Паздзел 8. Ваенныя прыгатаванні. Князёўна

Першага лютага Вільня і яе ваколіцы нагадвалі ваенны лагер. Калі б нехта прыехаў здалёку, не ведаючы, у чым справа, то мог бы падумаць, што столькі войска сабралі, каб адбіць напад няверных язычнікаў або суседзяў з Русі. У прадмесце натоўпамі сцякаліся ўсё новыя атрады, развяваліся сцягі, гарцавалі гарачыя коні, прыходзілі салдаты з Курляндыі, Падолля, Літвы, Русі, Польшчы – усе яны былі па-рознаму апранутыя і гаварылі на розных мовах.

У самім горадзе бадай што ўсе пастаялыя двары займалі кіроўцы: ротмістры, палкоўнікі, іх акружэнне. Бразгалі шаблі, бухалі барабаны, чуліся ваенныя песні, якія павінны былі ўзняць баявы дух. Аднак на гэты раз спевакі павінны былі тварыць цуды, каб падладзіцца да акалічнасцей, таму што ў песнях тых часоў або пракліналі туркаў, або лаялі маскавітаў, але не было напагатове ніводнай, якая клікала б на бой за Хадкевічаў або, наадварот, за іх ворагаў. Дух войскаў з іншых краёў падтрымлівалі двухрадковыя абразлівыя прыпеўкі пра жмудзінаў, ліцвінаў, мазураў, рускіх і іншых. I сам выгляд гэтых войскаў, якія месціліся пераважна на Лукішках, а таксама па ваколіцах і прадмесцях, быў дзівосны! Народ – як на падбор, але ўсе былі з розных месцаў, кожны апрануты па-свойму, у кожнага свая зброя, нават свой дух. Узяць хаця б тое, што ў войску Радзівілаў было нямала католікаў. Яны ішлі ціха, апусціўшы галовы, самі не ведаючы, як спалучыць сумленне з уласнымі інтарэсамі, калі таварышы па вайсковай выправе бралі іх з сабой, і яны абавязаны былі падпарадкавацца, але яны лічылі гэтую вайну выгаднай канфедэрацыі і ўспрымалі яе як помсту католікам за іх прыцясненне разнаверцаў. Войска Радзівілаў складалася з разнастайных атрадаў, галоўная частка іх была з Русі, каля чатырох тысяч ваяроў прыслалі Астрожскія; яны размяшчаліся па ваколіцах, прадмесці, сцякаліся пад Вільню не ўсе разам, а па частках і ў розны час: ад апошніх дзён студзеня да першых лютаўскіх. Горад напоўніўся пярэстымі натоўпамі людзей, ажыў, але толькі самыя смелыя гараджане адважваліся паказвацца на вуліцах і на шумных рынках, астатнія ў трывозе і страху пахаваліся ў дамах. Магістрат і рада пасля няўдалага пасольства да ваяводы не спрабавалі выступіць другі раз. Яны дазволілі войску займаць пастаялыя двары і больш не азваліся ні словам. Аднак трэба зазначыць, што, акрамя выпадковых здарэнняў, ніякіх непрыемнасцей гараджане не мелі; ваявода добра карміў усю плойму войска і наказаў салдатам абыходзіцца з жыхарамі прыстойна і ветліва. Але мала хто з іх верыў ягоным абяцанням пра недатыкальнасць іх жытла, уласнасці: купцы, пераважна католікі, ад вялікага страху пазамыкалі склады і крамы, пахавалі тавары, заклалі дзверы цяжкімі засаўкамі і спадзяваліся на прыхільнікаў Хадкевіча як на збавіцеляў. Ды іх яшчэ не было, чакалі з дня на дзень. Для іх былі ўжо загадзя падрыхтаваны, заказаны месцы пастою ў самім горадзе паблізу ад камяніцы жмудскага старасты, іх ахвотней саступалі, бо салдаты-католікі здаваліся ім надзейнай абаронай супраць страшных для многіх гараджан ерэтыкоў.

У камяніцы Хадкевічаў падрыхтоўка да вайны была ўжо скончана: байніцы прароблены, вароты ўмацаваны, слабыя сцены падвоены, вокны забіты, месцы, вызначаныя для гармат, падрыхтаваны, ачышчаны пляцоўкі для салдат, якіх збіраліся размясціць пераважна ў крэпасці. Падумалі нават і пра тое, каб закупіць запасы жыўнасці, пра ваду на выпадак аблогі, бо на штурм з-за вузкіх вуліц не спадзяваліся. Пан Барб'е ўсё гэта агледзеў, прыкінуў, ці надоўга хопіць запасаў і зброі падчас аблогі Радзівілаў, і з усмешкай сказаў, што са сцен камяніцы ён гарматамі ўмомант змяце ўсіх пратэстантаў, хай толькі сунуцца.

