Паздзел 7. Паслы Яго Вялікасці Караля

А цяпер вернемся да каралеўскіх паслоў і пазнаёмімся з імі бліжэй: хто яны такія, чаму яны мелі самы значны ўплыў у тыя змрочныя часы.

Узначальваў пасольства ксёндз Мельхіор Гедройц, жмудскі біскуп, дасведчаны чалавек, лагоднага характару, спакойны, ён гэтак жа, як і Леў Сапега, найлепш падыходзіў на ролю пасрэдніка. Ён ужо неаднойчы прымаў удзел у падобных падзеях, заўжды выходзіў пераможцам у складаных спрэчках. Цяпер, пасля смерці Жыгімонта Аўгуста ў 1574 годзе, ён быў яшчэ і віленскім кафедральным кусташам (захавальнікам), ездзіў у складзе пасольства ў Францыю, да Генрыха*. Генрых параіў ягоную кандыдатуру Папе на жмудскае біскупства, і Гедройц быў прызначаны біскупам, прыязна прыняты дзякуючы ўстаноўчаму лісту Папы. У яго быў сапернік, нейкі ваяводскі пробашч Гераноўскі, які таксама заручаўся падтрымкай і хацеў заняць гэтую пасаду, але ён быў нетутэйшым, абапіраўся толькі на здабытае хітрасцю заступніцтва каралеўскага пасла. Аднак ён страціў надзею на біскупства, а ксёндз Гедройц, наадварот, сцвердзіўся на гэтай пасадзе. Потым біскуп неаднаразова выконваў розныя даручэнні, у 1580 годзе прымаў удзел у віленскім фіскальным трыбунале, а ў 1600 м пасланы пасрэднікам у справе Радзівілаў і Хадкевічаў. Ён быў набожны, вельмі сімпатызаваў ордэну езуітаў, быў пад іх уплывам. Лёгка зразумець, якую ролю ён быў прызначаны сыграць тут і каму спрыяў.

Вялікі літоўскі маршалак Дарагастайскі*, нашчадак Манівідаў, зноў жа, стольнік, надворны маршалак, ваўкавыскі, мсцібоўскі, шарашоўскі стараста, мужны ваяр, фехтавальшчык і славуты знаўца конегадоўлі; быў у сваяцтве з Радзівіламі і Хадкевічамі, відаць, таму і выбраны каралём для пасрэдніцтва між імі. Дарагастайскі быў жанаты на Соф'і, дачцэ наваградскага ваяводы Мікалая Радзівіла, удаве жмудскага старасты Юрыя Хадкевіча. Гэта давала яму магчымасць як родзічу бываць у абодвух дамах. Але, папраўдзе, роля пасрэдніка – не ягоная роля, бо па натуры ён быў хутчэй салдат. Адкрыты, задзірысты, захоплены ваеннай справай і коньмі, кнігамі і паляваннем, ён адчуваў сябе вальней там, дзе патрабаваліся адвага і мужнасць, чым там, дзе аддавалася перавага разважлівасці і хітрасці. А ў ролі пасрэдніка ён аказаўся, як мы ўжо згадвалі, дзякуючы сваім сямейным сувязям, якія лучылі яго з абодвума бакамі. У рэлігійных і філасофскіх матэрыях ён зусім не разбіраўся, у душы быў прыхільнікам рэфарматараў.

Ян Завіша раней быў мсціслаўскім, потым стаў віцебскім ваяводам. Заўзяты католік, спрытны і вопытны чалавек, усё жыццё ён выконваў розныя даручэнні: то вызначаў памежжа Курляндыі і Брачыслаўскай зямлі, то выбіраў зручныя месцы для памежных крэпасцей, то быў у ролі пасла, то яшчэ нешта рабіў.

Ён выдатна ведаў людзей і жыццё, мог вырашыць, дзе і як трэба было дзейнічаць, умеў скарыстоўваць людскія слабасці, спагадаў ім, калі было патрэбна.

Ягоны брат, літоўскі падскарбій Андрэй, таксама быў заўзяты католік і таксама спрытны і вопытны. На іх абодвух і ўскладалася асаблівая надзея, менавіта яны павінны былі дамагчыся паспяховага выніку пасольства; Дарагастайскі быў дадзены ім толькі для суправаджэння, Гедройц – для вагі. Тым больш што ні першы з іх, ні другі не маглі як след дапамагчы ў гэтай справе, проста не здолелі б. Усё залежала ад Завішаў, а біскуп і маршалак хоць і прыехалі, але карысці з іх было мала.

