Том I. Паздзел 1. Уступ. Літва i Вільня ў 1599 годзе

Том I. Паздзел 1. Уступ. Літва i Вільня ў 1599 годзе

Адаму Завадскаму* ў знак сардэчнай дружбы ад аўтара

Гарадок, 16 траўня 1841 г.

 

Здаецца, не было ў Польшчы болей бурлівага ўладарання, чым у часы бяссільнага Жыгімонта III Ваза*. Пакуль не скончылася яго доўгае жыццё, ішла вайна, распачатая яшчэ ў часы Жыгімонта II Аўгуста*, стрыманая дужай рукой Стэфана Баторыя, ледзь не выйграная пры Уладзіславу IV шляхтай, якая дамагалася неабмежаванай і шкоднай для яе вольнасці. Слабасць Жыгімонта III, целам і душой якога валодалі езуіты, садзейнічала вайне: яна рабілася што далей, то болей гарачай, з усё болей невыразна бачным будучым. Краіна распалася і падзялілася на варожыя лагеры, ішла грамадзянская вайна, якая толькі аднойчы змагла стрымаць небяспеку, што пагражала краіне болей, чым усе іншыя небяспекі. Кароль, заўзяты католік, дазволіў духавенству, на чале якога стаялі езуіты, уцягнуць сябе ў барацьбу з іншаверцамі, павялічыў смуту і ўнутраны разлад у дзяржаве. Рэфармацыя была ўжо ў сіле і магла мець пад сабой грунт, бо пры Аўгусту, які імкнуўся абмежаваць уладу духавенства, яна разгарнулася, умацавалася. Пры Стэфану Баторыю*, які не падтрымліваў ніводзін бок і стаяў за многабожжа, яна не аслабела. Пасля прывілею Жыгімонта III* партыя католікаў была ўжо больш моцнай, і прыхільнікі новай веры ледзьве змаглі атрымаць дазвол на тое, каб без перашкод адпраўляць свае абрады, хаця біскуп Салікоўскі ў гарачцы рваў на грудзях кашулю, пагражаў ахвяраваць жыццём і годнасцю, але не даць волі ўсім веравызнанням. Лёгка зразумець, што паколькі ў часы прывілею Жыгімонта III каталіцкая і новая вера сталі бадай што роўнымі па моцы, прыхільнасць уладара да адной з іх непазбежна рабіла яе мацнейшай і важнейшай. З-за такой магутнай падтрымкі розным верам не давялося доўга паіснаваць у раўнапраўі. Езуіты*, чый уплыў быў такі вялікі, а значэнне такое важнае, з усіх сіл стараліся настроіць караля супраць пратэстантаў і ўрэшце дамагліся гэтага. У выніку Жыгімонт III, прыняты ў іх ордэн, іх пакорлівы слуга, якому яны ўмелі дагадзіць, улагодзіць ці застрашыць, даваў згоду на ўсё, чаго яны хацелі. Нечага было і думаць пра вяртанне рэфарматараў* (хаця і так многія з іх пачалі вяртацца да каталіцкай веры) да прызнання праваслаўя. Неаднойчы, да таго ж без поспеху, унія* падводзіла да думкі пра веру новую і лепшую. Пасылалі ў Рым біскупаў з сабранымі ў Брэсце подпісамі. З усяго гэтага быў вялікі розгалас, а вынікам сталася ўзмацненне уніі, якая да таго існавала толькі на паперы. Вядома і тое, што верхавенства гэтага веравызнання было вельмі моцна настроена супраць уніі, што гнёт, прычынай якога былі езуіты, абудзіў усеагульнае незадавальненне. Пачалося ўзмоцненае праследаванне праваслаўных вернікаў, іх пачалі выжываць, уніяты асаджалі храмы, з дапамогай зброі захоплівалі манастыры, пазбаўлялі грашовай дапамогі, усяляк схілялі да прыняцця уніі. Аднак з таго было мала толку: праследаванне не абуджае веры, уціск не пераконвае. Падобнага праследавання з боку каталіцка-езуіцка-каралеўскага лагера не мінулі і прадстаўнікі іншых веравызнанняў, іх лік апошнім часам памножыўся. Не адважваючыся на адкрытае змаганне, усе іншаверцы бачылі тое і спрабавалі падаць адзін другому рукі. Гэта была цудоўная ідэя, але толку ад яе было таксама мала: без адзінства веры, хаця іх і злучала агульная небяспека, не магло быць усеагульнай згоды, адзінства намаганняў і нейкай канкрэтнай справы. Нават не дбаючы пра духоўнае адзінства, усе разнаверцы: праваслаўныя, евангелісты*, пратэстанты, арыяне* і іншыя ўсё ж заснавалі ў Вільні ў 1599 годзе канфедэрацыю. Узначалілі яе самыя прадстаўнічыя разнаверцы Польшчы і Літвы. Гэтая канфедэрацыя мела на мэце junktis viribus – сумеснымі сіламі – паўстаць супраць пагрозлівага наступу прыхільнікаў каталіцызму; паўстаць супраць жорсткага праследавання, абараняцца ад яго. Канфедэраты абвясцілі, што не дапусцяць злоўжыванняў, што нават выступяць са зброяй у руках супраць нашэсця і прыцяснення з боку каталіцкага духавенства. У гэтым саюзе адкрыліся ўсе раны, ад якіх пакутавалі, заклікалі да ўсеагульнай абароны, прызначылі ўпаўнаважаных для назірання за недатыкальнасцю кірхаў, цэркваў і пратэстанцкіх абшчынных памяшканняў, каб не дапусціць у краіне грамадзянскай вайны. Дзвесце прадстаўнікоў шляхты ўвайшлі ў тую канфедэрацыю: князі Астрожскія, Сангушкі, Вішнявецкія, Карэцкія, Ражынскія, Горскія, Саламарэцкія, Пузыні, Радзівілы, Глебавічы, Галоўчынскія сталі на чале яе; прадстаўнікоў Польшчы было меней, і сярод іх было мала ўплывовых асоб. Зразумела, што канфедэрацыя тая аказалася бяссільнай, амаль нічога не зрабіла для дастойнага адпору каталіцка-каралеўскаму ўціску. У барацьбе за рэлігійныя свабоды гэты саюз шляхты мала што зрабіў, а вось развал у краіне павялічыў і яшчэ больш выразна падзяліў на два варожыя лагеры католікаў і прыхільнікаў іншых веравызнанняў. Радзівілы і князі Астрожскія ўзначалілі адзін з іх, кароль, езуіты, Хадкевічы, Мнішкі, Сапегі – другі.