Але ўся гэтая падрыхтоўка ў вачах нават тых, хто ёю займаўся, хто звыкся з думкай пра непазбежнасць вайны, выглядала дзіўнай, а разважлівым людзям яна ўвогуле нагадвала кашмарны сон. Гэта было не проста здарэнне, а вялікае дзіва, многія проста не верылі ў рэальнасць вайны. Нават для віленскага простанароддзя, якое ўжо не адзін раз бачыла сутычкі, малую вайну ў горадзе, такі вялікі наплыў войска быў незвычайным, яму не было прыкладаў у мінулым, да таго ж не было і важкай прычыны. А таму, нягледзячы на такую вялікую падрыхтоўку, на відавочную пагрозу зацятай вайны двух лагераў, многія яшчэ не верылі і не хацелі верыць у грамадзянскую вайну.

– Можна сварыцца, ад веку і да канца свету звады не скончацца, хто ведае, ці не пачаліся яны з даліны Іёсафацкай*, там таксама спрачаліся, але, каб ваяваць, такога не можа быць! – казалі недаверлівыя.

3 лютага віленскаму кашталяну стала вядома, што Ян Караль з гарматамі і войскам праз дзень будзе ў Вільні. Гэтую вестку прынёс маршалак двара Мікалай Хамец, які прыехаў разам з любімым прыдворным Яна Караля Тамашом з Дамбровы. Кашталян аддаў свой дом пад пастой салдатам, якія вось-вось прыбудуць, а сам перабраўся ў камяніцу Хадкевічаў на Замкавай вуліцы. Тут цяпер жыў і брат Караля Аляксандр, у той час ён быў барысаўскім старастам (пазней – троцкім ваяводам). Самае лепшае памяшканне аддалі сандамірскаму ваяводу Іосіфу Мнішку, яго запрасілі Хадкевічы, і ён не адмовіўся, прыехаў, праўда, амаль без світы, у суправаджэнні некалькіх прыдворных.

Князёўну Соф'ю дзеля бяспекі перавялі ў пакоі ў глыбіні дома, адтуль яна ўжо нічога не магла бачыць, толькі чула вялікі рух у доме. Ведала яна пра падрыхтоўку да вайны і вельмі непакоілася. Лёгка зразумець, што адчувала князёўна: яна не ведала як след, што робіцца, што за падзеі адбываюцца, была поўная змрочных думак і здагадак. Пры ёй і каля яе ўсё маўчала, усе пабойваліся яе, на яе глядзелі як на прычыну ўсіх непрыемнасцей, нават самі Хадкевічы ў душы міжволі адчувалі насцярожанасць да сіраты, апека над якой аказалася такой цяжкай. Самай блізкай для князёўны была ахмістрыня, пані Влодская, жанчына цвёрдая, халодная, непадступная, яна часцей за ўсё толькі загадвала; ад яе нельга было пачуць ласкавага слова. Яна паслухмяна выконвала тое, чаму служыла, была суровай і строгай, баялася на валасок адступіць ад сваіх паўнамоцтваў, вельмі даражыла сваім месцам, баялася страціць яго. Служанкі панны былі маладыя, баязлівыя, аддаленыя ад яе сваім становішчам, яны нават не спрабавалі стаць сяброўкамі. Напаўдзіця, яна заставалася сам-насам са сваімі думкамі, страхамі, цярплівасцю, без радасцей, без сяброў, без навін пра падзеі за сценамі камяніцы, жыла замкнутым жыццём, якое пры іншых акалічнасцях магло быць шчаслівым, на самай справе аказалася пакутлівым.

Ад рання – малітвы, потым невясёлы шпацыр па пакоі, кароткія размовы з пані Влодскай, абед, праца за кроснамі, зноў малітва – і доўгі вечар, і доўгая бяссонная ноч.

А над усім гэтым прывід вайны, забойстваў – яны не давалі спакою сірочаму сэрцу, бо вайна магла пачацца з-за яе, яна штодня набліжалася, і пачаткам яе меўся стаць дзень нараджэння князёўны! Соф'і здавалася, што кожны стук варот, кожны шоргат бруска па шаблі, кожнае бразгатанне зброі, гучны гук набліжаюць гэтую жахлівую вайну. Калі яна бачыла на замкавым двары салдат, іх клопаты пра абарону, умацаванне камяніцы, адразу ж перапаўнялася страхам, гневам і трывогай, а з вокнаў свайго новага пакоя больш нічога ёй не было відаць. Часта дзяўчына прачыналася сярод ночы, разбуджаная тупатам салдат, галасамі варты, яе сэрца пачынала біцца часцей, яна прыціскала да грудзей крыж сваёй маці і цэлымі гадзінамі чакала, што вось-вось прагучыць стрэл – ёй, беднай, здавалася, што ён абавязкова павінен прагучаць.