Жмудскі біскуп у Вільні спыніўся ў сваім палацы каля замка, Дарагастайскі заняў памяшканне ў кардыналіі – яно было загадзя падрыхтавана для яго, а Завішы пасяліліся ў сваіх камяніцах на Бакшце.

Назаўтра з самага рання ад паслоў і да паслоў пачалі ўчашчаць пешыя і конныя наведвальнікі, па вуліцах туды-сюды снавалі экіпажы і пешыя працэсіі. Ішлі прывітаць, павіншаваць, параіцца, але пра галоўную справу пакуль яшчэ ніхто не загаворваў. Перш за ўсіх пастараўся трапіць да біскупа айцец Гарсія Алабянус, ён спяшаўся апярэдзіць усіх іншых. Рэктар хацеў, каб яго ніхто не ўбачыў, хаця цікаўнаму ён мог бы лёгка растлумачыць свой візіт вядомай усім прыхільнасцю біскупа да іх ордэна ды справамі, якія хацелі вырашыць з ім езуіты.

Але рэктар ужо не застаў біскупа дома – набожны старац падаўся на імшу ў кафедральны касцёл, які быў зусім недалёка. Пайшоў туды і рэктар, каб першаму прывітаць яго, калі будзе выходзіць, але сустрэў яго ўжо на парозе.

Біскуп быў зусім сівым старым, гадоў пад восемдзесят, але яшчэ даволі рухавы і чырванатвары – здаровы румянец толькі ярчэй выдзяляўся ў абрамленні сівых валасоў. Гады не гнялі яго, праўда, твар быў зморшчаны ды постаць трохі сутулаватая. Шэрыя вочы з-пад навіслых броваў яшчэ палалі агнём нерастрачанай маладосці, румяныя вусны лагодна ўсміхаліся; на твары чыталіся толькі зычлівасць і дабрыня душы. Яго вялі пад рукі два жмудскія канонікі, ззаду вікарый нёс трэбнік і службоўнік. Рэктар павітаўся з ім і са святарамі, потым моўчкі праводзіў яго дадому.

Толькі тут, калі ксёндз сеў у сваё крэсла, а святары выйшлі, завязалася шчырая размова.

– Святы айцец, – пачаў рэктар, – вы прыбылі сюды на чале хрысціянскай місіі, з пасрэдніцкім пасольствам, з аліўкавай галінкай. О, як яна патрэбна нам, спакутаваным прадчуваннем вайны, як горача мы яе вітаем!

– Хто ж не жадае міру і згоды, – адказаў біскуп, – абы толькі мы да іх прыйшлі!

Ён зірнуў на рэктара; айцец Гарсія кіўнуў галавой і апусціў вочы долу.

– Як вы думаеце, ойча, удасца нам нешта зрабіць?

– Да каралеўскіх лістоў ва ўсіх вялікая павага, на выбраных пасрэдніках адбіваецца святло асобы яго каралеўскай вялікасці. Хіба можна было выбраць лепшага правадыра місіі, чым ваша святая мосць? Але…

– Ёсць нейкае «але»?

– Як і ва ўсіх чалавечых справах.

– Цяжкасці? Мала надзеі?

– Цяжкасці вялікія, калі шчыра сказаць вам, а надзея заўжды ў руках Бога!

– Як вы думаеце, чый бок найбольш схільны да прымірэння?

– Яны ўсе дужа раззлаваныя, і тыя і другія палаюць нянавісцю. Калі хто і не хоча мірыцца, то гэта Хадкевічы! Віленскі кашталян закрануты за жывое, абражаны. Ян Караль, жмудскі стараста, дужа горды, ён не даруе ніколі і нікому, акрамя таго, вельмі набожны, ён вельмі паважае хрысціянскую веру і не схільны да міру.

– Ну а Радзівілы? – спытаў біскуп.

– Ваяводу ўсе ведаюць: нязломная душа, надзвычайная гордасць; не вельмі шануе караля і каралеўскую ўладу. Адчувае сябе моцным, мала зважае на вышэйшую ўладу, але знешне дзеля прыстойнасці падтрымлівае караля. Самы вялікі вораг католікаў, запальчывы, незгаворлівы. Ці можна такога чалавека схіліць да паразумення, ці можна паверыць, што ён пабратаецца з Хадкевічамі, калі ён нядаўна насуперак ім і ўсяму каталіцтву ў краіне запісаўся ў канфедэраты?