Варта хоць крыху акрэсліць становішча краю ў той час, каб лепш зразумець тое, пра што будзе гаварыцца далей.

Так і было ў 1599 годзе – шляхта падзялілася на два лагеры: адным кіраваў кароль, другім – уплывовыя прадстаўнікі іншых веравызнанняў. Спачатку ў Літве з прычыны марудлівых дзеянняў Жыгімонта Аўгуста, які хацеў абмежаваць уладу духавенства і даў больш свабоды іншаверцам, лік іх быў больш значны, а кіраўнікі больш радавітыя. Мела значэнне і немалая колькасць прыхільнікаў праваслаўя, яна павялічвала лагер пакрыўджаных. Некалькі пазней, у часы Жыгімонта III, Сапегі, Радзівілы, Астрожскія і іншыя перайшлі ў каталіцтва. У 1599 годзе больш моцным быў лагер канфедэрацыі, многа слабейшым – лагер каталіцкі, на чале якога стаялі любімыя каралём Хадкевічы.

Вільня, сталіца Літвы, была ў самым вогнішчы гэтай вайны, што распачалася з усталяваннем тут езуітаў. Да іх тут мелі перавагу разнаверцы, але пры Стэфану і ў гэты час, калі толькі пачыналася ўладаранне Жыгімонта III, католікі пад кіраўніцтвам езуітаў набралі сілу і вялі рэй. Хто цяпер не ведае, што для езуітаў была добрая любая зброя, любыя спосабы барацьбы, абы толькі яны прынеслі ім перамогу? Сіла, здрада, нагавор, грошы – усё без разбору дапамагала ім ваяваць, і яны рабіліся ўсё больш моцнымі, усё больш уплывовымі, усё больш небяспечнымі. Калі першыя з іх ордэна з'явіліся ў Вільні, кучы смецця і гною ляжалі каля архіпрэсвітэрыянскага касцёла Святога Яна, а спеў псалмоў у суседняй царкве заглушаў нясмелыя галасы грыгарыянскіх кантаў каталіцкіх ксяндзоў. Прайшло не вельмі шмат часу, і на рыначнай плошчы кат ужо кідаў у агонь кнігі іншаверцаў! Пачаліся нападзенні на цэрквы, у святароў кідалі каменнямі, бо за некалькі гадоў рэфарматары аслаблі і не маглі абараняцца. Уніяты адбіралі цэрквы і манастьфы ў праваслаўных, калі ж Трыбунал* па справядлівасці асудзіў іх дзеянні, кароль скасаваў дэкрэт і стаў тым самым на іх бок. Увесь час на вуліцах, цвінтарах, у дзвярах цэркваў ішлі крывавыя сутычкі за памяшканні храмаў, біліся ў прыдзелах цэркваў, прыступкі алтароў былі завалены трупамі, католікі перамагалі. Паступова падупалі друкарні пратэстантаў, паменшалі прыбыткі, разнаверцы паслаблі духам, можа, таму, што адчулі сваё бяссілле перад незлічонымі сіламі і разнастайнымі спосабамі барацьбы езуітаў, якія з дапамогай падману, забойстваў, хітрасці (ды ці мала чаго яшчэ!) упарта ішлі да дасягнення сваёй мэты.

