Барысавец Уладзімір Уладзіміравіч

Барысавец Уладзімір Уладзіміравіч

18.07.2016

Яго радзіма – вёска Вясея Слуцкага раёна. Пасля заканчэння вучобы ў слуцкай сярэдняй школе №2 Уладзімір Барысавец (1.3.1973–14.4.1999) у 1990 годзе паступіў у Ленінградскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў СССР. Аднак пасля распаду Савецкага Саюза давялося перавесціся на вучобу ў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Міліцэйскую службу малады афіцэр пачынаў аператыўным упаўнаважаным аддзялення па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю аддзела ўнутраных спраў Мінскага раённага выканаўчага камітэта, а ў жніўні 1994 года стаў працаваць следчым следчага аддзела Слуцкага гарадскога і раённага аддзела ўнутраных спраў. З сакавіка 1995 года ён – аператыўны ўпаўнаважаны Слуцкага міжраённага аддзела ўпраўлення па Мінскай вобласці Камітэта па арганізаванай злачыннасці і карупцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Саслужыўцы ведалі У.У. Барысаўца як энергічнага, добразычлівага і таварыскага чалавека, які быў улюбёны ў сваю работу. Як пісаў Канстанцін Цыбульскі ў паэме «Мгновение над бездной», «Был у парня характер твёрдый,// И черты волевые лица.// Все ценили и честность, и гордость// У Володи Борисовца». І ў той жа час ён умеў у адпаведных жыццёвых абставінах праявіць прынцыповасць і строгасць, нецярпімасць да людзей з нячыстым сумленнем. А калі спатрэбілася, у рашаючы момант Уладзімір «проявил исключительную отвагу и личную храбрость, действовал смело и решительно в обстановке, связанной с риском для жизни».

В.В. Борисовец - асистент знаменщика (справа)…Ваеннаслужачыя тэрміновай службы Ліннік і Каплін самавольна пакінулі воінскую часць і скрываліся ад праваахоўных органаў. Неяк ноччу яны забраліся на тэрыторыю аднаго з малых прадпрыемстваў у горадзе Слуцку, забілі вартаўніка і ўцяклі на ўкрадзенай аўтамашыне «Аўдзі-80». Выпадкова ці не, але ў салоне аўтамашыны аказалася паляўнічая стрэльба.

14 сакавіка 1999 года ў Слуцкі аддзел унутраных спраў паступіла аператыўная інфармацыя аб тым, што дэзерціры могуць укрывацца ў сваіх сваякоў або сяброў у вёсцы Кіявічы Капыльскага раёна. У выніку праверкі атрыманай інфармацыі стала вядома іх месцазнаходжанне. Для затрымання Лінніка і Капліна была створана аператыўная група, у якую ўвайшлі старшыя лейтэнанты міліцыі У.У. Барысавец і Э.Г. Шэлег.

Па падказцы відавочцаў супрацоўнікі міліцыі ўзялі пад назіранне вясковы Дом культуры. На разведку пайшлі У.У. Барысавец і Э.Г. Шэлег. Уладзімір спецыяльным знакам папрасіў напарніка яго падстрахаваць, а сам, рыўком адчыніўшы дзверы, уварваўся ў пакой, дзе, як меркавалася, знаходзіліся дэзерціры. Аднаго з іх удалося параніць, але другі паспеў выстраліць з паляўнічай стрэльбы і абарваў жыццё Уладзіміра Барысаўца. Дзякуючы рашучым дзеянням Эрнеста Шэлега злачынцы былі затрыманы. Пасля праведзенага следства яны паўсталі перад судом.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №601 ад 12 кастрычніка 1999 года за адвагу і самаахвярнасць, праяўленыя пры выкананні службовага абавязку, Уладзімір Уладзіміравіч Барысавец пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме» ІІІ ступені, Эрнест Генадзьевіч Шэлег адзначаны медалём «За адвагу».

Імя У.У. Барысаўца занесена ў Кнігу памяці супрацоўнікаў Слуцкага раённага аддзела ўнутраных спраў, якая створана для ўвекавечання подзвігаў міліцыянераў і каб «аддаць даніну павагі і пашаны людзям, якія, не шкадуючы ўласнага жыцця, ахвяравалі ім па абавязку службы і ў імя выратавання жыццяў другіх людзей». Пра подзвіг адважнага міліцыянера нагадвае вуліца імя У.У. Барысаўца ў паўночнай частцы горада Слуцка.

 

 

Анатоль ЖУК