– Гэта праўда, – сказаў біскуп, – але невясёлая праўда! I ўсё ж, бог з імі, не будзем мы дагаджаць ім; выходзіць, сапраўды мала надзеі на добры вынік, у нас ёсць толькі добрыя пажаданні і каралеўскі загад – забарона заганнай вайны паміж сваімі, ганебнага праліцця крыві, горшага, чым паміж братамі! Хай бы лепей гэтую справу разглядалі сейм і кароль!

– А вы, ваша пастырская мосць, ведаеце пра падрыхтоўку да вайны?

– Чуў і вельмі баюся гэтага, – адказаў біскуп. – Horrenda – жах! Ледзь не шэсць тысяч войска сабралі толькі дзеля таго, каб вырашыць спрэчку, у той час як для абароны краіны і палову гэтага было б цяжка выпрасіць з дапамогай універсалаў*!

– Ды і ў Хадкевічаў даволі многа добрага войска. Яны змогуць абараняцца.

– Лепей бы гэтага не спатрэбілася. Я ўсё ж спадзяюся, што, нягледзячы на грозныя падрыхтаванні абодвух бакоў, да сутычкі не дойдзе. Радзівіл зразумее ўсё мярзоцце нападу, мярзоцце, якога яшчэ не было, і задумаецца над тым, наколькі непрыхільна ўспрынялі бы ва ўсёй краіне вестку пра вайну!

– Але ж з усіх бакоў прыбываюць войскі!

– Гэта яшчэ нічога не значыць, ойча, – разважаў біскуп. – За некалькі дзён усё можа перамяніцца. Будзем спадзявацца на Бога, на тое, што ў нас такога яшчэ не было, што не пойдзе брат на брата, нешта здрыганецца ў ягоным сэрцы, як у таго Каіна. Перад самым пачаткам, можа, размякчыцца сэрца і хопіць рашучасці спыніцца; трэба спадзявацца да апошняга.

– Спадзявацца на мір? – перапытаў Гарсія. – На мір з ерэтыкамі?

– Паразуменне ў гэтай справе і прыпыненне яе ad decisionem Regiam – вырашыцца ўладай, – адказаў біскуп. – А што да згоды з ерэтыкамі, то гэта зусім іншая справа.

– Тут усе справы так перамяшаліся, што цяжка разабраць, – зазначыў рэктар. – На баку ваяводы ўся канфедэрацыя, Хадкевічаў падтрымліваюць католікі. Справа зусім не ў Соф'і Слуцкай, а ў свабодзе сумлення.

– Гэтага, ойча, не змог бы разблытаць і прывесці да ладу нават сам кароль, калі б ён сюды прыехаў. На жаль, дрэннае насенне дужа глыбока ўрасло, пусціла глыбокія карані, яго нельга так хутка прапалоць. Даверымся ў гэтай справе Богу! Прадстаўнікі розных вер яшчэ доўга будуць ваяваць за свабоду сумлення, як яны яе называюць, ці за справу паляпшэння людскіх нораваў. Наша задача – не даць перарасці спрэчкам у крывавую бойню.

– Вырашыць бы хаця б гэтую спрэчку, – уздыхнуў рэктар. – Калі вы думаеце распачаць сваю місію?

– Пастараемся як мага хутчэй. Нам самім не церпіцца, на нас ляжыць святы абавязак. Але мне здаецца, пакуль не прыедзе жмудскі стараста Ян Караль, мы не зможам зрабіць ніводнага кроку наперад. Ён – правая рука кашталяна, таму ўсё тое, што будзе зроблена без яго, можа потым пайсці прахам. Я нават сумняваюся, ці распачаў бы кашталян перамовы, звязаны дагаворам з родзічамі, калі б гэта рабілася без іх. А мы тым часам разгледзімся, прыслухаемся, падумаем.

Айцец Гарсія зірнуў у акно, убачыў, што сонца ўжо высока паднялося, і развітаўся з біскупам, а той зноў узяў у рукі ружанец і пачаў маліцца. Усё гэта дзеялася ў палацы жмудскага біскупа ў замку, а ў гэты час літоўскі маршалак Дарагастайскі снедаў у кардыналіі сам-насам з ваяводам.