Аднак у 1599 годзе, калі пачынаецца дзеянне нашай аповесці, у той час, калі канфедэрацыя разнаверцаў толькі заснавалася, вайна ў Вільні яшчэ не пачалася, яшчэ ў сіле былі прадстаўнікі новых веравызнанняў, яшчэ трымаліся ў цэрквах праваслаўныя, яшчэ ў храмах на ўвесь голас спявалі Евангелле і друкавалі кнігі, яшчэ змаганне было ў самым зародку, і, хаця было відаць як на далоні, хто пераможа, слабейшы бок не траціў надзеі. Без надзеі на перамогу няма вайны. Несправядлівасць з боку каталікоў расла, скасаванне прывілеяў, указаў, свабод паддавала імпэту, таму што гвалт, крыўда патрабавалі помсты, давалі надзею на Божую дапамогу. Народ у Вільні быў часткова каталіцкі, часткова – рускі, русіны* хіліліся да канфедэрацыі, і горад адпаведна падзяляўся паводле веры. Нават месцы ў магістраце былі падзеленыя; на чале яго стаяў войт магдэбургскай юрысдыкі* Мацей Барымінскі, сілай навязаны гораду каралём. Выбары прадстаўнікоў магістрата паказвалі, што і тут езуіты карысталіся вялікім уплывам: выбіраліся пераважна католікі, спрабавалі нават зусім не дапусціць іншаверцаў, а праваслаўных, якім розныя прывілеі давалі месцы ў радзе і ў судзе, замянілі уніятамі. Гэта адносілася да цэнтра горада, тут была юрысдыка ратушы, але ж Вільня, як і іншыя гарады, мела не адну ўладу, а гэта заўсёды было не на карысць гораду. Некалі дадзеныя біскупам, капітулу, мніхам кавалкі зямлі і пабудовы надавалі ім і права вольна распараджацца імі, а тым самым падзялялі горад на незлічоныя часткі, кожная з якіх сама па сабе мела сваё кіраўніцтва і свае правы.

Такім чынам, у адным горадзе было некалькі мясцін з рознымі правіламі кіравання. Суддзі ледзьве пагаджаліся на некаторыя агульныя пункты правіл, але яны часцей варагавалі, чым імкнуліся да згоды. Не дзіва, што парадку не было, а злоўжыванні – незлічоныя. Цэхавыя рамеснікі мелі небяспечных канкурэнтаў – тых партачоў, якія не ўваходзілі ў цэхі, не мелі апекі, зямлі, юрысдыкі біскупа, а гандлявалі вольна. Валацугі, зброднікі, баючыся суда, збягалі пад апеку якойсьці з такіх мясцовых юрысдык, карысталіся іх аховай, часам бывала так, што яны былі непадлеглыя суду, калі не жылі ў пэўным месцы, калі ж прыпісваліся і жылі там, то іх мелі права схапіць і судзіць. Штодня ўзнікалі новыя спрэчкі, новыя звады. Магістрат не меў поўнай улады, таму шляхта, ваяводы, старасты, святары чынілі, што ім уздумаецца. Апрача галоўнай ратушнай юрысдыкі была яшчэ і замкавая, якой кіраваў ваявода, ён меў падваяводаў: біскупскага, капітулавага, манаскага, мітрапаліцкага і іншых. I ўсе як хацелі, так і кіравалі ў сваіх вотчынах, збіралі падаткі, яны мелі свае месцы ў ратушы і суды, сваіх войтаў. Габрэі падпарадкоўваліся Статуту, і падваяводам, хаця жылі пад уладай гарадской юрысдыкі; відаць, гэта было ім больш выгадна, бо яны ўвесь час спасылаліся на Статут, а бараніліся ад магдэбургскага права.

Магістрат, які быў заснаваны Жыгімонтам Аўгустам і меў многа свабод, не валодаў дастатковай сілай для таго, каб супрацьстаяць бяспраўю. Раз-пораз яму даводзілася апеляваць да караля, звяртацца да яго за дапамогай, часцей за ўсё безвынікова; а ўрэшце ён цярпеў і маўчаў, часцяком аддаючы перавагу ўласнаму спакою, закрываючы вочы на бяспраўе.

