Прыкметы – у жыцці і для жыцця

Прыкметы – у жыцці і для жыцця

14.03.2018

Ураджэнец вёскі Вялікая Сліва Слуцкага раёна пісьменнік Валер Санько амаль паўстагоддзя вывучаў беларускі фальклор (англійскае folklore – народныя веды, народная мудрасць). Фальклорныя матывы ён нярэдка выкарыстоўвае ў сваіх творах як неад"емны складнік развіцця той ці іншай сюжэтнай лініі, паводзін дзеючых асоб у розных жыццёвых сітуацыях.

Асабліва цікавіць нашага земляка такі жанр фальклору, як прыкметы і павер"і. І гэта нездарма, бо, як лічыць В. Санько, «яскравае адчуванне паўнаты жыцця, пастаянны росквіт духоўных і фізічных магчымасцяў у сябе і блізкіх немагчымыя без аналізу, вывучэння з"яў прыроды, значыць – прыкмет… Прыкмета навучае беларуса мужнай прыстойнасці, вяртанню да першароднага дабрадзейства, засцерагае нават прайдзісвета, генетычнага тупака. Вучыць. Як рабіла тысячагоддзі. Яна заберагае нацыю ў цэлым, развівае індывіда, калі той жадае вучыцца, мае схільнасць і волю да вучобы».

Свае назіранні і вывады наконт шматлікіх прыкмет В. Санько ўпершыню найбольш поўна прадставіў у сваёй чарговай кнізе, якая называецца «Жыць – прыкметы вучыць». Яе напрыканцы 2017 года тыражом у 300 экзэмпляраў выпусціла ў свет аўтаномнае аддзяленне Міжнароднай грамадскай арганізацыі «МАЭН». МАЭН – гэта Міжнародная Акадэмія энергаінфармацыйных навук, членам-карэспандэнтам якой, дарэчы, з"яўляецца В. Санько.

Праз усю кнігу ён праводзіць ідэю аб тым, што ўважліваму чалавеку прыкмета дапамагае назіраць за раслінамі, жывёламі, праявамі прыроды, «асвятляе жыццёвыя пошукі і здзяйсненні кожнага. На карысць уласных продкаў, народа, самога шукальніка».

Аўтар сабраў, сістэматызаваў і падзяліўся з чытачамі сваімі думкамі наконт прыкмет пра «ганебшчыну сучасся – лаянку, курава, п"янства, татуіроўкі». Вось назвы некалькіх раздзелаў кнігі: «Ніколі не мацюкаліся славянцы», «Татуіроўка – кляймо на скуры і біяполі», «Культурнае піцейства – некультурнае самазнішчэнне», «Курыць – пляваць на Неба, Сонца і Зямлю».

Удумайцеся толькі ў такія радкі з кнігі: «Адзін курэц за год знішчае працу двух вялікіх дрэў. Вытвораны імі кісларод тытунёўшчык спальвае… Іншых абкурваеш – грэшыш. Выходзіш дыміць у туалет, на лесвіцу, у хаце не курыш – не выкручвайся, твае лёгкія ўвесь час дыхаюць тытунём, нікацінам, крэноламі, усё выдыхаеш на кватэру. Змушваеш крэўных дыхаць тваім смуроддзем». А ці ведаеце, што лёгкія 50-гадовых курцоў зношаныя, як у 80-гадовых некурцоў?

Пісьменнік і доктар народнай медыцыны В. Санько даводзіць чытачам не толькі шкоднасць вышэйназваных людскіх звычак, але і непатрэбнасць утрымання сабак і катоў у гарадскіх кватэрах, карысць і шкоду мабільных тэлефонаў, наўтбукаў, інтэрнэту. Пры гэтым для аргументавання сваёй пазіцыі выкарыстоўвае шматлікія цікавыя факты, узятыя з навуковых прац і сродкаў масавай інфармацыі.

У кнізе нямала старонак адведзена размове аўтара з чытачамі па пытаннях веры і нявер"я, самазабойства і парушэння помнікаў, устаноўкі крыжоў каля дарог. Гэтаму прысвечаны апавяданні «Крыж пры дарозе», «Грэх рушыць помнікі», «Самазабойства – грэх апраметны». Напрыклад, у апошнім з названых апавяданняў мастацкімі сродкамі расказваецца пра старажытныя славянскія прыкметы, звязаныя з самазабойствам чалавека – з"явай, якую ў нашым сучасным грамадстве нельга назваць рэдкасцю. Аўтар спадзяецца на тое, што «прачытае хто задумаў гэта (самазабойства – А. Ж.) – жахнецца пакарання Тагасвецця, адумаецца, не палезе ў пятлю або пад цягнік, застанецца жывы, будзе працаваць, дзяцей выхоўваць».

Не толькі гэта апавяданне, але і ўся кніга В. Санько «Жыць – прыкметы вучыць» прасякнута жыццесцвярджальнасцю. І таму справядліва сказана ў анатацыі, што яна прызначана «для масавага чытача». Але не магу не ўдакладніць: было б выдатна, каб яе прачыталі найперш маладыя людзі, тыя, хто яшчэ не ўцягнуўся ў п"янства і курэнне, у брыдкаслоўе, хто задумваецца пра сваё здароўе, пра будучыню сваю і сваіх родных, сваёй краіны.

Паспрыяць гэтаму могуць кніжныя магазіны, а таксама бібліятэкі, займеўшы кнігу ў сваіх фондах. Дарэчы, мінскі магазін «Акадэмкніга» прапануе пакупнікам некалькі экзэмпляраў кнігі В. Санько «Жыць – прыкметы вучыць».

І напрыканцы – некалькі народных выказванняў пра прыкметы:

Прыкмеце – надзея, слову – вера, хлебу – мера, капейцы – лік.
Тое бывае, чаму прыкмета навучае.
Малады без прыкметы – сталы без лёсу.
З прыкметаю цяжка, без яе невыносна.
Доля з прыкметаю хаўрусуе.
Старая прыкмета малады закон падпірае.
У прыкмету вер, розуму не выракайся.


 

 

Анатоль ЖУК