У такой вось няпэўнасці і страху жыла князёўна; калі ж ці падарункам, ці ласкавым словам яна ўпрошвала ахмістрыню расказаць ёй, што робіцца за сценамі камяніцы, то часцей за ўсё чула пра розныя жахі, якія злавалі яе, яна не магла ім верыць, бо, несумненна, яны былі выдуманымі і разлічанымі на тое, каб загасіць у яе сэрцы вядомую ўсім прыязнасць да князя Януша.

Віленскі кашталян рэдка паказваўся ў князёўны; пасля апошняй размовы завітваў, мабыць, пару разоў, ды і то ненадоўга. Але 3 лютага ён паабяцаў увечары праведаць яе.

Князёўна чакала яго ў трывозе, малілася ў душы і гадала, што ён скажа. Прайшло паўгадзіны ў доўгім нецярплівым чаканні, нарэшце кашталян зайшоў. У яго быў лагодны твар, ніякага напружання, быццам назаўтра чакалася свята, а не пачатак вайны. Ён ласкава прывітаў яе, з трывогай папытаўся, як здароўе, бо выгляд у яе быў хваравіты.

Соф'я трымалася смела і мужна.

– Дзядзечка, не пытайцеся ў мяне пра здароўе, лепш скажыце, ці варта мне жыць?

– Як гэта? Што ты гаворыш? Ты яшчэ так мала пажыла!

– Але ж цяжка, дужа цяжка мне! Падумайце, як гэта штодня, штогадзінна быць пад наглядам, калі чужое вока пранікае, здаецца, нават у думкі. Кругом вайна, зброя, страх! Куды ні глянь – салдаты, войска, гарматы, даносяцца жахлівыя чуткі! Скажыце мне, дзядзька, як жа я магу быць шчаслівай, спакойнай, якое тут можа быць здароўе? А яшчэ як падумаю, што гэта я – прычына ўсёй гэтай калатнечы! Ох, дзядзька, перажыць гэта, далібог, няма сіл!

– Князёўна, не трэба так палохацца. Вам нічога не пагражае.

– Ды хіба я за сябе трывожуся? – адказала Соф'я. – Але ж гэта вайна, гэта вайна!

– Яна яшчэ не пачалася, і мы не будзем пачынаць яе.

– Навошта ж тады вы так узброіліся?

– На ўсякі выпадак, – адказаў кашталян, – дзеля абароны. Мы бачым, што Вільню акружаюць войскі Радзівілаў, як нам у такім разе не падумаць пра сябе?

Князёўна змоўкла, правяла рукой па лбе і апусціла вочы.

– Вы памятаеце нашу апошнюю размову? – спытаў кашталян.

– Так. Калі вы хочаце, то працягнем яе, – адказала князёўна.

– Мне болей няма пра што пытацца ў вас, няма аб чым прасіць, няма патрэбы прымушаць нешта рабіць, я хачу толькі ў вашых жа інтарэсах яшчэ раз растлумачыць тое-сёе, а вы рабіце так, як вам падкажа ваша сумленне. Я ўжо не цікаўлюся, што вы адкажаце, калі да вас прыйдуць спытаць, якое будзе ваша слова. На тое ваша воля, князёўна, вы ўжо не дзіця, вось-вось будзеце паўналетняй, у вас ёсць свой розум. Рабіце тое, што вам даспадобы. І ўсё ж пакуль што я – ваш апякун, а першы клопат апекуна – сумленне, першая думка – засцерагчы ад граху. Таму хачу вас папярэдзіць. Дамоўлены шлюб ваш з князем Янушам без спецыяльнага дазволу главы каталіцкага касцёла*, Папы, які ён дае, а таксама без яго благаславення (слухайце мяне ўважліва), будзе грахоўным, ён забаронены рэлігійнымі законамі, а нашым літоўскім правам прызнаецца як несапраўдны. Вы, напэўна, чулі пра гэта, мой абавязак яшчэ раз напомніць. Я нічога не загадваю, ні пра што не пытаюся, але ці захочаш ты сама, без дазволу Папы, згадзіцца на такі шлюб, калі дойдзе да размоў пра яго, да неабходнасці вырашаць?

Князёўна не прымусіла чакаць з адказам.

– Без дазволу – ніколі! Аднак жа, – дадала яна, – дазвол можна атрымаць.

Кашталян міжволі перасмыкнуў плячыма.

– Дазвол, але не благаславенне.

Князёўна апусціла галаву. Нехта пастукаў у дзверы.