Над духавенствам, як мы ўжо згадвалі, верхаводзілі езуіты. З самага свайго з'яўлення яны займалі высокае становішча, а пры Жыгімонту III, які ва ўсім падпарадкоўваўся ім, і зусім сталі на чале каталіцкага духавенства. Віленскі капітул, некалі адзіны заступнік веры, цяпер падпарадкоўваўся ім і займаўся толькі пытаннямі ўнутранага кіравання, справамі каталіцкай адміністрацыі, маёмасці, будынкаў. Ніхто не займаў пасаду біскупа, тут панавала безначалле. Паколькі ліцвіны былі абражаны прызначэннем паляка Маціёўскага, устаноўчы ліст якога быў з пячаццю польскай канцылярыі, то яны, спасылаючыся на свой прывілей, згодна з якім толькі ліцвін мог займаць найвышэйшую пасаду ў літоўскім біскупстве, не прынялі Маціёўскага і заявілі, што калі спатрэбіцца ўзяць у рукі зброю, то яны возьмуцца і за зброю, але будуць стаяць на сваім. Маціёўскі ваяваць не хацеў, біскупства было незанятым, хаця патаемна рабіліся спробы прыняць прызначанага, але толку ад таго не было, і нарэшце ў наступным годзе Маціёўскі, пераканаўшыся ў марнасці сваіх надзей, адступіўся ад пасады. А да таго духоўнае кіраўніцтва епархіяй было ў намесніка з капітула.

Ваяводам быў адзін з самых уплывовых разнаверцаў князь Крыштаф Радзівіл*, кашталянам заўзяты католік Геранім Хадкевіч*, параднёны з ім. Яны як быццам і сябравалі, але іх сяброўства азмрочвалася нейкімі даўнімі фамільнымі спрэчкамі, і паміж імі не было не тое што даверу, а нават добразычлівасці, толькі ўзаемная халодная ветлівасць.

Такім было становішча ў Вільні ў канцы XVI стагоддзя – знешні выгляд, здавалася, нібы адпавядаў ягонаму ўнутранаму стану, яскрава адбіваючы тыя звады, спрэчкі і адсутнасць згоды, якія былі тады характэрнымі для Вільні.

Гэта быў ужо досыць вялікі горад, з прадмесцем, забудаваным асобнымі домікамі бяднейшых гараджан, падобнымі на літоўскія нумы*, ужо дзе-нідзе аздабляўся і вылучаўся белымі і чырвонымі мураванкамі. Праз Вілію быў перакінуты Зялёны мост, на Лукішках ззяла месяцам татарская мячэць, пабудаваная даўно, яшчэ ў часы Вітаўта. Татары таксама зведалі пераследы, іх нішто не абараняла апрача законаў, бо канфедэраты не прынялі іх як не хрысціян і непрыхільнікаў Хрыста. Іх бы проста не зразумелі, калі б яны далучыліся да няверных.

Як мы ўжо згадвалі, горад падзяляўся на некалькі юрысдык. Галоўнейшая з іх – ратушная, яна месцілася ў гмаху ратушнай вежы з гадзіннікам і невялікімі бакавымі вежамі. Ратуша высілася над рынкам галоўнага горада, у самым яго сэрцы, з чатырох бакоў яе абступалі крамы, дзе выстаўляўся на продаж самы розны тавар. Тут былі мясныя лаўкі, лаўкі са стракатымі тканінамі, дарагімі сукнамі, тут прадаваліся вырабы з жалеза, футры, соль, скуры, словам, усё, што прадаецца і купляецца. Тут гандлявалі на разнос, стаялі вазы рамеснікаў, месціліся шаўцы з абуткам, сталяры, прадаваліся крупы, соль, ласункі і іншае. Крамы багатых купцоў былі рассыпаны па горадзе, але самыя заможныя мелі магазіны і пад ратушай. Над крамамі, латкамі, натоўпам гандляроў і пакупнікоў высіліся з абодвух бакоў ратушы як напамінак пра пакаранне і суд, пра ўладу магістрата, слуп ганьбы, які ў народзе называлі Пілатам, і шыбеніца. Калісьці каля іх пахаджваў адмыслова апрануты гарадскі кат або магістр са сваімі слугамі.

На рынку каля ратушы віраваў натоўп гандляроў і пакупнікоў, асабліва тлумна было ў своеасаблівых гарлавінах, цесных і цёмных, якія служылі ўваходамі ў крамы, там цікавалі зладзеі – вочы іх пільна ўзіраліся ў сумку неасцярожнага шляхціца, у скураны кашэль старой матроны, кішэню слугі.