Перад імі стаяў сярэбраны збан з падагрэтым віном і пазалочаныя кубкі. Сядзелі яны ў крэслах, адзін насупраць другога; ваявода ў задуменні моршчыў лоб, маршалак трымаўся, як заўжды ў жыцці, – вольна, весела, зухавата. Сама ягоная пастава выдавала ў ім ваяра, які іначай не разумее і не ўяўляе жыццё як толькі пастаянны рух, дзеянне, нястомная дзейнасць. Высокі, каржакаваты, лысаваты, румяны, з блакітнымі вачыма, рымскім носам, шыракаватымі вусамі, высокім ілбом, Дарагастайскі меў усе звычкі салдата, з ягонага твару не сыходзіў выраз нязломнай адвагі.

– Вы прыехалі, каб памірыць нас пад прымусам? – спытаў Радзівіл пасля таго, як ужо аб многім было перагаворана.

– Пад прымусам ці не, але памірыць абавязкова, – адказаў Дарагастайскі, прыгладжваючы чуб на макаўцы, – бо на якога чорта трэба праліваць хрысціянскую кроў братам, сынам адной маці, калі трэба даць добрую прачуханку няверным, ды і суседзям нашым! Гэта ж увесь свет будзе паказваць на нас пальцамі, як на дурняў, прабачце, ды і нашых ворагаў можа настрапаліць бойка паміж сваімі. Яны не сталі б чакаць канца ўнутранай вайны, пакуль вы тут змагаліся б за князёўну, яны захапілі б нашы княствы. Калі б яны на нас наваліліся, то забралі б і ваш Слуцк, і Капыль, і Біржай, а там далей і сам Копысь, з-за якога ўсё заварылася. Не давайце чужым жартаваць над сабой, вы толькі плясніце ў далоні, і ўсё само сабой утрасецца. Хай сабе вы – евангелісты, яны – католікі, у вас свая дарога, у іх – свая, калі ж давядзецца ваяваць з сапраўдным ворагам, то будзем рабіць гэта разам, у згодзе.

– Складна кажаш, – азваўся ваявода, – адно шкада, што ўсё гэта – нязбытныя мары. I як укласці ўсё гэта ў іхныя галовы, каб папісты былі папістамі, а мы змаглі жыць па-свойму! Дык не, ім хочацца выглядаць вар'ятамі! I да таго даходзіць, што не бачаць уласнай слепаты. Я не такі ўжо незгаворлівы і ўпарты, якім мяне лічаць мае нядобразычліўцы. Хадкевічы зрабілі мне нямала зла, аднак жа, калі будуць слушныя прапановы міру з іх боку, я падам ім руку, хай толькі зробяць тое, што я хачу!

– Гэта штука простая! На такія ўмовы, пан ваявода, кожны згодзіцца! Хто не захоча ні ў чым не саступіць і прыйсці да згоды! Маршалак зарагатаў на ўсё горла.

– Я не магу ні ў чым адступіцца ад свайго! – уставіў Радзівіл.

– Так, княжа, нічога зрабіць не ўдасца. Крыху з аднаго боку, крыху з другога, тут адняць, там адняць, толькі так і трэба шукаць згоды! Патрабаваць жа, каб нехта паступіўся ўсім, а вы, ваявода, нічым, – гэта занадта. Хадкевічы прынялі б такое выйсце хіба што тады, калі вы прыставілі б ім нож да горла. Але давайце пагаворым пра гэта другім разам. Цяпер жа я ў вас не як пасол ад караля, а як ваш добры сябра і госць, дык ліха з імі, з тымі сваркамі! Вам трэба памірыцца! Сварыцца добра толькі з ворагам, а са сваім – хоць косці поўныя злосці, а скончыць найлепей па-добраму. I патрэбна, вельмі патрэбна. I так яно станецца.

– Вы, барон, добры прарок.

– А вы, князь, не верыце ў дабро. Верце толькі ў добрае, яно і будзе ўсё добра. Хіба вы хочаце займець табун коней? Га? Вам патрэбна князёўна Соф'я ці яе княства? Напэўна, з добрага табуна тая князёўна, калі вы тузаеце адзін другога за чубы, рыхтуецеся схапіцца за шаблі, склікаеце войскі, нібыта збіраецеся заваяваць цэлую правінцыю! Выбачайце! Але я, далібог, не разумею, ці варта не за новае княства, не за старажытную карону, а за кавалак зямлі і яшчэ адну белавалосую, якіх, даруйце, па белым свеце тысячы, ліць столькі крыві, рабіць такі гармідар? Не, не варта!

