ельскі Аляксандр Карлавіч

15.01.2014
(Ельский Александр Карлович; 1834–1916)

Беларускі пісьменнік, перакладчык, этнограф, гісторык, краязнавец. Паходзіць з памешчыцкай сям"і вёскі Дудзічы Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці). Пасля заканчэння ў 1852 годзе Мінскай класічнай гімназіі да 1856 года быў на ваеннай службе, удзельнічаў у Крымскай вайне. Выйшаў у адстаўку ў чыне паручніка і пасяліўся ў вёсцы Замосце (цяпер Пухавіцкі раён), дзе пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну фальварак. Быў жанаты, у сям"і выхоўваліся сын і дачка.

Аляксандр Ельскі актыўна займаўся грамадскімі справамі. З 1861 года ён быў міравым суддзёй у адной з акруг Ігуменскага павета, у 1882–1887 гадах – членам апякунскага савета рэальнага вучылішча ў Мінску, а з 1901 года – ганаровым апекуном павятовага Таварыства ўзаемастрахоўкі ад пажару. А яшчэ Аляксандр Ельскі – нястомны збіральнік айчынных помнікаў пісьменства і гісторыі. З цягам часу ён стварыў музей, у якім захоўвалася больш за шэсць дзясяткаў арыгінальных карцін і некалькі тысяч гравюр, малюнкаў і эскізаў беларускіх і заходнееўрапейскіх мастакоў, шмат археалагічных і этнаграфічных экспанатаў, калекцыі слуцкіх паясоў, гадзіннікаў, старадаўняй мэблі. Больш за дзесяць тысяч кніг на розных мовах налічвала бібліятэка Аляксандра Ельскага. Вельмі шкада, што такі каштоўны збор загінуў у агні Першай сусветнай вайны, толькі невялікую яго частку збіральнік паспеў перадаць музею і Ягелонскаму ўніверсітэту ў Кракаве, а таксама Таварыству сяброў навук у Вільні, што-нішто трапіла ў Мінск і Варшаву.

У 1860 годзе ў газеце «Віленскі веснік» упершыню апублікаваны літаратурна-публіцыстычныя творы Аляксандра Ельскага. Яго кола інтарэсаў – эканамічныя і грамадска-палітычныя пытанні, літаратура і мастацтва, гісторыя, этнаграфія. Публікацыі часта падпісаны псеўданімамі Бацян з-над Пцічы, Літвін-грамадзянін, Свядомы. Акрамя матэрыялаў для перыядычных выданняў ён напісаў прыкладна дзесяць тысяч гісторыка-краязнаўчых артыкулаў для польскіх энцыклапедычных выданняў – «Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін» і «Вялікая ўсеагульная ілюстраваная энцыклапедыя». Аляксандр Ельскі – аўтар нарысаў-даследаванняў «Піва і піваварства ў нашым мінулым» (1883), «Заўвагі пра сялянскае пытанне ў нас і ў іншых краінах» (1884), «Згубны культ іншаземшчыны ў нас у святле айчыннай літаратуры» (1901), «Нарыс гісторыі Мінскай каталіцкай епархіі» (1907), «Пакаранне ў хрысціянскай сям"і» (1908) і іншых твораў, якія былі выдадзены ў Мінску, Санкт-Пецярбургу, Варшаве, Кракаве.

Сярод найбольш значных твораў Аляксандра Ельскага – напісаны ў 1883 годзе краязнаўчы нарыс «Пра бібліятэку святой памяці Юльяна Бергеля, пастара ў Слуцку». У ім аўтар расказаў пра паездку разам з дачкой Алесяй і яе сяброўкай з маёнтка Замосце ў Слуцк, пра выгляд горада і яго гісторыю. «Маючы яшчэ добрыя дзве мілі да Слуцка, мы праязджаем каля Канюхоў, маляўніча размешчаных над ракой Лакнеяй і ля балота, празванага «голла», уладанняў Грыгаровічаў. Потым мінаем фальварак Хрэнаў і вёску Ушалавічы; наўкол ужо раўнінная мясцовасць з вельмі ўрадлівымі землямі; вока не можа нацешыцца буйной пшаніцай, чые палі нездарма выклікалі захапленне песняра «Пана Тадэвуша» (Адама Міцкевіча. – А.Ж.) у недалёкай наваградскай зямлі. Гэта благаславёная славутая Случчына, дзе родзіцца не толькі каштоўнае зерне, але і цудоўная садавіна, а вялізныя слівы і «слуцкія бэры» карыстаюцца вялікім попытам у айчынным гандлі. Колькі ж разоў лілася ў гэтую ўрадлівую глебу чалавечая кроў! Бадай кожная пядзя слуцкай зямлі, ёю акропленая, мае сваю гісторыю. Неаднойчы спусташалі гэтыя мясціны татарскія і шведскія атрады або братазабойчыя апалчэнні разбэшчаных магнатаў. А пра дагістарычны перыяд панавання тут старажытнага славянскага племя дрыгавічоў хто ж можа ведаць, калі самыя раннія хронікі змяшчаюць толькі кароткія згадкі. Усё яшчэ патанае ў змроку глыбокай старажытнасці», – чытаем у нарысе.