Пад ратушнай вежай сядзелі работнікі, падзёншчыкі з піламі, сякерамі, рыдлёўкамі, тачкамі, чакаючы, ці не нойме іх хто-небудзь на работу. Паблізу вісела шыльда з вялізнымі нажніцамі – там была гарадская цырульня; у розных кутках рынку яшчэ ліпелі прыватныя цырульні, але неўзабаве манаполія адным махам змяла іх. У ніжніх памяшканнях ратушы таксама былі крамы, гарадскі вінны склад і склад тавараў. Тут былі вагі і васкабойня, а ў верхніх пакоях – памяшканні рады і ваяводскага суда, дзе адзінай аздобай служыў партрэт нядобрай памяці Жыгімонта Аўгуста. Там размяшчаліся таксама архіў і гарадская казна пад мноствам замкоў, ключы ад якіх віселі на поясе пана бургамістра. На вежы адбіваў час гадзіннік, ніжэй была жалезная галерэя, спецыяльна для музыкаў, якія ў час вялікіх святаў дзённа і ночна ігралі для гарадскога люду вясёлыя народныя мелодыі.

Пры рынку сяліліся купцы; было тут і некалькі праваслаўных храмаў. Злева Пятніцкая царква, пабудаваная на месцы старой камяніцы, справа – царква Святога Мікалая, нябачная з вуліцы, яе засланіла мноства дамоў, толькі яе макаўкі цягнуліся да неба – своеасаблівы знак адносін да тых вернікаў, якія яе наведвалі. Крыху бліжэй стаяў стары запушчаны Евангелічны сабор. За ратушай пачыналася так званая Нямецкая вуліца – адтуль у горад ішлі габрэі, там часцей чым дзе можна было сустрэць тутэйшых сыноў Ізраіля ў чорным і габрэяў-іншаземцаў у белых строях, што цягнуліся аж па зямлі. Там, за ратушай, стаялі дзве камяніцы, якія называлі Рай і Пекла. Вуліца вяла далей, туды, дзе высілася стаўрапігіяльная* Свята-Духаўская царква і пры ёй манастыр. З правага боку ад яго стаялі гасцініца рускіх купцоў і праваслаўны Свята-Троіцкі манастыр, заснаваны некалі вялікім князем Канстанцінам Астрожскім. За царквой Святога Духа вяла ўніз вузенькая вулачка, дзе злева на прадмесці пазней быў пабудаваны манастыр кармелітаў.

На Нямецкай вуліцы, гэтак жа, як і каля ратушы, заўжды было шмат народу, але там быў страшэнны бруд. З расчыненых на вуліцу крам і харчэўняў выглядвалі пажоўклыя твары габрэяў; на сценах дамоў былі відаць пісягі ад памыяў, якія вылівалі на вуліцу; паміж кучамі гною і смецця, што ўзвышаліся аж да першых паверхаў, было ні прайсці ні праехаць. Пасярод вуліцы разлягалася чорнае смуроднае балота, якое ніколі не прасыхала. Па баках былі пакладзены дошкі, затаптаныя прахожым і праезджым людам, які з цяжкасцю прабіраўся паміж лужын і смецця. Дамы ўздоўж Нямецкай, а таксама Мясной і Шкляной вуліц, дзе жылі габрэі і дзе месцілася больш за ўсё крамаў, былі высокія, чорныя, брудныя, часта з навіслымі над вуліцай балконамі і галерэямі, там вісела доўгімі шэрагамі мокрая бялізна і адтуль на галовы прахожых ліліся смярдзючыя памыі. I ноччу і ў прысмерках ніхто не адважваўся туды хадзіць адзін, кожны імкнуўся абмінуць цёмныя завулкі і вуліцы, на якіх жылі габрэі.