– Як жа ты, пане маршалак, нізка нас ставіш!

– Прабач, вашамосць, старому ваяку, да вашай палітыкі не здатнаму. У мяне што ў галаве, тое і на языку, чыстая праўда! Як я падстаўляю грудзі ворагу на вайне, гэтак жа я ўсю душу адкрываю сябру. А навошта ж нам прыхарошваць тое, што і так прыгожае? Вы толькі, пане, на мяне не крыўдуйце.

– У мяне няма крыўды ні ў галаве, ні ў сэрцы, – запэўніў ваявода, – але мне ўсё ж прыкра, што вы, ваша мосць, так лёгка вырашаеце нашу спрэчку. Ды воля ваша – кожнаму бачыцца па-свойму.

– I вам самому, княжа, – дадаў маршалак, – убачыцца іначай, калі вы ўзважыце ўсё халодным розумам. Дальбог жа, вам стане ясна, што біцца няма за што!

Ваявода змоўк, а маршалак падышоў да акна. Нейкую хвіліну ён пазіраў на вуліцу, а потым здзіўлена ўсклікнуў:

– Чыстай турэцкай крыві! Сапраўдны турак!

– Што такое? Хто? – спытаў ваявода і ўстаў.

– Я тут угледзеў турка, сіўку, ён тут каля вашых варот, хачу даведацца, чый ён.

Ваявода таксама глянуў у акно.

– Дык гэта ж ваш, уласны, – спакойна прамовіў ён.

– Можа, ваш, ваявода?

– Не, ваш, пане маршалак!

– Мой? У мяне такога няма! Паверце мне, такога няма ні тут, ні ў маёй дарагастайскай стайні, ні ў табуне! Ён іншай масці і іншай крыві.

– Але гэта ваш конь, – стаяў на сваім ваявода.

– Даруйце мне, я лепей ведаю, што гэта не мой, – упіраўся маршалак.

– Выбачайце, але ён ваш, уласны!

– Жарцікі з мяне строіце, пан ваявода!

– Сапраўды, ваш, бо я дару яго вам. Хіба не прымеце? Маршалак задумаўся.

– Калі настануць мір і згода, а я болей не буду паслом караля да вас, то прыму такі цудоўны падарунак. А цяпер – дурні будуць звягаць, што вы мяне падкупілі.

– Адным канём! – засмяяўся ваявода. – Загадайце адвесці яго ў вашу стайню. Такая дробязь нікому не кінецца ў вочы! А мне прыемна падараваць такому знаўцу коней сапраўднага турка.

Дарагастайскі ўзяў шапку і падаўся да дзвярэй.

– Сардэчна дзякую! Дазвольце мне зараз жа абмацаць яго, мяне аж сверб бярэ паглядзець на гэтага сіўку, не магу болей трываць.

Ваявода паклікаў канюшага, і маршалак разам з ім пайшоў да лесвіцы, забыўшыся ў гэтыя хвіліны пра ўсё: пра каралеўскія лісты, сваё пасольства і сварку Хадкевічаў з Радзівіламі.

А мы зірнём яшчэ, што робіцца ў паноў Завішаў у іх палацы на Бакшце.

Іх дом быў мураваны, невялікі, стаяў упрытык да высокай гары, з двух бакоў яго абступалі дамы гараджан, выглядаў ён нібы пастаялы двор. Перад ім стаялі вазы, адны яшчэ гружаныя, другія пустыя, каля іх завіхалася прыслуга, якой было цесна на панадворку. Усе коні не змясціліся ў стайні, стаялі, накрытыя папонамі, каля ясляў і каля плота, за вазамі. Воддаль ад сцяны на панадворку было нават раскладзена вогнішча, каля яго сядзелі і ляжалі фурманы і слугі.

Чатыры самыя лепшыя пакоі зверху займалі браты, Ян і Андрэй Завішы. Жылі яны тут сціпла, хаця па шляхецкай завядзёнцы вазілі ўсё з сабой, таму ў іх было чым і падлогу заслаць, і сцены абвешаць.