Найбольшай славутасцю Слуцка Аляксандр Ельскі лічыў бібліятэку Юльяна Бергеля. «Паважаны пастар Бергель, уладальнік выключна каштоўнага збору старажытных і рэдкіх кніг, з надзвычайнай ветлівасцю паказаў мне гэтыя скарбы… Некалькі гадзін запар я з захапленнем пазіраў на рарытэты айчыннага пісьменства, і пачуцці мае зразумее толькі той, хто сам мае характар карпатлівага даследчыка і з замілаваннем працаваў у бібліятэках. Што тут казаць пра зборы пастара Бергеля, калі немагчыма ўявіць, як, дзе і калі адзін чалавек мог знайсці столькі бібліяграфічных рэдкасцяў. Любчанскія, ракаўскія, таруньскія, слуцкія, нясвіжскія, астрожскія, брэсцкія, заблудаўскія, еўеўскія, упіцкія, супрасльскія, кнышынскія, луцкія, мінскія, віленскія, кейданскія, пачаеўскія і іншыя старадрукі запаўняюць паліцы некалькіх шафаў, і тут мусіць быць каля тысячы тамоў… Апрача старадрукаў у бібліятэцы сп. Бергеля захоўваецца некалькі цікавых рукапісаў. Сярод іх – Сінадальныя акты кальвінскага веравызнання Літоўскай правінцыі за 1544–1560 гады, напісаныя на лаціне, а пазней па-польску рукой славутых міністраў Сільвія і Вянгерскага. Ёсць тут таксама акты слуцкага магістрата часоў аблогі горада Трубяцкім у 1655 годзе, а таксама мемуары, што тычацца сумнай справы спальвання Казіміра Лышчынскага за ўяўны атэізм пры панаванні Яна III…». Унікальны кнігазбор з цягам часу бясследна знік і наўрад ці мы даведаемся пра яго лёс, хоць Юльян Бергель завяшчаў кнігі Слуцку.

Акрамя названага вышэй нарыса ў дачыненні да нашага краю Аляксандр Ельскі выдаў «Гістарычныя звесткі пра Радзівілаўскую ткальню паясоў у Слуцку» (1893), «Гістарычныя звесткі пра фабрыку шкла і аздобных люстэрак ва Урэччы Радзівілаўскім на Літве» (1899), у 1889 годзе напісаў краязнаўчы нарыс «Слуцк».

Як пісалі Уладзімір Казбярук і Кастусь Цвірка, «мы маем права лічыць Аляксандра Ельскага першым беларускім энцыклапедыстам. І не толькі таму, што ён для энцыклапедычных выданняў напісаў многія тысячы артыкулаў. Але перш за ўсё з увагі на тое, што ў сваіх працах, даследаваннях, публікацыях здолеў шматбакова асэнсавць на высокім для таго часу навуковым узроўні асаблівасці беларускай мовы, этнаграфіі, розных аспектаў культуры, гісторыі народа, эканомікі, сабраў вялізны фактычны матэрыял па гісторыі літаратуры. Польскаму чытачу ён раскрыў найбольш істотныя асаблівасці беларускай мовы ў параўнанні з рускай і польскай. Усім гэтым ён даказаў бясспрэчнае гістарычнае права беларускага народа на самастойнае існаванне ў сям"і славянскіх народаў. Сваёй шматграннай і плённай дзейнасцю Аляксандр Ельскі з"явіўся прадвеснікам тых гістарычных працэсаў, якія ў XX стагоддзі прывялі да ўтварэння БНР – ССРБ – БССР і затым – незалежнай Беларускай дзяржавы».

 

Анатолій ЖУК