Калі ж ісці ад ратушы да замка, то тут усё выглядала іначай – было святлей, побач з драўлянымі дамамі стаялі палацы, касцёлы, цэрквы, корчмы і пастаялыя двары. Тут было нашмат чысцей і менш габрэяў. Тут праязджалі карэты і павозкі, вершнікі, прыдворныя, наёмнікі і каморнічныя магнатаў, тут хадзілі святары, якіх часцяком зневажаў угневаны іншаверац. З правага боку тут стаяў вялікі палац князёў Астрожскіх, а палац Хадкевічаў, пабудаваны так, што выходзіў на дзве суседнія вуліцы, рэстаўрыраваўся. Недалёка ад яго ў тым самым радзе стаяла старадаўняя царква Багародзіцы, здавалася, што яна вось-вось разваліцца: яе жоўтыя сцены патрэскаліся ад часу, месцамі былі пашкоджаны злой рукой. Далей вуліца развіналася больш шырока, асабліва там, дзе з левага боку высіліся палац Радзівілаў і новы касцёл езуітаў. Адтуль аж да замка з двух бакоў ішлі маленькія домікі капітульнай юрысдыкі, непрыгожыя і брудныя. Адсюль недалёка было ўжо і да замка. Асабліва тлумна і цесна было каля Замкавай брамы. З правага боку грукаталі і шумелі каралеўскія млыны, злева сядзелі прадаўцы рознай жыўнасці на заказ, і так аж да самай Замкавай брамы. Той, хто сюды прыходзіў, мог бачыць разлеглыя сцены Ніжняга замка. Ён быў дужа вялікі, таму не вельмі прыгожы; было відаць, што збудаваны ён не за адзін год і не аднымі рукамі, што ў ім ляжыць камень Аўгуста і шведскі мармур Жыгімонта II. Замак падзяляўся на тры вялікія часткі, кожная з іх абнесена сцяной, з левага боку ўпрытык да адной з іх стаяў кафедральны замкавы касцёл Святога Станіслава з вялікім высокім дахам і вежамі. Непадалёк ад яго знаходзіліся гарматня і маленькія домікі саміх артылерыстаў. Былі тут і турмы, тут засядаў сам падваявода, спадчыннік замка пасля Жыгімонта Аўгуста. Тут месцілася і замкавая ваяводская юрысдыка. Над сценамі Ніжняга замка на гары ўзвышаліся пацямнелы вялізны касцёл Святога Марціна і вежы Верхняга замка, моцна папсаванага часам. А яшчэ далей на гары былі відаць тры крыжы і невялікая белая вежа на Бекішавай магіле, яна нагадвала труну выгнанца, які не знайшоў супакаення на могілках і разам з Вадашам Панончыкам спаў вечным сном на высокай гары. З боку ракі над замкам узвышалася вежа, якую называлі ліхтарнай. Далей ішла дарога на Антокальскае прадмесце. Амаль пусты і нежылы замак падваявода займаў пад турмы і склады. Тут не было такога руху і ажыўлення, як ля ратушы, бо ў замку з часоў Жыгімонта Аўгуста ніхто не жыў. А пры ім каля гэтых сцен віравала жыццё, яны былі такія новыя, так хораша выглядалі! Ажыўляла замкавы падворак толькі суседства з касцёлам, першым у Вільні па колькасці вернікаў, яго чорныя дахі з крыжамі панавалі над замчышчам.

Вуліца, што пачыналася ад Езуіцкага калегіума, называлася Свята-Духаўская, вяла да Троцкай брамы. На ёй стаялі толькі палацы магнатаў, таму яна мела яшчэ назву Сенатарская. З правага боку, крыху воддаль у садзе, высіўся палац біскупа, ён стаяў каля Езуіцкіх муроў, а за ім – капліца Святога крыжа. Далей – касцёл Святога Духа, а каля яго дзвярэй – будкі бедных жабракоў. З другога боку стаялі шпіталь Святой Тройцы і вялікі палац Сапегаў. За ім – іншыя палацы. Калі ж дайсці да вуліц, якія перасякалі Сенатарскую – Нямецкай і Віленскай, то можна ўбачыць касцёл Святой Марыі на пясках, з вялікім кляштарам, а за імі ўглыбіні была Троцкая брама. Тут сядзелі і бралі плату за ўваход гарадскія стражнікі, з імі лаяліся, а часам нават біліся тыя, хто прыязджаў у горад. Яна нават не выглядала як брама: з невялікімі вежамі, з памяшканнямі на некалькі вокнаў уверсе, але з моцнымі варотамі, набітымі цвікамі. Яна часам зачынялася на ланцуг, як і Зялёны мост.

Каля Зялёнага моста рух і людскі тлум былі не меншымі, чым у самім горадзе. Тут габрэі ішлі на свае могілкі, тут у горад правозілі збожжа, сена, драўніну. За ўвоз бралася плата, з-за яе часам усчыналіся спрэчкі. Адсюль з шумам ехала ў горад шляхта, яна звычайна не хацела плаціць, толькі палохаючы стражнікаў злосным выглядам і звонам шаблі. З гэтага боку быў большы напор людзей, а стары мост, які з аднаго боку і пасярод быў абсаджаны дрэвамі, ледзьве вытрымліваў наплыў тых, хто ішоў і ехаў па ім. На ноч мост перагароджвалі ланцугамі. Каля моста некаторыя перапраўляліся на лодках, каб не плаціць пошліну, на лодках жа габрэі перавозілі на могілкі сваіх нябожчыкаў.