Дываны з залатым і сярэбраным узорамі развесілі па яшчэ вільготных сценах, на падлогу, выкладзеную толькі цэглай, таксама ляглі цвёрдыя турэцкія і персідскія дываны. Невялікія рознакаляровыя дываны пакрывалі і простыя, зробленыя мясцовымі цеслярамі лавы, сасновыя сталы заслалі вышытымі настольнікамі, што спадалі да самага долу. Цяпер пакоі, яшчэ нядаўна голыя, выглядалі даволі ўтульна, і толькі столь нагадвала, якімі яны былі яшчэ ўчора. У двух кутніх пакоях кожнаму з братоў падрыхтавалі пасцелі. З правага боку – старэйшаму, Яну, з левага – Андрэю, абодва спалі на пазалочаных ложках, якія былі ўсланы сенам і накрыты мядзведжымі шкурамі. Пад галавой – падушкі, таксама са шкур, а зверху – футравае пакрывала.

У камінах і печах палаў агонь, саграваў настылыя сцены. Два сярэднія пакоі прызначаліся для абедаў і прыёму гасцей. Апошні быў больш старанна ўпрыгожаны.

Калі ўзышло сонца, засвяціла ў вокны дома на Бакшце, ваявода з падскарбіем ужо былі на нагах. Яны засяроджана маліліся, па даўнейшай звычцы пачынаючы дзень з ранішніх малітваў і псалмоў. Некаторыя са старшых слуг у ніжніх пакоях таксама з ружанцам у руках прысвячалі Богу першыя хвіліны новага дня. Толькі слугі і прыслуга ўжо раней хуценька памаліліся і шчыравалі ў доме і на падворку. Калі час малітвы скончыўся, падскарбій зайшоў да брата, потым абодва адправіліся снедаць, а затым яны збіраліся схадзіць у касцёл бернардзінцаў на імшу. За снеданнем яны крыху пагаварылі пра справы.

– Дарагі браце, як думаеш, выйдзе ў нас што ці не?

– Можа, і не, хоць нас паслаў сам кароль. Што ж, будзем рабіць усё, што можам, астатняе ў волі Божай, – сказаў старэйшы брат, віцебскі ваявода Андрэй. – Да нас учора забягаў наш агульны знаёмы – езуіт, айцец Брызій. Ты ўжо спаў або замкнуў дзверы і маліўся. Было позна, і я прыняў яго сам.

– Што ён расказаў?

– Многа страшнага, а галоўнае – калі яму верыць, то няма ніякай надзеі на тое, што мы тут нечым паможам. Ва ўсіх столькі злосці, што вось-вось выбухне вайна.

Ян пахітаў галавой. Тут увайшоў прыдворны і паведаміў, што прыйшоў брэсцкі ваявода Крыштаф Зяновіч*.

– Так рана! – усклікнуў Андрэй і выйшаў сустрэць госця.

Неўзабаве ўваліўся ў пакой і сам госць, тоўсты, румяны, засопшыся, абапіраючыся на кій з пазалочанай макаўкай.

Зяновіч – чалавек гаваркі, рухавы, дзейны, але сёння на ягоным твары адбівалася няўпэўненасць, і гэта псавала яго звыклы выраз. Ён і сапраўды звычайна бываў такім, аднак раннія адведзіны і думка пра тое, як яго прымуць і сустрэнуць (а яго ведалі як вялікага прыхільніка Радзівілаў), азмрочвалі яго, таму на гэты раз ваявода быў у такім нязвыклым для яго замяшанні.

Аднак ледзь толькі Зяновіч паказаўся ў дзвярах і вымавіў першыя словы, як па сваёй прыроднай даверлівасці забыўся на трывогі і загаварыў весела, вольна і нязмушана.

– Вітаю паслоў міру і згоды! Вітаю жаданых гасцей у нашай сталіцы! Сэрцам і душой прымаем вас, мы чакалі вашага прыезду, як птушка каня дажджу! Вітаю вас, пан ваявода віцебскі, і вас, пан падскарбій! Як даехалі, як спалася? – салаўём рассыпаўся Зяновіч.

– Цудоўна! – адказалі браты.

– Мне дужа трэба было прывітаць вашых мосцяў, таму я, хоць на гадзінніку яшчэ, мабыць, толькі восем і не наступіў яшчэ час для адведзін, паспяшаўся ўбачыць дарагіх гасцей.

– Мы вельмі рады вам. Сядайце, пан ваявода!

– Сеў бы, нават калі б не запрасілі, бо захакаўся, пакуль узбягаў па прыступках. Што там новага ў Варшаве, як кароль?