– Гэта наш святы айцец, архімандрыт манастыра Святой Тройцы Вельямін Руцкі*, ён вам усё падрабязна растлумачыць і пацвердзіць тое, што казаў я.

Князёўна зірнула ў бок прыадчыненых дзвярэй. Праз іх увайшоў бледнатвары мніх у сутане ордэна Святога Базыля*. Гэта і быў дастаслаўны Вельямін Руцкі.

Князёўна падышла і пацалавала яму руку, ён моўчкі благаславіў яе, потым сеў.

– Я паклікаў вас, ойча, – прамовіў кашталян, – каб вы пацвердзілі перад князёўнай мае словы. Я патлумачыў ёй, што яе шлюб з князем Янушам будзе незаконным згодна з касцельным і дзяржаўным правам, якое не прызнае шлюбаў паміж родзічамі.

– Сапраўды, так, – адказаў святар. – А той, хто заключае такі шлюб, пападае пад суровае асуджэнне касцёла, нават калі вянчаць вас будзе асоба самага высокага духоўнага звання.

– Але… – пачала князёўна, не асмельваючыся пярэчыць.

– Але ў пэўных выпадках, – адгадаўшы яе думкі, прадоўжыў за яе Вельямін Руцкі, – Папа Рымскі дазваляе такія шлюбы, хаця і не благаслаўляе іх.

– Не благаслаўляе! – паўтарыла за ім князёўна і апусціла вочы долу. Кашталян і святар тлумачылі ёй нешта яшчэ, але Соф'я вачэй больш не ўзнімала, не глядзела на іх, не прамовіла ні слова, яна была ўся ў сваіх невясёлых думках; моўчкі пацалавала руку кашталяну, пакланілася Руцкаму і развіталася з імі.

Ледзь толькі за імі зачыніліся дзверы, яна ўпала на крэсла і залілася слязамі.

– Ніколі нам не быць разам, не мець Божага благаславення, не быць шчаслівымі! Нават калі б нас і звёў лёс, злучыў, наша каханне Богу не будзе ўгодным, кожная хвіліна нашага жыцця будзе атручана гэтым! Вось так: засталася сіроткай, мне дазволілі пакахаць таго, каго паабяцалі з дзяцінства зрабіць мужам, а цяпер кажуць, што гэтае каханне – грэшнае, шлюб – святатацтва.

Яна ўпала на калені і пачала горача маліцца. Потым устала з сухімі вачыма, спакойным тварам і ціха прамовіла:

– Так хацеў Бог, хай будзе благаслаўлёна Імя Яго. Нядоўга мне засталося цярпець, пайду да цябе, мамачка, хоць я цябе не ведала, і да цябе, татуля, якога я не бачыла, пайду да вас!

 

 

 

ЗМЕСТ

ТОМ I


Паздзел 1. УСТУП. ЛІТВА I ВІЛЬНЯ Ў 1599 ГОДЗЕ
Паздзел 2. У КАМЯНІЦЫ ЖМУДСКАГА СТАРАСТЫ
Паздзел 3. ЗБАН ВІНА
Паздзел 4. РАДЗІВІЛЫ I ХАДКЕВІЧЫ
Паздзел 5. У КАРДЫНАЛІІ
Паздзел 6. КАШТАЛЯН I КНЯЗЁЎНА
Пасляслоўе

ТОМ 2

Паздзел 1. ВЕСЦІ. НАРАДА ПАД РАТУШАЙ. ВОЙТ У РЭКТАРА
Паздзел 2. ДЭПУТАЦЫЯ МАГІСТРАТА
Паздзел 3. ТАМІЛА
Паздзел 4. КНЯЗЬ ЯНУШ У ПАЛАЦЫ ХАДКЕВІЧАЎ
Паздзел 5. ВОСТРАЯ БРАМА
Паздзел 6. АЙЦЫ ЕЗУІТЫ
Паздзел 7. ПАСЛЫ ЯГО ВЯЛІКАСЦІ КАРАЛЯ
Паздзел 8. ВАЕННЫЯ ПРЫГАТАВАННІ. КНЯЗЁЎНА
Паздзел 9. ЖМУДСКІ СТАРАСТА Ў ВІЛЬНІ

ТОМ 3

Паздзел 1. ПЯТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 2. У КАРЧМЕ МАЛЬХЕРА
Паздзед 3. ШОСТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 4. МІР АБО ВАЙНА?
Паздзел 5. ЧАКАЛІ ДА ПОЎНАЧЫ
Паздзел 6. ПРАЗ ДЗЕВЯЦЬ ГАДОЎ
Паздзел 7. ЛОЖА СМЕРЦІ
Паздзел 8. СЛУЦКІЯ КНЯЗІ

КАМЕНТАРЫ

Скачать книгу в формате PDF - 1,01 Mb