Так выглядалі розныя часткі гэтага горада, у якім будзе адбывацца дзеянне большай часткі нашай аповесці. Мы ўжо звярталі ўвагу на тое, што нават сваім выглядам горад нібы даваў зразумець, што ў ім ідзе барацьба: тут стаялі побач касцёл і царква, касцёл і мячэць, пабудовы дзяржаўныя і храмы, халупы і палацы. Габрэі перамешваліся тут з ліцвінамі, ліцвіны з рускімі, шляхта з гараджанамі, хрысціяне з мусульманамі, татары з сялянамі, купцы з панамі і князямі. Як жа было ім тут усім ужыцца, як было не спрачацца?

Мы не далі апісання некаторых частак горада не толькі таму, што вернемся да іх у нашай аповесці далей, але і таму, што ў іх не было нічога асаблівага. Згадаем хіба што пра Антокальскае прадмесце, якое ляжала за замкам і было ў той час не дужа заселена і забудавана. З правага боку там выдзяляўся невялікі палац Вяршупскага і агарожаны Звярынец, а з левага – некалькі невялікіх палацаў Удалечыні віднеўся невялікі драўляны касцёл Святога Пятра, які толькі крыжам вылучаўся сярод іншых пабудоў, здаваўся хутчэй крамай, чым касцёлам. Ён стаяў на тым самым месцы, што і цяперашні, у цені высокіх старых ліп. За ім бялеў вялікі палац Пацаў, а далей – прыгожыя палацы Сапегаў з агароджамі і купкай дробных дамкоў каля іх. У прадмесці было зусім ціха, спакойна. I наадварот, больш за ўсё крыку і тлуму было каля Троцкай брамы, Рудніцкіх варот і Зялёнага моста. Пры Вострым канцы на гасцінцы, які называўся Медніцкім, было зусім іншае жыццё. У гэтым месцы жылі пераважна рускія, іх лёгка было адрозніць ад усіх іншых па адзенні; тут блукалі сонныя мніхі і чарняцы*, хадзілі купцы з Масквы і Цверы. Іх гасцініца, пра якую мы ўжо ўспаміналі, стаяла нібы на варце непадалёк ад двух прыгожых гмахаў – царквы і манастыра.

У самай гушчыні горада, у яго цесных завулках, панаваў яшчэ большы беспарадак, чым на вялікіх вуліцах. Там ужо амаль што нельга было не тое што прайсці, але нават праціснуцца каля куч гною і смецця, наваленых з двух бакоў у варотах кожнай камяніцы, трэба было асцерагаючыся хадзіць каля дамоў з балконамі, адтуль часта вылівалі брудную ваду і памыі. На такіх вулачках і жыла пераважная большасць гараджан – у старых мураваных дамах, у драўляных клетках, што туліліся часта пры шыкоўных палацах. Тут можна было ўбачыць жабракоў з брацтва міласэрнасці, валацуг, зброднікаў, падшывальцаў, гультаёў, вельмі своеасабліва апранутых, з розных мясцін, тут ашываліся абшарпаныя жанчыны, якія насміхаліся з прахожых, лаяліся з імі. Ноч тут бывала сведкай рабункаў і таемных забойстваў. Тут панавалі распуста і разбой, прычынай іх часта былі беднасць, нястача.

На ўсіх вуліцах, побач з густа рассыпанымі крамамі, пад бокам у палацаў і касцёлаў, адчынялі свае дзверы пад шыльдамі шынкі і пастаялыя двары. Гх усюды было мноства, лёгка было знайсці іх па тлуме каля дзвярэй, па вывешаных у акне мерах, па выстаўленых абаранках і белым хлебе. Каля варот больш багатых пастаялых двароў можна было ўбачыць вершнікаў, падарожных з конямі на повадзе, дробную шляхту. Панства рэдка калі спынялася нанач на пастаялых дварах, бо мела або свае палацы ў гарадах, або карысталася гасціннасцю сваіх даўжнікоў ці сяброў. Дробныя шынкі, з якіх на вуліцу даносіліся крыкі, сварка, тужлівы голас скрыпкі або пісклівы гук кобзы, спеў заезнага татарына, былі любімым месцам адпачынку самых нізкіх слаёў грамадства. Большасць шынкоў трымалі габрэі. У іх прадавалі піва і гарэлку, рэдка дзе мёд. Адной з самых прыстойных лічылася гасцініца маскоўскіх паслоў, пры ёй быў вялікі шынок; калі паслоў не было, тут спыняліся і падарожныя. Усе пастаялыя двары адрозніваліся адзін ад другога шыльдамі, імёнамі гаспадароў, малюнкамі на аканіцах. Яны былі рассыпаны па ўсім горадзе, і гэта было вельмі зручна для прыезджага люду. Самым распаўсюджаным знакам, які паказваў, што ў тым ці іншым месцы знаходзіцца карчма, шынок або пастаялы двор, была шыльда з галінкай зялёнай сасны на даху ці над дзвярыма. На пастаялых дварах звычайна былі закусачныя, трымалі іх і асобныя гаспадары на Скопавай вуліцы, у іншых месцах, лепшыя і горшыя, але заходзілі туды паесці хіба толькі жабракі, больш-менш заможная шляхта ў тыя часы паўсюднай гасціннасці заўсёды знаходзіла стол, накрыты для яе амаль у кожным доме. Месцамі агульнага адпачынку былі таксама лазні, самыя прыстойныя з іх трымаў горад. У лазнях прадавалі і пачастункі; тут жа была і цырульня, у яе акне блішчэлі медныя талеркі, сюды заходзілі пагаварыць, пабрыць галаву і бараду.