– Дзякуй богу, здаровы.

– Пан Маціёўскі іп partibus – у будучым – віленскі біскуп?

– Ён ужо адрокся ад біскупства.

– У спадзяванні на кракаўскае?

– Магчыма.

– Добрая замена! Ну, а ці будзе ў нас мір?

– Спадзяёмся, – адказаў Андрэй Завіша. – Каралеўскія лісты…

– Усе іх паважаюць, але мала хто іх слухаецца! – перабіў яго Зяновіч. – Вось у чым уся бяда! Больш надзей на вашы ўгаворы, на сяброўскае пасрэдніцтва. Хадкевічы зусім з глузду з'ехалі! Як яны толькі адважваюцца, як пнуцца барукацца з Радзівіламі! Не тыя сілы, не тое ў іх багацце! Зруйнуюць іх, зруйнуюць краіну, а ўсё гэта падасць прыклад фатальны, няшчасны, жахлівы!

– Але ж не яны ўсю гэтую кашу заварылі?

– А навошта было парушаць дагавор?

– Дык, можа, той дагавор несправядлівы?

– Справядлівасць можна разумець па-рознаму. Такое часта бывае. Навошта тады было абяцаць, калі яны ведалі, што дагавор несправядлівы?

– Яны вінаватыя ў гэтым, але і Радзівілы таксама: навошта раззлавалі іх той судовай справай, давялі да крайнасці?

– Цяпер ужо няма іншага выйсця апрача добрага канца, бо вайны дапусціць нельга. Вайна канчаткова загубіць краіну! – усклікнуў Зяновіч. – Памірацца яны ці не, абы толькі не ваявалі!

– Мне здаецца, што да гэтага не дойдзе, – сказаў віцебскі ваявода. – Дзеля гэтага мы і прыехалі, каб не дапусціць горшага. I мы спадзяёмся, што хаця яны і далёка зайшлі ў сваіх спрэчках, але ўрэшце адумаюцца, зразумеюць, што яны давядуць да ўнутранай вайны. Можа, іх ахалодзяць лісты ад караля і ўгаворы сяброў.

– Дай жа Божа! – прамовіў Зяновіч і ўздыхнуў, але гэта можна было вытлумачыць і пачуццямі, і высокай лесвіцай у доме на Бакшце.

 

 

 

ЗМЕСТ

ТОМ I


Паздзел 1. УСТУП. ЛІТВА I ВІЛЬНЯ Ў 1599 ГОДЗЕ
Паздзел 2. У КАМЯНІЦЫ ЖМУДСКАГА СТАРАСТЫ
Паздзел 3. ЗБАН ВІНА
Паздзел 4. РАДЗІВІЛЫ I ХАДКЕВІЧЫ
Паздзел 5. У КАРДЫНАЛІІ
Паздзел 6. КАШТАЛЯН I КНЯЗЁЎНА
Пасляслоўе

ТОМ 2

Паздзел 1. ВЕСЦІ. НАРАДА ПАД РАТУШАЙ. ВОЙТ У РЭКТАРА
Паздзел 2. ДЭПУТАЦЫЯ МАГІСТРАТА
Паздзел 3. ТАМІЛА
Паздзел 4. КНЯЗЬ ЯНУШ У ПАЛАЦЫ ХАДКЕВІЧАЎ
Паздзел 5. ВОСТРАЯ БРАМА
Паздзел 6. АЙЦЫ ЕЗУІТЫ
Паздзел 7. ПАСЛЫ ЯГО ВЯЛІКАСЦІ КАРАЛЯ
Паздзел 8. ВАЕННЫЯ ПРЫГАТАВАННІ. КНЯЗЁЎНА
Паздзел 9. ЖМУДСКІ СТАРАСТА Ў ВІЛЬНІ

ТОМ 3

Паздзел 1. ПЯТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 2. У КАРЧМЕ МАЛЬХЕРА
Паздзед 3. ШОСТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 4. МІР АБО ВАЙНА?
Паздзел 5. ЧАКАЛІ ДА ПОЎНАЧЫ
Паздзел 6. ПРАЗ ДЗЕВЯЦЬ ГАДОЎ
Паздзел 7. ЛОЖА СМЕРЦІ
Паздзел 8. СЛУЦКІЯ КНЯЗІ

КАМЕНТАРЫ

Скачать книгу в формате PDF - 1,01 Mb