Рамеснікі вывешвалі на сваіх майстэрнях не малюнкі, а прылады сваёй працы або вырабы: кравец – нож, шавец – боты, сталяр – маленькую труну. Шыльды шынкоў трапляліся так часта, што часам не мінеш і двух дамоў, як натрапіш на малюнак зялёнай галінкі. Менш было вінных лавак, ды яны і служылі для больш заможных грамадзян.

У прадмесцях, за гарадскімі сценамі, рэдка можна было сустрэць прыстойнага, багата апранутага гараджаніна, там жыла бедната ў напаўзакапаных у зямлю халупах, палову месца ў якіх займала скаціна, а ў другой курэў смуродны дым. Адсюль ішлі абшарпаныя жанчыны, мужчыны ў чорным ці шэрым адзенні з сякерай або пілой на плячах. Адсюль малочніцы неслі ў горад сыр, масла, малако. Тут жылі бедныя гандляры. На вуліцах прадмесця блукала многа скаціны – кароў, свіней. Пры хатах там і сям квітнелі сады, буялі рознай расліннасцю агароды – яны забяспечвалі жыхароў Вільні гароднінай. У прадмесцях Вільні і Трокаў жылі пераважна бедныя татары – яны таксама займаліся агародніцтвам і жывёлагадоўляй для патрэб горада.

Аднак даволі апісанняў, надышоў час пачаць нашу аповесць.

 

 

 

ЗМЕСТ

ТОМ I


Паздзел 1. УСТУП. ЛІТВА I ВІЛЬНЯ Ў 1599 ГОДЗЕ
Паздзел 2. У КАМЯНІЦЫ ЖМУДСКАГА СТАРАСТЫ
Паздзел 3. ЗБАН ВІНА
Паздзел 4. РАДЗІВІЛЫ I ХАДКЕВІЧЫ
Паздзел 5. У КАРДЫНАЛІІ
Паздзел 6. КАШТАЛЯН I КНЯЗЁЎНА
Пасляслоўе

ТОМ 2

Паздзел 1. ВЕСЦІ. НАРАДА ПАД РАТУШАЙ. ВОЙТ У РЭКТАРА
Паздзел 2. ДЭПУТАЦЫЯ МАГІСТРАТА
Паздзел 3. ТАМІЛА
Паздзел 4. КНЯЗЬ ЯНУШ У ПАЛАЦЫ ХАДКЕВІЧАЎ
Паздзел 5. ВОСТРАЯ БРАМА
Паздзел 6. АЙЦЫ ЕЗУІТЫ
Паздзел 7. ПАСЛЫ ЯГО ВЯЛІКАСЦІ КАРАЛЯ
Паздзел 8. ВАЕННЫЯ ПРЫГАТАВАННІ. КНЯЗЁЎНА
Паздзел 9. ЖМУДСКІ СТАРАСТА Ў ВІЛЬНІ

ТОМ 3

Паздзел 1. ПЯТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 2. У КАРЧМЕ МАЛЬХЕРА
Паздзед 3. ШОСТАГА ЛЮТАГА
Паздзел 4. МІР АБО ВАЙНА?
Паздзел 5. ЧАКАЛІ ДА ПОЎНАЧЫ
Паздзел 6. ПРАЗ ДЗЕВЯЦЬ ГАДОЎ
Паздзел 7. ЛОЖА СМЕРЦІ
Паздзел 8. СЛУЦКІЯ КНЯЗІ

КАМЕНТАРЫ

Скачать книгу в формате PDF - 1,01 Mb